Частка мінскіх маршрутчыкаў не праходзіць алкатэст перад выездам
Днямі блогер Дзяніс Блішч стаў сведкам таго, як кіроўцы маршрутак праходзяць медагляд перад выхадам на лінію. Па яго словах, агляд адбываецца фармальна:
“Заходзяць тры мужыкі (адразу) у кабінет, праз 20 секунд выходзяць назад. Ім нават ціск не паспелі памераць ў такім выпадку. Ці дыхнулі ў трубку? Відаць, так. Ну, праштампавалі нейкія паперкі дакладна”.
Калі так, дык за руль маршруткі можа трапіць і хворы кіроўца, і кіроўца нападпітку. Няўжо ўсё так дрэнна?
Таксісты на прыпынку “Якуба Коласа” ў Мінску распавядаюць Еўрарадыё, што дазвол на выезд атрымліваюць у аўтабазе ААТ “Мінскгандльаўтатранс” на вуліцы Казінца. Перад тым, як выехаць на лінію, кіроўцы павінны атрымаць паперу з пячаткай. А для гэтага трэба “прайсці” доктара.
Медыцынскі пункт знаходзіцца ў будынку прахадной аўтапарка. Ён працуе з 5-й гадзіны раніцы. У гэты час каля кабінета доктара збіраецца чарга з мужчын, якія спяшаюцца атрымаць пуцёўку.
Кіроўцы пацвярджаюць, што дуюць “у трубачку” не кожны раз. Але гэта не азначае, што чалавек нецвярозы.
“Гэта не праз тое, што я, напрыклад, хачу падмануць медыка, — тлумачыць Еўрарадыё Аляксандр, якога мы сустракаем у чарзе. — Асабіста я працую ўжо пяць гадоў, і за гэты час не было ніякіх праблем праз алкаголь. У мяне за плячыма 15 чалавек у машыне. Якая выпіўка?”
Кіроўца тлумачыць, што кожную раніцу медыцынскі агляд праходзяць дзясяткі кіроўцаў. Калі кожны будзе дыхаць у трубку, гэта зойме шмат часу. У выніку маршруткі будуць проста спазняцца на прыпынкі. Мужчына дадае, што, вядома, ёсць вар’яты-кіроўцы, якія могуць сесці за руль нападпідку. Маўляў, у сям’і не без вырадка. Але ўзгадаць, каб нехта з яго калег у апошні час трапіў у ДТЗ ці трапіўся п’яным за рулём, не можа.
“Па-першае, трэба мець паперу, што можаш выехаць з гаража, — распавядае нам Аляксандр. — Без яе першы транспартнік выпіша такі штраф, што мала не будзе. Можна і без праў застацца, а гэта значыць, і без працы…”
Заходзім у кабінет, дзе праходзіць медагляд. На сценах невялічкага пакою — плакаты пра шкоду злоўжывання спіртным. Кіроўца Сяргей працуе на бараўлянскім напрамку, забірае пуцёўку і спяшаецца на маршрут.
Сёння медык зрабіла яму прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца: прапанавала алкатэстар. Прыкмет спіртнога ў арганізме не знайшлося.
“Каб выпіць, ёсць выхадныя, — кажа Еўрарадыё Сяргей. — Зразумела, што людзі розныя, хтосьці і злоўжывае час ад часу. Але, каб за руль сеў нават з бадуна, такога не прыпомню”.
Па словах мінскага кіроўцы, калі калега перабраў увечары, а заўтра на працу, той дамаўляецца, каб падмянілі. Сесці за руль у нерабочым стане рызыкне далёка не кожны.
Пра гэта кажа і фельчар аўтапарка на Казінца Зоя Жарнак. Яна ў прафесіі ўжо больш за 40 гадоў. Кожную раніцу праз яе кабінет праходзіць каля 60 кіроўцаў. Той, хто адчувае, што “не адышоў”, проста не прыходзіць.
“Я працую даўно, таму кожнага кіроўцу ведаю асабіста, — кажа яна. — За столькі гадоў працы адразу бачна, ці піў учора чалавек. І пах чуваць, і вочы, і пульс, і гэдак далей. Адразу бачна, што мой кліент. Таму трубку даю, каб зафіксаваць, які ўзровень ап’янення”.
Жанчына дадае, што людзі сапраўды трымаюцца за працу, таму апошні пратакол яна складала даўно. Але знаходзіліся і тыя, хто спрабаваў падмануць.
“Уладкаваўся новы кіроўца, — узгадвае Зоя Жарнак. — Першы дзень прыйшоў на працу, бачу, што цвярозы, трубку не прапаноўвала. Расказваў, які ён адказны, вернік, і гэтак далей. Відаць, палічыў, што можна падмануць, і на другі раз пасля п’янкі прыйшоў. Так без працы і застаўся”.