Беларусы ў Варшаве адзначылі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну (фота)
27 лістапада сябры “Беларуская Нацыянальнай Памяці” наведалі магілу Цімафея Хведашчэні. Яна знаходзіцца на Паўночных могілках польскай сталіцы.
Каля магілы сябры арганізацыі запалілі знічы і ўзнялі беларускія сцягі. Акцыя была прымеркаваная да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, удзельнікам якога быў Хведашчэня.
Хведашчэня ваяваў з бальшавікамі ў Беларусі пад камандаваннем Булак-Балаховіча. Пасля паразы Слуцкага паўстання 1920 года ён падаўся ў беларускую партызанскую арганізацыю “Зялёны дуб”, дзе стаў атаманам. Пазней ён перабраўся ў Польшчу і адтуль рабіў узброеныя вылазкі ў Беларусь, занятую бальшавікамі. Аднак улады Польшчы не вельмі давяралі Хведашчэню — яго некалькі разоў арыштоўвалі. Праз нейкі час ён пасяліўся ў Белавежы.
Падчас Другой сусветнай вайны Хведашчэня ўзначальваў Беларускае аб’яднанне ў Белавежы і быў дырэктарам беларускай школы. Пасля вайны нейкім чынам беларускі атаман стаў польскім палкоўнікам. У 1947 годзе яго арыштавалі новыя ўлады і вызвалілі толькі ў 1954-м. Памёр Хведашчэня ў 1977 годзе.
Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе-снежні 1920 года.