Бясстрашная чацвёрка. Гісторыі герояў Дня Волі
25 і 26 сакавіка ў Мінску затрымалі каля тысячы чалавек. Многія людзі ўразілі і запомніліся сваімі бясстрашнымі ўчынкамі. Яны усміхаліся, калі іх цягнулі ў аўтазак, уздымалі адабраны сцяг, працягвалі стаяць на месцы нават пасля неаднаразовых папярэджанняў аб затрыманні. Адны атрымалі "суткі", іншых адпусцілі, бо сістэма проста не змагла справіцца з такой колькасцю затрыманых. Мы знайшлі некалькіх людзей, якія нас уразілі і запісалі іх гісторыі.
З усмешкай на руках у АМАПа
Адной з першых, каго "павязалі" амапаўцы 25 сакавіка, стала Алена Луцковіч з г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці. Фота дзяўчыны з усмешкай, якую нясуць сілавікі, імгненна разляцелася па інтэрнэце. Акцябрскі знаходзіцца за 200 км як ад Гомеля, так і ад Мінска, і Алена абрала ўсё ж Мінск, дзе, меркавалася, адбудзецца самае масавае святкаванне Дня Волі.
"Я была гатовая да таго, што мяне паб'юць. Спачатку я доўга прарывалася ў раён Акадэміі навук, яшчэ да 14-й, бо баялася, што потым увогуле туды не траплю. Калі ўдалося гэта зрабіць, сустрэла знаёмых, ва ўсіх быў святочны настрой. А потым я дастала сцяг і надзела яго на плечы. Адразу падышлі амапаўцы і сказалі, каб я сышла адтуль. Я адказала, што іх патрабаванні незаконныя, таму я нікуды не пайду. Яны адразу мяне падхапілі і пацягнулі ў аўтазак. Праўда, я не была гатовая да таго, што адзін бярэ за руку, а другі засоўвае свае рукі мне, прабачце, паміж ног, каб захапіць нагу. У той момант, які зафіксавалі фатографы, я казала ім, што дастаткова было б мяне ўзяць пад локці: колькі там мяне, падштурхнулі б, і я пайшла б перад імі, нікуды не падзелася б. Навошта яны мяне бралі пад рукі, незразумела і камічна. У аўтазаку ў мяне запатрабавалі зняць сцяг, маўляў, калі не здымеце, мы ўсё адно забярэм і парвем. Я адмовілася. І ніхто не забраў, ніхто не парваў".
"Поднимаем флаг обратно"
25 сакавіка, падчас затрыманняў на плошчы Якуба Коласа, у аб’ектывы журналістаў патрапіў хлопец, які падняў з асфальту бел-чырвона-белы сцяг. "Поднимаем флаг обратно", — прамовіў ён, і ўзняў сцяг угару. Адбылося гэта літаральна ў некалькіх метрах ад аўтазака. Натуральна, што яго схапілі ў той жа момант. Відэа сабрала безліч лайкаў ды рэпостаў у сацсетках. Як высветлілася, герой роліка ― Андрусь Асмалоўскі.
"Я спрабую не прапускаць мітынгі. А 25 сакавіка для мяне гэта ўвогуле святы дзень. Я заўсёды, у любое надвор'е прыходжу. Для мяне гэтае свята — адно з галоўных у нашай гісторыі. Усякі страх адпадае ў гэтым выпадку. Шчыра кажучы, наступным разам буду больш асцярожны. Але ў дазволеных акцыях буду ўдзельнічаць абавязкова.
Натхніў мяне вольны дух, і вось такі экспромт здарыўся. Проста абурыла, што наш родны сцяг топчуць амапаўцы. Я разумеў, што мяне схопяць, але ў той час пра гэта не думаў. Тым больш, што загадзя падрыхтаваўся да затрымання: пазакрываў свае прыватныя справы, дзелавыя пытанні, перадаў пэўныя працоўныя паўнамоцтвы… Калі шчыра, то ў мяне была такая ідэя: хаця б неяк паўплываць на астатніх уласным прыкладам. Таму паспрабаваў узняць сцяг як магчыма вышэй. На дзіва, страшна не было. Мой сябра, з якім я быў, неяк здолеў адбіцца і ўцячы, хаця і яго спрабавалі затрымаць. А я ўжо проста вырашыў: паміраць — дык з песняй.
Мяне, як пушынку закінулі ў аўтазак. Там яшчэ амаль нікога не было, нават вольнае месца знайшлося. Я сеў каля століка. А потым аўтазак пачаў паступова запаўняцца. Страшна не было.
У аўтазаку нікога не білі. Мне падалося — спрабавалі нават не дакранацца. І там, па дарозе да аддзялення, здарыўся яшчэ адзін экспромт: у дзяўчыны знайшоўся сцяжок, а з падлогі мы падабралі вуду. І выставілі на ёй сцяг з аўтазака. Што праўда, секунд 10 ён пратрымаўся, а пасля ўбег касманаўт, схапіўся за дрэўка і праштурхнуў яго наперад, у вакно. І сцяг, відаць, таксама апынуўся на асфальце.
Потым пашкадаваў, што не было з сабой пакета з рэчамі, бо ў РАУС было даволі холадна стаяць на вуліцы. Ды і падсілкавацца хацелася, бо я ж толькі паснедаў у той дзень. Мяне ў аддзяленні не чапалі, а некаторым дасталася крыху, паштурхалі хлопцаў на цагляны мур. Вось аднаго з затрыманых — яго клічуць Хрысціян, ён з Лацінскай Амерыкі, з Калумбіі... У прынцыпе, я там шмат цікавых знаёмстваў займеў.
Зрабілі ўсе працэдуры: адбіткі пальцаў, фота анфас і ў профіль. Абмацалі на выпадак наяўнасці колючых і рэжучых прадметаў. Усё асноўнае адбывалася яшчэ ў двары: да кожнага падыходзіў міліцыянт з паперкай, перапісваў звесткі. Для мяне гэта быў дэбют у міліцыі, таму ўсё было вельмі цікава. І было прадчуванне, што нас мусяць адпусціць, бо надзвычай ветліва ставіліся прадстаўнікі ўладаў. І выпусцілі! Пад вечар, гадзіны праз тры-чатыры пасля затрымання. Без пратакола. Думаю, гэта менавіта таму, што я трапіўся ў першы раз.
На акцыі я быў адзін. Але ўсе сваякі падтрымалі мяне. Амаль усе. Матуля і жонка, вось, адчыталі мяне. Але яны проста турбуюцца за мяне больш за ўсіх".
Адзін пасярод плошчы. Выйшаў трэці раз за жыццё, і ўсё — сёлета
На Кастрычніцкую плошчу 26 сакавіка першым прыйшоў мінчанін Андрэй. Ён выйшаў на сярэдзіну вялікай плошчы насупраць Палаца Рэспублікі. Яму далі 10 хвілін, каб сысці. Але Андрэй застаўся стаяць на месцы. Мужчыну ўзялі прыкладна праз паўгадзіны. Андрэю далі штраф. Пратакол паабяцалі прыслаць па пошце.
"Які ж гэта гераізм. У нас жа яшчэ не Паўночная Карэя. Вось калі будзе Паўночная Карэя, тады гэта будзе гераізм. Страшна было. Я б лепш пасядзеў на канапе, тэлевізар паглядзеў. Таму страшна было, але больш страшна было не выходзіць.
Я выходзіў і 25 сакавіка, быў там затрыманы. У Савецкім РАУС мяне пратрымалі каля сямі гадзін, а ўвечары адпусцілі. Пратакол не складалі. Чаму выйшаў? Бо далей ужо няма куды, мне падаецца. Горш за тое, што маем, ужо быць не можа. Усё ўжо даведзена да ручкі, разумееце. Няхай бы яно было так, як ёсць, але хаця б было бачнае выйсце. Як ва Украіне, напрыклад, цяпер не мёд, але ў іх хаця б ёсць накірунак для руху. А куды мы ідзем?
У сацыяльных сетках прачытаў, што ў 12 гадзін збіраюцца 26 сакавіка, таму і прыйшоў. Два амапаўцы мяне спыталі, ці ведаю, што мяне затрымаюць. Я адказаў, што ведаю. Пазней падышоў яшчэ адзін амапавец, ён таксама спытаў, ці ведаю, што забяруць. Адказаў, што ведаю, іначай чаго б я тут стаяў. Ён даў мне 10 хвілін, сказаў, што праз 10 хвілін забярэ.
Я выйшаў трэці раз на мітынг. За ўсё жыццё. І ўсё ― у гэтым годзе. Раней ніколі не хадзіў. Пакуль нічога ў краіне не зменіцца, буду выходзіць. Я пратэстую хаця б супраць таго, што сёння я тут стаю адзін. Дэкрэт №3 ― само сабой. Толькі што я прайшоўся па праспекце ад Плошчы Незалежнасці. Горад нібы вымер".
Не чакала, што сэлфі на фоне гэтай махіны стане нейкім там… шэдэўрам
Для Любові Дзядзінкінай 25 сакавіка — сапраўднае нацыянальнае свята, якое не мусіць быць забытым і якое трэба святкаваць усім народам на вуліцах Беларусі. Яе ўсмешлівае сэлфі з сяброўкай на фоне шэрагу шчытавікоў, якія перакрывалі праспект Незалежнасці падчас разгону вулічнай акцыі, імгненна разляцелася па СМІ і сацыяльных сетках.
"Скажу вам шчыра, страшна было. У пэўны момант, калі толькі прыйшлі. Міліцыя яшчэ тарабаніла па сваіх шчытах. Але, калі з’явіліся камеры, калі пачалі падцягвацца людзі, спяваць песні, крычаць “Жыве Беларусь!”, страшна ўжо не было. Была проста няёмкая сітуацыя, што мы без зброі, апранутыя ў звычайныя курткі, штаны... выйшлі проста прагуляцца, бо Дзень Волі — свята. А тут нас сустрэлі ў поўным абмундзіраванні. Я прыглядзелася, што на іх было апранута. Стваралася ўражанне, што супраць іх прыйшла Зена — каралева воінаў (гераіня брытанскага фэнтэзійнага тэлесерыяла, — заўв. Еўрарадыё) з мячом і шчытом (усміхаецца). Гэта было проста недарэчна, шчыра кажучы.
На фоне гэтых шэрагаў былі проста грамадзяне з усмешкамі. Прычым, ніхто з нас не быў агрэсіўным, ніхто не лаяўся матам, крый Божа. Нехта спяваў на беларускай мове песні, нехта падыходзіў да іх, размаўляў па-беларуску. То бок гэта былі абсалютна звычайныя людзі розных узростаў. Відаць, менавіта ў месцы, дзе перакрылі праспект, людзі мусілі аб’яднацца. Але нас паздзялілі двума шэрагамі міліцыі. То бок на адным баку кардона засталіся тыя, хто не паспеў дайсці з Акадэміі Навук, а на іншым засталіся астатнія дэманстранты, са сцягамі. Мы туды хацелі прабрацца! Але нас не прапускалі. Дарэчы, з нашага боку быў дзядуля, які падышоў да міліцыянтаў і сказаў: “Сынкі! Чаму ж мы прыйшлі і стаім тут перад вамі з адкрытымі тварамі, а вы закрылі свае твары маскамі? Адкройце свае твары!”.
Я ніяк не чакала, што гэтае сэлфі разляціцца па інтэрнэце. Гэта было спантаннае рашэнне. Я сваёй сяброўцы проста прапанавала сфоткацца на фоне гэтай вось махіны. Бо гэта недарэчна. Яна пагадзілася, і мы сфоткаліся. Што гэтае фота разляціцца і стане нейкім там… шэдэўрам (смяецца)...
Мы хацелі прыехаць на Акадэмію Навук, але нас не пусцілі, бо ўсё было перакрыта ажно да Батанічнага сада. У нас на вачах дзяўчына спрабавала патрапіць на працу. Верагодна, яна працуе ў бальніцы, з сумкамі бегла, але ніхто яе не прапусціў праз гэты кардон. Яна пайшла на іншы. А знешне яна ― звычайная дзяўчына, толькі з аднаго боку выгалены вісок на галаве і там нейкая завушніца. Яе нідзе не пускалі, і яна была ў лютасці, выказвала неразуменне таго, што яе не пускаюць на працу.
Неяк мы ўсё ж прайшлі, сказалі, што хочам патрапіць у цэнтр горада, і нас прапусцілі. Калі мы прыйшлі на Акадэмію Навук, то па перыметры ўся гэта плошча па была застаўленая тэхнікай. А на самой плошчы былі толькі ваенныя ў форме. Ніводнага звычайнага чалавека. Нібы ты ідзеш па горадзе, дзе ўсіх пахавалі па дварах, і засталіся толькі адны ваенныя машыны.
Нам пашанцавала, і нас не схапілі. Мы не даставалі сімволіку, пакуль праходзілі кардоны. Бо нам хацелася патрапіць туды, далей, да ўсіх. У выніку мы прайшлі ўвесь горад. Ад Батанічнага сада да Плошчы Перамогі, а потым на Кастрычніцкую, але там людзей ужо не было. Вельмі цікава яны гэтым разам зрабілі. Проста адсеклі ўсіх, і не дазволілі нідзе сабрацца. Хоць я думаю, што нічога дрэннага ў тым, што мы сабраліся б, не было.
Шчыра кажучы, я была здзіўленая, што нас не забралі. Адзін раз мы патрапілі ў такі хапун, што нас проста ўзялі ў кола і хапалі ўсіх, хто ўнутры. З чым бы ты ні быў: з кветкай, са сцягам, без нічога — усё роўна саджалі ў аўтазак. Калі мы стаялі перад шэрагам міліцыі са шчытамі і фоткаліся, я была перакананая, што нас зараз проста пачнуць прыціскаць і хапаць, а яны ўзялі і сышлі. Я стаяла і думала: ну як так. Мусіць жа быць неяк па-іншаму, так жа не можа проста быць (смяецца).
Сваякоў я папярэдзіла, што могуць затрымаць. Увечары толькі ўзгадала, што не патэлефанавала бацькам. Цікавы момант быў 26 сакавіка: мой сын выпадкова патэлефанаваў маёй маме і скінуў. Мама праз 30 хвілін ператэлефанавала яму, у яе калаціліся рукі, дрыжэў голас. Я чула. “Што ў вас здарылася?”. А сын адказвае: “Бабуля, усё нармальна, я проста памыліўся нумарам”. І я нават пачула, як яны выдыхнула. Хоць многія перажывалі, што нават за гэтыя сэлфі на фоне міліцыі могуць выклікаць і асудзіць".