Бергер: "Самае цікавае на расійскай сцэне як правіла з Беларусі"
Пра тое, чаму Міхалком зацікавіўся "Газпрам", калі выходзіць новы альбом і кліп Ляпісаў і чаму Drum Ecstasy выходзяць на расійскую сцэну.
Еўрарадыё паразмаўляла з PR-мэнэджэрам "Ляпис Трубецкой", Noize MC, Zorge, "Воплi Вiдоплясова", Wasp'n'Hornet, Drum Ecstasy Аляксандрам Бергерам.
Як беларускія музыкі здабываюць сцэны краін СНД? Размова з PR-мэнэджэрам Ляпісаў. via Euroradio
Еўрарадыё: Аляксандр, якія планы вы маеце на гурт "Drum ecstasy"?
Аляксандр Бергер: Планы, натуральна, стаць лепшым гуртом на зямлі, зарабіць кучу грошай.
Еўрарадыё: А як жа Ляпісы?
Аляксандр Бергер: Ляпісы ўжо лепшы гурт на зямлі. Павінна быць нейкая ратацыя? Мяне б задаволіла, калі б усе гурты, з якімі я працую, ўваходзілі ў дзясятку розных чартаў. Я жартую. З іншага боку, я ніколі не працую з гуртамі, якія мне не цікавыя ці не сімпатычныя. Ні за якія грошы я не буду піяриць тое, што мне самому не падабаецца. Тут я магу быць абсалютна сумленным, у маім асабістым хіт-парадзе тыя гурты з якімі я працую, яны ў гэту дзясятку ўваходзяць. Тое што тычыцца "Drum ecstasy" я даўно сачыў за гэтым гуртом, не аднойчы мы перасякаліся, праз "Ляпісаў", у свой час я здымаўся ў "ТТ-34" дапамагаў Жэні, і там "Drum ecstasy" таксама ўдзельнічалі ў некаторых канцэртах. Разам мы ніколі не працавалі, і я ведаў толькі адзін бок "Drum ecstasy" - самую яскравую і гучную - барабанныя і электронныя канцэрты, калі іскры ляцяць. Нядаўна мы пагутарылі з Філіпам - (лідарам гурта), і ён распавёў мне пра іншыя праекты, якія мне падаліся не менш цікавымі чым тое, што адбываецца на вялікіх фэстах. Я толькі зацвердзіўся ў той думцы, што з гэтым гуртом ёсць куды рухацца ў Расіі.
Еўрарадыё: Філіп напісаў, што гурт "Drum ecstasy" заахвоціла, тое што вы зараз піяр-дырэктар, прагу нажывы. Вы думаеце яны будуць добра прадавацца ў краінах СНД?
Аляксандр Бергер: У іх ужо ёсць нейкая свая ніша. Гэта гурт, ідэальны для вялікіх мерапрыемстваў, "оpen air", для фестываляў, для эвентаў. Часта менавіта такога бракуе. Ёсць шмат гуртоў барабаншчыкаў: хтосьці на бочках грае, хтосьці яшчэ на чымсьці, але ўсе яны другасныя. Тое што мне падабацца ў "Drum ecstasy" тое, што яны могуць зрабіць выдатнае шоў і сапраўды выступаць на нейкіх эвентах, і ў той жа час яны сапраўдныя музыкі гэта значыць, яны могуць выступаць і сольна.
Еўрарадыё: А можа быць, ужо ёсць пэўныя замовы? Новы год набліжаецца - можа хтосьці хоча "Drum ecstasy" да сябе запрасіць?
Аляксандр Бергер: Ёсць некаторая колькасць замоў на навагоднія святы, але яны ўсё зробленыя да таго, як мы ударылі па руках з Філіпам. Такія снежаньскія канцэрты планіруюцца з верасня, а мы дамовіліся супрацоўнічаць толькі два тыдні таму. Я не магу абяцаць. Усё гэта было запланавана раней іншымі людзьмі.
Усе вы пытаеце пра навагоднія карпаратывы, а гэта не тое, дзеля чаго я пачынаю працаваць з музыкамі. Мне цікава іх прасоўваць для максімальна шырокай аўдыторыі, і ў выпадку з "Drum ecstasy" гэта такі цікавы "experience", таму што з самага пачатку зразумела, што гэта гурт, які не можа трапіць на радыё, гурт, які наўрад ці трапіць на музычныя каналы са сваімі кліпамі, проста за кошт незвычайнага фармату музыкі. Але затое ёсць маса іншых варыянтаў на мяжы поп-музыкі, і можа нават сучаснага мастацтва, я ўжо думаю пра нейкія галерэі, пра цэнтры сучаснага мастацтва, перфомансы не звязаныя з поп-музыкай. Мне падаецца, "Drum ecstasy" можа так знайсці сваё месца ў Расіі.
Еўрарадыё: А "Газпрам" не запрашаў да сябе на Новы год?
Аляксандр Бергер: "Газпрам" браў інтэрв'ю ў Сяргея Міхалка. Гэта было два гады таму. Мне патэлефанаваў чалавек, сказаў што ён рэдактар карпаратыўнага часопіса кампаніі "Газпрам", і ён вельмі жадаў узяць інтэрв'ю ў Міхалка. Мы былі настолькі здзіўленыя, што пагадзіліся. Часопіса мы ў вочы не бачылі. Мы далі інтэрв'ю яно выйшла, але дзе гэты часопіс распаўсюджваецца, дзе яго шукаць?.. Цікавасць з боку гэтых таварышаў ёсць.
Еўрарадыё: Інтарэс яшчэ ўзнікае ў фанатаў Ляпіса Трубяцкога. Яны пытаюцца, чаго чакаць ад Ляпісаў у 2012.
Аляксандр Бергер: Новага альбома. Новых кліпаў. Альбом будзе не раней восені, але сапраўды будзе. А новыя песні і кліпы з'явяцца нават раней. Увесну будзе відэа адной з новых песень і можа нават нешта да новага году пакажам. У якасці падарунку.
Еўрарадыё: Навагодні падарунак ад Ляпісаў?
Аляксандр Бергер: Мы такое практыкавалі. Яшчэ гадоў дзесяць ці восем таму, калі не было youtube і facebook, а была толькі база мэйлаў нашых слухачоў на новы год мы рабілі рассылку па гэтай базе . Былі эксклюзівы. Напрыклад, як Міхалок спявае новую песню на кухні пад гітару. Нешта падобнае будзе і ў гэты раз.
Еўрарадыё: Давайце зараз па "Wasp'n'Hornet", гэта гурт, якім вы заняліся зусім нядаўна. Які поспех у хлопцаў у краінах СНД?
Аляксандр Бергер: Я заняўся імі зусім нядаўна, а вы пытаецся, які поспех. Поспех не можа здарыцца за месяц ці два. Пакуль у нас стадыя напружанай і моташнай працы па новых праектах.
Гурт тут амаль ніхто не ведае. "Drum ecstasy" больш вядомыя, але таксама апошнія гады не свяцілася на расійскіх мерапрыемствах. Калі летам гэтага года мае гурты будуць граць на буйных фэстах у Расіі, ва Ўкраіне - вось гэта поспех. Гэта тое, да чаго мы імкнёмся. Гурт цалкам лёгка канвертуецца ў еўрапейскую канцэртную гісторыю. Таму што "Wasp'n'Hornet" - праект , "Drum ecstasy" метальны праект. Пра "Wasp'n'Hornet" ёсць добрыя навіны - праз тыдзень выходзіць дэбютны альбом, на лэйбле "Союз-м'юзик" гэта самы аўтарытэтны інды-лэйбл Расіі, на якім апошнія альбомы Ляпісы выдавалі і Ленінград і куча артыстаў сапраўды цікавых не папсовых выдаюць свае альбомы менавіта на "Саюз-м'юзик". Вось мы таксама з імі падпісаліся. праз тыдзень будзе альбом. Праз дзесяць дзён будзе прэзентацыя альбома ў Піцеры. Мы пачалі з Піцера, потым, да новага года зробім Мінск , потым Кіеў, і недзе ў лютым Масква. Вось такія планы.
Еўрарадыё: Гэта ўжо поспех.
Аляксандр Бергер: Гэта не поспех, гэта праца. Тое што тычыцца поспеху - у новым нумары часопіса "Billboard", які выйшаў у лістападзе, быў вялікі матэрыял, рэцэнзія на гурт "Wasp'n'Hornet". Іх альбом выйшаў, і ўжо хваляць. Гэта прыемна.
Еўрарадыё: Аляксандр, а беларуская музыка стала больш папулярнай ў краінах СНД пасля гэтага скандалу і пераезду Сяргея Міхалка ў Маскву, і пасля таго, як ён выклаў відэа са сваёй новай кватэры? Усё гэта вельмі горача абмяркоўвалася. Сталі ім больш увагі надаваць?
Аляксандр Бергер: Я не думаю, што гэтая падзея неяк паўплывала на рост папулярнасці беларускай музыкі. Я не ўхваляю слова "папулярнасць". Папулярны Філіп Кіркораў і Мікалай Баскаў, Стас Міхайлаў і Алена Ваенга. Вось хто папулярны. Калі мы кажам пра незалежную музыку, пра інды-музыку, пра альтэрнатыўную музыку - тут для мяне важны паказчык -- меркаванне паважаных мной музычных выданняў, музычных крытыкаў. Гэта катэгорыя людзей апошнія пару гадоў вельмі вялікую ўвагу надае беларускай музыцы. Нават склалася такое ўражанне, што калі штосьці новае, цікавае, свяжае з'яўляецца на рынку - яно прыходзіць з Беларусі. Але, на жаль, гэта вельмі далёка ад масавага прызнання.