Кошты растуць хутчэй за афіцыйную інфляцыю. У Белстаце тлумачаць, што гэта норма
Каб разлічыць ІСЦ і сярэднюю цану, выкарыстоўваюцца розныя звесткі / Еўрарадыё
Нядаўна ў тэлеграме з'явілася інфармацыя пра тое, што звесткі Белстата па сярэдніх цэнах на асобныя тавары і інфляцыя па гэтых таварах не сыходзяцца.
Напрыклад, індэкс спажывецкіх цэн па такой пазіцыі, як свініна бескасцёвая, за чэрвень склаў 0,38%. Пры гэтым сярэдняя цана бескасцёвай свініны ў траўні была 11,09 рубля, а ў чэрвені — 11,2 рубля. Выходзіць розніца ў 1%. Падобныя разбежнасці па многіх пазіцыях, як у большы бок, так і ў меншы.
Еўрарадыё разабралася, у чым рэч.
Як тлумачаць у Белстаце, сярэднія цэны і інфляцыя па адных і тых самых групах разлічваюцца па розных метадалогіях, адпаведна, параўноўваць іх некарэктна.
— Сярэдняя цана — гэта цана пэўнага тавару ў наяўнасці ў даным месяцы. Індэкс цэн разлічваецца ланцуговым метадам. Гэта значыць, тавары могуць знікаць. Напрыклад, тавар, які мы параўноўвалі пастаянна, мог знікнуць з продажу, і мы ўводзім замест яго іншы. Таму цана наступнага месяца не можа быць проста падзелена на цану гэтага месяца [каб разлічыць індэкс спажывецкіх цэн. — Еўрарадыё].
Суразмоўніца падкрэслівае, што разлік індэкса спажывецкіх цэн вядзецца па міжнароднай метадалогіі і ўключае шмат умоў.
— Сярэднюю цану мы публікуем толькі для таго, каб даведацца, дапусцім, у снежні зыходзячы з наяўнасці ў продажы кураціны, якая сярэдняя цана на яе склалася. А індэкс цэн, які мы публікуем асобна на курыцу, на куранят і гэтак далей, разлічаны па метадалогіі, якая ўлічвае супастаўленне тавараў, бесперапыннасць шэрагу і гэтак далей. Таму яны не будуць супадаць, — робяць выснову ў Белстаце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.