БНТУ пра новых студэнтаў-атамшчыкаў: Будзем паўтараць фізіку і матэматыку
Прахадныя балы на факультэт энергетычнага будаўніцтва Тэхнічнага ўніверсітэта здзіўляюць. 152 балы трэба набраць, каб вывучыцца на будаўніка цеплавых і атамных электрастанцый. За год бал знізіўся на 61, нават выкладчыкі здзіўляюцца.
"Ужо другі год у нас дзейнічае сістэма дадатковых заняткаў па матэматыцы і фізіцы, каб крыху падцягнуць. Ёсць прапанова цэлы семестр аддаць пад паўтарэнне фізікі і матэматыкі, школьнага курса", — шчыра апісваюць мне праблему на факультэце энергетычнага будаўніцтва.
Выкладчыкі ўпэўніваюць, што да пятага курса студэнты ці выпраўляюцца, ці адсейваюцца на сесіі. І нават запрашаюць паслухаць, як выпускнікі абараняюць свае дыпломныя. Ім яшчэ на беларускай АЭС працаваць. Сёлета туды адпускаюць мінімум шэсць чалавек. Канкурэнцыі за месцы менавіта на БелАЭС паміж студэнтамі няма.
"Як мінімум шэсць чалавек размеркаваліся непасрэдна на будаўніцтва. Але іншыя таксама могуць туды трапіць, іх арганізацыя можа быць падрадчыкам".
Ва ўніверсітэты, дзе вучыўся Лукашэнка, бяруць з 218 і 149 баламі
Прахадны бал на "гісторыка-грамадазнаўца" ў Магілёве за год зніжаецца на 69 балаў, на эканаміста ў Горках — на 25 балаў.
Выпускнік БНТУ Дзмітрый працуе на АЭС ужо два гады. Размеркаванне заканчваецца, але інжынер хоча застацца на працы, усё задавальняе.
"Заробак 6 мільёнаў (600 рублёў), жыллё далі. На размеркаванні многія ў Мінску хацелі застацца, таму шукалі сабе самі. А я захацеў на АЭС, канкурэнцыі не было. Пакуль я вучыўся, у нас трох чалавек выключылі з 30. А калі паступаў, прахадны быў 252", — згадвае Дзмітрый.
Ілля з сертыфікатам у 198 балаў толькі што паступіў на "будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый" у БНТУ. Пра кар'еру атамшчыка пакуль не думае.
"У мяне сябра заканчваў гэты факультэт і пасля добра ўладкаваўся ў Расіі. Пасля гэтай спецыяльнасці можна будзе знайсці працу як на будоўлі звычайнай станцыі, так і на будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Паступаць нескладана было, відаць, самай складанай была фізіка, я здаў яе на 33", — апісвае Ілля.
І для агульнага ўзроўню па краіне такі вынік нядрэнны! Па матэматыцы ў Іллі 45 балаў. У 2021 годзе, калі ён выпусціцца, беларускую АЭС ужо мусяць дабудаваць.
Апроч БНТУ будучых атамшчыкаў рыхтуе БДУ, на фізічным факультэце ёсць спецыяльнасць "ядзерная фізіка і тэхналогіі". Прахадны бал сёлета — 167, не нашмат абагналі БНТУ. Кожны год з гэтага факультэта 6-8 чалавек забіраюць на будучую беларускую АЭС.
"Яны адбіраюць, размаўляюць з імі. Могуць узяць не выдатніка, а харашыста. Бо ён больш адпавядае па іншых якасцях", — апісваюць у БДУ. І запэўніваюць, што троечнікаў АЭС не забірае.
Дзіўна, чаму тады падчас будаўніцтва АЭС "корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, даткнуўшыся да зямлі".