"Брудная бомба": чым думаюць расіяне, адкрываючы агонь на тэрыторыі АЭС?

На месцы абстрэлу "Радона" / facebook.com/MNS.GOV.UA
На месцы абстрэлу "Радона" / facebook.com/MNS.GOV.UA

"Расійскія войскі папалі снарадам у месца захавання радыеактыўных адходаў у Кіеве". Так 27 лютага СМІ пісалі пра інцыдэнт каля спецкамбіната "Радон". Крыху пазней высветлілася, што "невядомы аб'ект" упаў побач са сховішчам і радыяцыйны фон не павялічыўся.

— Калі пачнецца абстрэл пляцоўкі камбіната "Радон", то пры добрым сцэнары, можа, нічога страшнага і не адбудзецца. Пры дрэнным сцэнары гэта брудная бомба, — расказвае ў інтэрв'ю Еўрарадыё эксперт Расійскага сацыяльна-экалагічнага саюза Андрэй Ажароўскі. — Разбураецца сховішча, і радыенукліды распыляюцца над тэрыторыяй. Небяспечныя радыеактыўныя рэчывы разносяцца паветрам. Таксама яны могуць трапіць у пітную ваду, у прадукты харчавання, і такім чынам павялічваецца рызыка дозавай нагрузкі на насельніцтва.

Эксперт падкрэслівае, што звычайна ў такіх сховішчах радыеактыўныя рэчывы знаходзяцца ў цвёрдай фазе. Гэта значыць, што радыус уздзеяння будзе непараўнальна меншы, чым пры аварыях на АЭС.

“Грязная бомба”: чем думают россияне, открывая огонь на территории АЭС?
Ратавальнікі на месцы абстрэлу "Радона" / facebook.com/MNS.GOV.UA

Хто адкажа за Запарожскую АЭС?

На думку Андрэя Ажароўскага, самае трывожнае цяпер — гэта не інцыдэнт з "Радонам", а сітуацыя на Запарожскай АЭС, калі загарэўся адзін з будынкаў на яе тэрыторыі.

— Была перастрэлка з ужываннем не толькі стралковай зброі, але і артылерыйскіх сістэм, — нагадвае эксперт. — У выніку дзеянняў Узброеных сіл Расіі Украіна страціла кантроль над станцыяй, якая працавала. Няясны нават статус гэтага вельмі небяспечнага аб'екта. Хто за яго нясе адказнасць перад міжнароднай супольнасцю? Ва Украіны яе адабралі, а Расія не бярэ яе на баланс. "Расатам" жа не заявіў, што "ў палку расійскіх атамных станцый прыбыло".

“Грязная бомба”: чем думают россияне, открывая огонь на территории АЭС?
Запарожская АЭС / npp.zp.ua

Ці абараняе канструкцыя ЗАЭС рэактар станцыі ад абстрэлу?

— Энергаблокі закрытыя ахоўным каўпаком, але гэта не бронекаўпак. Гэта не фартыфікацыйны будынак, — кажа Андрэй Ажароўскі. — Пры пападанні буйнакаліберных артылерыйскіх сістэм ахоўная абалонка разбураецца. Разбураецца яе змесціва, яе контур. Магчыма, пашкоджваецца корпус рэактара. І калі АЭС знаходзіцца ў рабоце, як гэта было на Запарожскай станцыі, то пад вялікім ціскам змесціва першага контуру рэактара выходзіць у навакольнае асяроддзе.

Калі яна будзе працягваць працаваць, то яна будзе ўяўляць небяспеку. Нават калі яна проста зараз спыніцца, усё роўна там шэсць рэактараў і сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва. Пры дрэнным сцэнары гэта нашмат больш небяспечна, чым кіеўскі могільнік [сховішча "Радона". — Еўрарадыё].
 

На пападанне "Боінга" не разлічаная

Пасля рэйдарскага захопу расіянамі ЗАЭС расійскі эксперт па ядзернай энергетыцы Аляксей Анпілогаў заявіў, што "гермаабалонка па інжынерным праекце вытрымлівае прамое падзенне самага буйнога пасажырскага лайнера Boeing-747 з усім запасам паліва". Маўляў, што там артылерыйскі стрэл, калі нават "Боінг" не можа нашкодзіць Запарожскай станцыі.

— Я лічу, што гэтыя ацэнкі — частка прапагандысцкай вайны, — адказвае Андрэй Ажароўскі. — У нас ёсць дакументацыя як па станцыях праекта ВВЭР-1000 [вода-вадзяны энергетычны рэактар. — Еўрарадыё], пра якую мы гаворым, так і па самай найноўшай расатамаўскай устаноўцы ў Беларусі — ВВЭР-1200.

Дакументы "Расатама" прамымі словамі кажуць, што гермаабалонка станцый найноўшага тыпу можа вытрымаць пападанне самалёта масай не больш чым 5,7 тоны. Усе гэтыя казкі пра "Боінг" бяруцца з таго, што "Расатам" выпускаў рэкламныя праекты і казаў, што мы можам пабудаваць такую станцыю. Але ні адной такой гермаабалонкі, прынамсі пабудаванай "Расатамам", не існуе. "Эксперты" маглі б азнаёміцца з дакументацыяй па станцыі перад тым, як удзельнічаць у кампаніі па дэзынфармацыі.

“Грязная бомба”: чем думают россияне, открывая огонь на территории АЭС?
Скрыншот з камеры на Запарожскай АЭС

Еўрарадыё праверыла словы Андрэя Ажароўскага. АЭС новага пакалення тыпу ВВЭР-1200 (БелАЭС) вытрымлівае сутыкненне з самалётам вагой 5,7 тоны, які ляціць з хуткасцю 100 м/с. Пра пападанне 180-тоннага Boeing-747 гаворкі не ідзе.

— Ніколі ў свеце раней такога не было, каб краіна з развітой ядзернай інфраструктурай, такая як Украіна, зазнавала буйнамаштабную ваенную атаку. І добрых ацэнак з разлікамі пра тое, "што ж будзе, калі снарад трапіць у той ці іншы аб'ект", я не бачыў. Проста таму, што іх ніхто не рабіў. Тое, што цяпер учыняе расійскае войска на тэрыторыі Украіны, — гэта неймаверна, — жахаецца Андрэй Ажароўскі.

Запарожская атамная электрастанцыя — найбуйнейшая ў Еўропе. Яна складаецца з шасці энергаблокаў ВВЭР-1000. Першы энергаблок быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1984-м, а шосты — у 1995 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі