Чыгуначных партызанаў і каліноўцаў цяпер змогуць асудзіць "завочна"
Змова, генацыд, здрада дзяржаве, найміцтва — гэта няпоўны спіс артыкулаў, па якіх беларусаў дазволілі судзіць завочна / pixabay
Беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, і чыгуначных партызанаў дазволілі судзіць "завочна".
Праваабаронцы "Вясны" падлічылі, што абноўлены Крымінальны кодэкс дазваляе завочныя суды па 43 артыкулах. Сярод іх — змова, генацыд, здрада дзяржаве, найміцтва.
Паводле новага заканадаўства, калі абвінавачаны знаходзіцца за межамі Беларусі і "ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс", у яго дачыненні дазволілі завесці так званае "спецыяльную вытворчасць". Судзіць завочна можна, калі замежная дзяржава адмаўляе ў выдачы абвінавачанага ці з моманту накіравання Генпракуратурай просьбы выдаць абвінавачанага мінула паўгода.
Завочная вытворчасць магчымая не па ўсіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод злачынстваў, па абвінавачваннях у якіх можна судзіць "дыстанцыйна", наступныя: прапаганда вайны, падрыхтоўка або вядзенне агрэсіўнай вайны, акт тэрарызму, напад на арганізацыі, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай — напрыклад, амбасады, — генацыд, злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, распальванне варожасці, рэабілітацыя нацызму, экацыд, вярбоўка і фінансаванне наймітаў, а таксама само найміцтва, парушэнне законаў вайны і нормаў міжнароднага права ва ўмовах вайны.
Завочна могуць асудзіць таксама за наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку і шляхоў камунікацыі дзеля здзяйснення тэракту. Гаворка ў гэтым выпадку ідзе менавіта пра "чыгуначных партызанаў".
За здраду дзяржаве або змову дзеля захопу ўлады таксама могуць асудзіць завочна.
Ёсць у пераліку артыкулаў і зусім непалітычныя. Напрыклад, завочна дазволілі судзіць за незаконныя набыццё радыеактыўных матэрыялаў або боепрыпасаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.