Будаўніку падсунулі не тую дамову, і ён “пазычыў” начальніку 16 000 долараў

Будаўніку падсунулі не тую дамову, і ён “пазычыў” начальніку 16 000 долараў

Тройку мінскіх будаўнікоў нанялі рабіць сцяжку ў сталічным навабудзе па вуліцы Платонава, 23. Справа адбывалася восенню 2013 года. Мінібрыгада павінна была цягам двух месяцаў пакласці сцяжку на васьмі паверхах будынка.

Рабочыя працавалі нават з апераджэннем графіка. Мінула паўтара месяца, вось-вось павінны былі выплачваць першыя заробкі. Рабочыя да тае пары зрабілі сцяжку на сямі паверхах з васьмі. За ўсё брыгадзе мусілі заплаціць каля 160 мільёнаў рублёў. Тады гэта было блізу 16 тысяч долараў.

Грошай рабочыя не атрымалі і па сёння.

Будаўніку падсунулі не тую дамову, і ён “пазычыў” начальніку 16 000 долараў

Як наймаць людзей і не плаціць ім заробкі

Тэарэтычна, дырэктар фірмы “Савладстрой”, які наняў брыгаду, мог увогуле нічога не плаціць. Справа ў тым, што з будаўнікамі перад пачаткам працаў не была падпісаная дамова падраду.

“Дырэктар М. сказаў, што дамовы будуць заключаныя пазней, бо хварэе бухгалтар. Гэта з боку кіраўніка парушэнне, але мы верылі яго шчыраму слову, — адзначае кіраўнік брыгады Сяргей Перадня.

Такім чынам, дамова так і не была падпісаная.

Як кажа Перадня, дырэктар фірмы, якая яго наймала, тлумачыў, што грошай няма, бо ў сваю чаргу, не разлічыўся замоўца ўсёй будоўлі — фірма “Гедрюсюнит”. А калі на сітуацыю звярнулі ўвагу праваахоўнікі, кіраўніцтва будоўлі выставіла версію, што сцяжку ўкладвала не брыгада Сяргея Перадні, а зусім іншыя людзі. Хоць праваахоўнікі не пабачылі ні гэтых людзей, ні дамоваў падраду, з імі заключаных.

Але ці можа брыгада рабочых працаваць на аб’екце незаўважна? Натуральна, знайшліся сведкі і дакументы, якія сталі пацвярджэннем, што сцяжку рабілі менавіта Перадня і яго калегі. Напрыклад, іх пастаянная прысутнасць на аб’екце фігуруе ў так званай “Кнізе ўліку выдачы ключоў”.

“Калі б не гэтая кніжка, гэта справа ўвогуле развалілася б! У гэтай кнізе прысутнічаюць іх прозвішчы. Ім выдаваліся ключы, яны там працавалі”, — пацвярджае Еўрарадыё гэтую інфармацыю Сяргей Барысевіч, які падчас будаўніцтва быў памочнікам прараба.

Калі Перадня пачаў пагражаць судамі, наймальнік М. прапанаваў яму заключыць так званую дамову займу на адзін месяц. Такім чынам, атрымалася, што звычайны рабочы пазычыў дырэктару будаўнічай фірмы каля 16 тысяч долараў!

“Папера была заверана ў натарыуса. Наймальнік М. абяцаў, што гэта будзе гарантыя выплаты заробкаў. Тады мы яшчэ не ведалі, што ў М. няма ніякай афіцыйнай маёмасці, таму вярнуць гэтыя грошы праз судовых выканаўцаў аказалася немагчыма. Пасля гэтага мы звярнуліся ў праваахоўныя органы па справядлівасць. Лічым, што мы сталі ахвярамі махлярскай схемы. Доказаў гэтаму хапала”, — лічыць Сяргей Перадня.

Што тычыцца дамовы займу, яе сапраўднасць у праваахоўных органах пацвердзіў натарыус. Але Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Першамайскага РУУС Мінска не палічыў, што маюцца дастатковыя падставы, каб распачынаць крымінальную справу.

Будаўніку падсунулі не тую дамову, і ён “пазычыў” начальніку 16 000 долараў
Сяргей Перадня і яго жонка Карына, якая дапамагае мужу адстойваць правы.

Расследаванне: адфутбольванне з аднаго ведамства ў іншае

У лютым 2014 года Сяргей Перадня ад імя сваёй брыгады звярнулася ў суд Першамайскага раёна сталіцы. Рабочыя спрабавалі даказаць, што яны сапраўды працавалі на будоўлі і незаключаныя дамовы падраду павінны быць прызнаныя. У судзе брыгаду чакаў сюрпрыз.

Падчас папярэдняга пасяджэння з’явіўся чалавек з фірмы “Мир железобетонных изделий”, якая на аб’екце выконвала працы па чыстцы каналізацыі. Фірма прадаставіла дадатковае пагадненне, нібыта гэта яны выконвалі работы па сцяжцы падлогі. Але ніякіх іншых доказаў не прадаставілі. Не было ні людзей, якія нібыта рабілі сцяжку, ні дамоваў падраду з імі. Людзі нібыта звольніліся і не пакінулі кантактаў. Аднак суду такіх “доказаў” хапіла, каб адмовіць Сяргею Перадні ў іску.

Гэта рабочых не спыніла. Яны склалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта.

“У доме, дзе мы клалі сцяжку, быў пэўны працэнт дзяржаўных кватэр. Кіраўнікі з будоўлі, з-за якіх мы не атрымалі заробкі, прапаноўвалі адну кватэру прадаць, за 64 тысячы долараў, і з гэтых грошай узяць свае заробкі і нават атрымаць зверху. Але мы адмовіліся. Уявіце самі — дзяржаўныя кватэры сыходзяць невядома куды!” — узгадвае Сяргей Перадня.

У выніку зварот рабочых спусцілі да пракуратуры Першамайскага раёна Мінска. Пасля гэтага праверку пачалі праводзіць у Аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Першамайскага РАУС сталіцы. Рабочыя меркавалі, што там павінны распачаць крымінальную справу па артыкулах “Махлярства”, “Раскраданні” і “Прысваенне маёмасці”.

“Аднойчы мяне выклікаў афіцэр П.. У кабінеце быў і наш наймальнік М., і забудоўшчык, і прадстаўнік фірмы, якая нібыта рабіла сцяжку, — працягвае Перадня. — Ад мяне патрабавалі адмовіцца ад заявы, пагражалі тым, што пасадзяць. А пасля прэсінгу прапанавалі па-добраму дамовіцца. Я на гэта не пайшоў. Але ў распачацці крымінальнай справы міліцыя ў выніку ўсё адно адмовіла. Мы падалі ў пракуратуру яшчэ адну скаргу, што АБЭЗ нават не зрабіў запыт у падатковую. Не былі дапытаныя прарабы, якія ў нас бралі подпісы. У выніку АБЭЗ быў вымушаны зноў праводзіць праверку”.

Тым часам, як даведаўся Сяргей Перадня, афіцэр П., які яго выклікаў, ужо пайшоў на павышэнне, а справу перадалі іншаму оперупаўнаважанаму. Нягледзячы на ўсе доказы, справу зноў развярнулі. Пракуратура з рашэннем у чарговы раз не пагадзілася, але АБЭЗ і ў трэці раз упарта адмовіўся распачынаць крымінальную справу.

У гутарку ўключаецца Карына Перадня. Ёй падаецца, што былога наймальніка М. і фірму, якую ён узначальваў, прыкрываюць уплывовыя людзі, якія найперш думаюць не пра справядлівасць, а пра ўласную выгаду.

“Такім чынам на нашых вачах парушаюцца правы звычайных рабочых, няма дамоваў падраду, у бюджэт не плацяцца падаткі. І пры гэтым на будоўлю прыязджаюць кіраўнікі з Мінгарвыканкама. Мы хочам знайсці іншых рабочых, якіх там падманулі, як і нас. Інакш няма спадзяванняў, што справу будуць расследаваць аб’ектыўна”, — мяркуюць Карына і Сяргей Перадні.

Будаўніку падсунулі не тую дамову, і ён “пазычыў” начальніку 16 000 долараў

За кіраўнікамі будоўлі, на якіх скардзяцца рабочыя, цягнецца крымінальны шлейф

Адвакат Мінскай гарадской калегіі Іна Шашок, якая прадстаўляе інтарэсы Сяргея Перадні, днямі атрымала інфармацыю датычна крымінальнага мінулага фігурантаў гэтага скандалу. І падзялілася гэтымі звесткамі з Еўрарадыё.

Так М., ужо былы дырэктар фірмы “Савладстрой”, які наймаў брыгаду Сяргея Перадні, у 2009 годзе быў асуджаны за рабаўніцтва ў буйным памеры. А ў 2010 годзе — за махлярства і раскраданні.

Звязацца з гэтым чалавекам сёння складана. Нумар тэлефона ён змяніў. Ёсць інфармацыя, што не з’яўляецца гэты чалавек і па выкліках у праваахоўныя органы.

Сённяшні дырэктар фірмы “Савладстрой” К. у 2008 годзе быў асуджаны за злоўжыванне ўладай.

Дырэктар фірмы “Мир железобетонных изделий” (іх прадстаўнік сцвярджаў праваахоўнікам, што сцяжку рабілі іх людзі, а не брыгада Сяргея Перадні) у 2009 годзе быў асуджаны за дачу хабару.

Але такі бэкграўнд міліцыянераў з Першамайскага РАУС не засмучае. У гэтай гісторыі яны катэгарычна не на баку звычайных рабочых. Хай сабе тыя два месяцы працавалі, і не атрымалі за гэта заробкаў.

Новы суд

Зрэшты, кропка ў гэтай справе не пастаўленая. Брыгада сцяжачнікаў і іх адвакат дамагліся перагляду рашэння суда Першамайскага раёна Мінска, калі ім адмовілі ў іску да фірмы-наймальніка.

Пасяджэнне на гэты конт адбудзецца ў Мінгарсудзе ў 20-х чыслах верасня.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём гісторыі.

Фота nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі