Былы генеральны сакратар НАТА: Санкцыі супраць Расіі варта падоўжыць на год
Санкцыі супраць Расіі павінныя быць падоўжаныя, піша былы генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн у Financial Times. Мала хто думаў ў 2014 годзе, піша ён, што Захад, і асабліва ЕС, больш за два гады будзе працягваць рэжым санкцый, накладзены на Расію праз яе дзеянні ў дачыненні да Украіны. Але нягледзячы на настойлівасць Еўропы, Масква захоўвае спакой. Зірніце на эскалацыю яе дзеянняў у Крыме апошнія некалькі месяцаў. Крым пад поўным кантролем Масквы: Крэмль не лічыць ганебным праводзіць парламенцкія выбары на тэрыторыі, якую ён кантралюе незаконна. Там адбываюцца і сур'ёзныя сістэматычныя парушэнні правоў этнічных украінцаў і крымскіх татараў. У раёне Данбаса, працягвае Расмусэн, Крэмль па-ранейшаму падтрымлівае ўзброеныя фармаванні, якія выступаюць супраць Кіева. Гэтым самым ён падрывае важныя ўмовы мірнага працэсу "Мінск-2", пачатага ў 2015 годзе.
Расія не лічыцца з бяспекай сваіх суседзяў. У некаторых выпадках яна нават спрабуе падарваць унутраныя палітычныя працэсы ў дэмакратычных краінах. Прычына простая: Расія ведае, што яна можа гэта рабіць.
Першапачатковае рашэнне накласці санкцыі толькі на 6 месяцаў з магчымасцю падаўжэння было прынятае, каб санкцыйны рэжым садзейнічаў мэтам першай мінскай дамоўленасці. У інтэрпрэтацыі Расмусэна, Расія мусіла вывесці замежных ваенных з тэрыторыі ўсходу Украіны і вярнуць Кіеву кантроль над мяжой краіны. Многія спадзяваліся, што ўсе бакі, у тым ліку Расія, выканаюць умовы пагаднення. Аднак хутка стала відавочна, што Расія гэтага рабіць не збіраецца. Адпаведна, мы павінныя працягваць сваю палітыку, піша Андэрс Фог Расмусэн.
ЕС таксама павінен адаптавацца да новых умоваў, бо працяг санкцый кожныя паўгода робіцца бессэнсоўным. Кожны раз, калі ўздымаецца пытанне аб падаўжэнні санкцый, адзінства еўрапейскіх лідараў здаецца ўсё менш устойлівым. Кожны раз Расія накіроўвае ўсе высілкі на тое, каб унесці раскол паміж еўрапейскімі ўрадамі, узмацняючы або аслабляючы свой ціск на Данбасе.
Хтосьці скажа, што падаўжэнне санкцый на год пазбавіць Расею стымулу выконваць Мінскія пагадненні. Аднак дзеянні Масквы не падтрымліваюць гэты аргумент: яна робіць што хоча з часу ўварвання ў Грузію ў 2008 годзе. Падаўжэнне санкцый на 12 месяцаў таксама дапаможа некаторым краінам ЕС з унутрыпалітычнага пункту гледжання. У такім выпадку санкцыі не будуць фігураваць у перадвыбарчых кампаніях у Францыі і Германіі.
Гэта таксама важна для падтрымання адзінага трансатлантычнага фронту. ЕС павінен каардынаваць сваю палітыку з ЗША, дзе пытанне аб санкцыях абмяркоўваецца раз на год. Трансатлантычнае адзінства цяпер важнае як ніколі.
Больш за тое, гадавое падаўжэнне санкцый, накладзеных на Расію за яе дзеянні на Украіне, стане сур'ёзным сігналам. Яно прадэманструе людзям накшталт прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, якія спрабуюць падарваць сусветны парадак, што еўрапейскі ўрад разам з ЗША гатовы адказаць на сур'ёзныя выклікі гэтага складанага дзесяцігоддзя, піша Андэрс Фог Расмусэн у Financial Times.