Больш за палову французаў падтрымліваюць увядзенне войскаў у Сірыю
У той час у Берліне адмаўляюцца ад “другаснай ролі” у французскай палітыцы і гнуць сваю лінію.
Адна з галоўных тэм апошніх дзён: магчымае ўвядзенне войск у Сірыю, адкуль паступілі сігналы аб выкарыстоўванні хімічнай зброі. У еўрапейскіх краінах да правядзення вайсковай аперацыі ставяцца па-рознаму. Напрыклад, 54% французаў падтрымліваюць умяшанне сілаў ААН. Крыху менш, але таксама нямала, 40%, згодныя на ўдзел у аперацыі французскіх войскаў. Нядаўна да прымянення сілы ў Сірыі заклікаў і міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус. Еўрапейскі рэдактар BBC Гавін Х’юіт піша:
“Толькі ў англічан і французаў ёсць сродкі і жаданне далучыцца да вайсковай аперацыі. У апошні час у ЗША ціха заклікаюць і падштурхоўваюць немцаў, каб тыя ўзялі на сябе больш актыўную кіруючую ролю ў глабальных справах”.
Сапраўды, Германія не рвецца са зброяй у Паўночную Афрыку, а апошнім часам спрабуе праводзіць самастойную палітыку ў дачыненні да рэгіёна, які традыцыйна знаходзіцца пад французскім уплывам, піша Der Spiegel:
“Францыя тлумачыць апошнія ваенныя ўмяшанні гуманізмам і барацьбой з тэрарызмам, а таксама абаронай мясцовага насельніцтва і французаў. Немцы ж замест французскага сэнсу бачаць у рэгіёне багатую здабычу і інфраструктурныя кантракты”.
Паводле Der Spiegel, Германія пачала адхіляцца ад пазіцыі французскага кіраўніцтва ў 2011 годзе, калі яе дыпламаты выключылі ўвядзенне сваіх войскаў у Лівію незалежна ад рэзалюцыі Савета бяспекі ААН. Таксама выданне прыгадвае дыпламатычнае супрацьстаянне 1991 года, калі Германія прызнала незалежнасць Харватыі, а Францыя і Вялікабрытанія, якія спачатку былі супраць, усё ж саступілі. Але гэта, наўрад ці, азначае, што Германія падтрымае “сірыйскія ініцыятывы” Францыі цяпер. І нават выбары, што хутка адбудуцца ў Германіі і якія, хутчэй за ўсё, пераможа кааліцыя дзеючага канцлера Ангелы Меркель, наўрад ці, зменяць расклад.
Der Spiegel: “Мэты Германіі заўважна выдзяляюцца і сігналізуюць контррэвалюцыйную пазіцыю ў адносінах да актыўнай пазіцыі Францыі. Ніводная з кааліцый, якая можа сфарміравацца пад кіраўніцтвам Меркель пасля вераснёўскіх выбараў, не зменіць свайго стаўлення па гэтым пытанні”.
Пакуль Германія супраціўляецца, іншыя пачалі рыхтавацца. Брытанская прэса паведамляе пра павелічэнне колькасці вайсковых самалётаў на кіпрскай базе, адкуль да Сірыі 105 кіламетраў. Цікава, ці звязана гэта з заявай міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Уільяма Хэйга аб тым, што вайсковая аперацыя супраць Сірыі можа пачацца нават без санкцыі ААН. Тым часам амерыканскія вайскоўцы кажуць, што гатовыя ўвесці армію ў Сірыю, калі атрымаюць такі загад ад прэзідэнта Барака Абамы.