“Белавія”: На рэйсе з Вільні можа быць і 9 пасажыраў. Але гэта ўсё адно выгадна
Паводле даследаванняў Forbes, беларускі авіяперавозчык “Белавія” абганяе нават знаных еўрапейскіх калег паводле крытэру “якасць-кошт паслуг”. Але ці зможа айчынны перавозчык сёлета парадаваць пасажыраў і таннымі квіткамі, і якасцю паслуг, і новымі, цікавымі маршрутамі? Пра гэта гаворка з намеснікам гендырэктара авіякампаніі “Белавія” Ігарам Чаргінцом.
Еўрарадыё: Ці плануе “Белавія” акцыі накшталт той, што была на 20-годдзе кампаніі, калі ўсе квіткі прадаваліся па 20 еўра?
Ігар Чаргінец: Гэта ўжо стала палітыкай нашай авіякампаніі. Летась мы актыўна праводзілі акцыі, будуць яны, безумоўна, і сёлета. Рыхтуемся праводзіць іх — нядоўга засталося чакаць. Але пакуль канкрэтную дату я называць не хачу — хутка аб’явім. Акцыя будзе на квіткі на ўсе нашы рэгулярныя рэйсы. Прычым, беручы да ўвагі ўведзены бязвізавы рэжым, набываць квіткі па акцыі можна будзе як з вылетам з Мінска, так і з замежных аэрапортаў. Што праўда, не буду абяцаць, што будзе магчымасць менавіта за 20 еўра набыць квіток. Бо і летась, калі была наша першая такая акцыі з нагоды святкавання 20-годдзя, 20 еўра квіток у выніку не атрымліваўся. 20 еўра — гэта быў наш тарыф, але да яго дадавалася такса аэрапортаў, і таму ў большасці выпадкаў атрымлівалася крыху больш за 20 еўра. Паўтарацца сёлета мы не будзем, фармат акцыі будзе зусім іншы. І акцыя будзе не адна цягам года — яны будуць розныя і з рознымі ўмовамі. Трэба чакаць! І чакаць засталося нядоўга: мы хутка будзем прымаць рашэнне.
Еўрарадыё: Ведаю, што і чартарныя перавозкі для тураператараў вы робіце таннейшымі…
Ігар Чаргінец: Акурат цяпер завяршаецца фармаванне летняй праграмы палётаў па ўсіх тураператарах. І ўжо цяпер я магу сказаць, што кошт пералёту ў межах пакетнага тура, рэалізацыяй якога займаецца тураператар, ужо другі год запар адчувальна таннее. Для тураператара. Наколькі таннее, сказаць не магу, бо гэта камерцыйная таямніца. Але мы робім кошт пералёту для тураператара меншым у спадзяванні на тое, што тураператар зробіць таннейшым кошт самога турыстычнага пакета, куды ўваходзіць і пералёт, і кошт гатэля, і трансфер і гэтак далей. Спадзяюся, што кошт пуцёўкі зменшыцца, але гэта ўжо не ад нас залежыць.
Еўрарадыё: Чым яшчэ плануеце нас здзівіць найбліжэйшым часам?
Ігар Чаргінец: Ужо 27 красавіка мы адкрываем новы рэгулярны рэйс Мінск — Брусель. Адкрыем у гэтым годзе Ерэван. І па шэрагу кірункаў павялічваем частату рэйсаў. Да прыкладу, летам штодзень будуць рэйсы ў Парыж. Можна будзе паляцець, папіць кавы, агледзіцца, паслухаць музыку і вярнуцца. Два, а то і тры разы на тыдзень будзе лётаць самалёт у Палангу — летась быў адзін рэйс на тыдзень.
Еўрарадыё: Ці адчула “Белавія” на сабе дзеянне бязвізавага рэжыму?
Ігар Чаргінец: Яшчэ зарана ацэньваць у нейкіх адсотках, грашах, называць канкрэтныя лічбы. Безумоўна, гэтыя турысты ёсць, безумоўна, гэта не нейкі там “вал” — павелічэнне ў два разы, на 50 ці на 30 адсоткаў. Да ўсяго, скажам, турыстаў з Італіі і Германіі больш, чым з якіх іншых краін. Але мы ўпэўненыя, што працэс будзе развівацца. Трэба рабіць адпаведныя захады ў чаканні гэтых турыстаў і авіяперавозчыкам, і перавозчыкам наземным, і усёй нашай турыстычнай галіне. Каб турагенцтвы людзям маглі прапанаваць цікавыя маршруты па Беларусі, гатэлі — добрыя паслугі, рэстараны — цікавыя меню. І гэтак далей.
Еўрарадыё: Прызнайцеся шчыра — “Белавія” лабіравала прыняцце гэтага рэжыму? Бо толькі тыя, хто ляціць самалётам, мае права знаходзіцца ў Беларусі 5 дзён без візы.
Ігар Чаргінец: Вы думаеце, што “Белавія” — гэта нейкі монстр, які можа прымаць вялікія рашэнні альбо лабіраваць іх? Не, натуральна. Мы бралі ўдзел у абмеркаваннях па пытанні ўвядзення бязвізавага рэжыму, неаднаразова ўдзельнічалі ў размовах у консульскім аддзеле Міністэрства замежных спраў Беларусі, у Міністэрстве спорту і турызму, іншых ведамствах. Проста мы маем досвед працы ў іншых краінах, бачым, як нешта такое працуе там, і выказвалі сваё меркаванне, давалі парады. Не, безумоўна, гэта выгадна “Белавіі”, але гэтак жа гэта выгадна і для Нацыянальнага аэрапорта, і для замежных авіякампаній, якія выконваюць палёты ў Беларусь. Бо яны таксама карыстаюцца гэтым бязвізавым рэжымам — ад грошай і пасажыраў ніякая нармальная авіякампанія ніколі не адмаўляецца. Я думаю, што гэты бязвізавы рэжым дазволіць прыцягнуць у нашу краіну новыя авіякампаніі.
Еўрарадыё: Дык, можа, у нас і лоўкосты нарэшце з’явяцца?
Ігар Чаргінец: Бязвізавы рэжым робіць нашу краіну прыцягальнай для любых авіякампаній незалежна ад іх веравызнання — традыцыйная гэта авіякампанія альбо лоўкост! Калі колькасць пасажыраў павялічваецца, гэты кірунак робіцца прыцягальным для нізкабюджэтных авіякампаній. І таму магчыма, што праз нейкі час і лоўкосты да нас прыйдуць. Ніхто ж не кажа, што гэта немагчыма. Вунь, адзін лоўкост у нас выконвае палёты, але гэта такая “кампанія выхаднога дня” — рэйсы выключна тады, калі ім хочацца і пераважна летам.
Еўрарадыё: Усё ж гэта яны самі пакуль сюды не ідуць, а не, да прыкладу, па просьбе “Белавіі” іх не пускаюць у беларускае неба?
Ігар Чаргінец: “Белавія” займаецца сваімі надзённымі пытаннямі: стратэгіяй развіцця, развіццём транзітных і трансферных перавозак. Да прыкладу, летась мы перавезлі 2 мільёны 488 тысяч пасажыраў і з іх 1 мільён — транзітныя пасажыры праз аэрапорт “Мінск-2”. Сёння транзітныя пасажыры — наша мэта. І тут мы ніяк не перасякаемся з лоўкостамі. Таму неяк перашкаджаць ім прыходзіць сюды нам проста не патрэбна.
Еўрарадыё: Маршрутаў у “Белавіі” цяпер шмат, але ці ўсе яны выгадныя? Бо часам у самалёце на Вільню ляціць толькі некалькі пасажыраў…
Ігар Чаргінец: Так, бывае, што і 9 ці 10 пасажыраў у салоне віленскага рэйса, а бывае, што палова салона занятая. Сапраўды, не ўсе рэгулярныя маршруты авіякампаніі прыбытковыя. І для чаго нам тады тая ж Вільня? Справа ў тым, што там мы атрымліваем транзітных пасажыраў у Казахстан, Грузію, Расію і нават у Заходнюю Еўропу — Прагу ці Берлін. І калі браць у суме, гэта атрымліваецца дастаткова прыбытковым для авіякампаніі.
Еўрарадыё: Даволі часта ў сацсетках чытаеш аб прэтэнзіях да якасці абслугоўвання пасажыраў вашай кампаніяй. А той жа Forbes сцвярджае, што па суадносінах “кошт-якасць” паслуг вы апярэдзілі шэраг сусветнавядомых авіякампаній…
Ігар Чаргінец: Бываюць эмацыйныя крытычныя выказванні, якія амаль цалкам беспадстаўныя. Але бываюць прэтэнзіі да паслугі, якую прадстаўляе авіякампанія, цалкам абгрунтаваныя. Згубілі, да прыкладу, багаж ці не падабаецца харчаванне альбо яго адсутнасць падчас палёту. Тут жа пытанне ў тым, як на гэта рэагаваць. Можна па савецкім прынцыпе: “Не падабаецца — не бярыце!” А можна, калі патрабаванні слушныя і законныя, іх аналізаваць і спрабаваць нешта рабіць. Мы спрабуем ісці гэтым шляхам, хоць і не заўжды ўсё атрымліваецца.