Чым скончыліся перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы
28–29 траўня ў Сочы праходзіла чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Чарговая — таму, што за апошнія 16 месяцаў палітыкі сустракаюцца аж шосты раз.
Мяркуючы па агучаных выніках перамоваў, ехаць у Сочы Лукашэнку было зусім не абавязкова. І пра крэдыт, і пра тэмпы інтэграцыі, і пра новыя напрамкі для авіякампаніі “Белавія” можна было за паўгадзінкі перамовіцца з Пуціным па тэлефоне. Ну хіба што нырнуць у Чорнае мора па тэлефоне не атрымалася б.
Ацаніць вынікі перамоваў Еўрарадыё папрасіла палітолага Вольгу Харламаву.
Аўральная, але без асаблівай патрэбы
— Сустрэчу анансавалі ўсяго за тры-чатыры дні. Таму зразумела, што асноўнай мэтай было абмеркаваць сітуацыю вакол Беларусі пасля пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair. Але якія вынікі прынесла менавіта гэтае абмеркаванне, нам не распавялі, абмежаваўшыся шараговымі паведамленнямі накшталт часу паступлення другога траншу крэдыту.
Пры гэтым пасля папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, якая адбылася ў канцы красавіка, казалі: больш няма патрэбы ў асабістых сустрэчах. Наступная сустрэча павінна была адбыцца бліжэй да восені наконт інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. Бягучыя пытанні вырашаюцца без асабістай прысутнасці першых асобаў дзяржавы.
Мяжа таксічнасці
— Я чакаю, калі Лукашэнка стане настолькі таксічным, што яго Крэмль перастане нават выклікаць на дыван. Апошнія тры паездкі выглядаюць як адлуп, калі старэйшы брат хоча павучыць малодшага брата жыццю.
Я хацела б звярнуць увагу: калі самалёт Ryanair яшчэ не пакінуў межы Беларусі, расійскія СМІ адкрыта пачалі заяўляць пра спецаперацыю і даваць ацэнкі: бліскучая, бездакорная — нібыта Лукашэнка атрымаў вынік, на які спадзяваўся. Пры гэтым беларускі бок сцвярджаў, што яны ратуюць Еўропу ад небяспекі, выбухоўкі.
Усе спробы афіцыйнага Мінска апраўдацца пра сітуацыю з самалётам выглядалі непрафесійна, па-аматарску. Паездка ў Сочы выглядала не з пазіцыі роўных, а нібыта з намерам справаздачыцца і атрымаць надзеі, што ў будучым сітуацыя выправіцца.
Чый Крым?
— Расію Ельцына задавальняў знешне лаяльны ўрад Беларусі. Для Расіі Пуціна патрэбныя дзейсныя меры, пастаянная дэманстрацыя падтрымкі і прыняцце любых рашэнняў Расіі. Зноў прагучала пытанне пра прызнанне Крыма: ці паляціць туды “Белавія”, бо тысячы беларусаў нібыта мараць адпачыць там?
Кіраўніцтва “Белавіі” сур’ёзна абмяркоўвае гэтае пытанне як магчымы варыянт: маўляў, мы гатовыя ляцець у Крым, але нам патрэбнае палітычнае прызнанне таго, што Крым — расійскі. Пра гэта згадваюць ужо і беларускія чыноўнікі. Прызнаць Крым, прагаласаваць у ААН, набыць патрэбны газ — вось што трэба Расіі.
Для беларускай улады каштоўнасць — улада. Для Расіі важна, каб у Беларусі не было сваіх інтарэсаў. Каб яна была сатэлітам, які цалкам жыве інтарэсамі гаспадара і нават не абмяркоўвае рашэнні, прынятыя ў Маскве.
Расіі патрэбная не палітычная інтэграцыя, а эканамічная
— Карты па паглыбленні інтэграцыі — састарэлыя паняцці. Мэта Пуціна — юрыдычна аформіць эканамічнае аслабленне, перавесці цікавыя Расіі кампаніі ў маёмасць расійскіх прадстаўнікоў. Арменіі далі пагуляцца ў вулічную дэмакратыю, але Арменіі не належыць нічога, што знаходзіцца на тэрыторыі Арменіі. Якая можа быць незалежнасць?
Расія больш не імкнецца да палітычнай інтэграцыі. Сёння яна Расіі не патрэбная і не выгадная. Але Беларусь губляе рэшткі эканамічнай самастойнасці. АЭС, за якую фактычна заплаціла Расія. Нафтапрадукты экспартуюць праз расійскія парты. Чыгунка, інфраструктуру якой руйнуюць: пасажырскіх перавозак практычна няма. “Белавія” згубіла шмат напрамкаў. А ў яе новыя самалёты, узятыя ў лізінг. Звычайна гэтыя ўмовы жорсткія: акрамя выплат штомесяц яны прадугледжваюць гадзіны налётаў. А куды лётаць? У Крым?
У міжнародным прыватным праве ёсць пэўныя ўмовы. Калі фармальна яны выкананыя, скасаваць іх амаль немагчыма. На гэтым пагарэла Венесуэла: разарванні канцэсій без кампенсацыі. “Аэрафлот” уклаўся ў інфраструктуру “Белавіі” і патрабуе вярнуць страчаную выгаду. Адыграць назад практычна немагчыма, гэта нявыгадна. Арменія не адыграла знішчэнне энергетычнай сістэмы: дорага, непапулярна, нерэальна.
Вярнуць рынкі Украіны і Еўропы будзе немагчыма
Пакуль няма палітычнага рашэння аб скасаванні паставак ва Украіну 95-га бензіна. Ёсць цьмяныя заявы пра намер як адзін з магчымых варыянтаў, тлумачыць Вольга Харламава.
— Гэта намёк на заяву, але рашэння пакуль няма. Калі яно з’явіцца, то можа быць некамфортным для Украіны і для Беларусі. Вярнуцца на рынак Украіны з доляй у 50 адсоткаў, як цяпер, будзе ўжо нельга. Як і з калійнымі ўгнаеннямі і МЗКТ у Еўропе. Гэта эканоміка: калі Беларусь сыдзе з рынку, то ўжо не вернецца, бо прыйдуць іншыя.
Расія як пагроза
— Пакуль мы спрабуем расстаўляць прыярытэты, мы губляем Беларусь. Па-за прыярытэтамі мусяць быць мова, традыцыі, гісторыя, культура. Як мы ведаем з гісторыі, у мінулым пагрозай для беларускай культуры заўжды была Расія. У ХХІ стагоддзі сітуацыя не змянілася. Да таго ж слушна памятаць: пакуль мы не навучымся ставіцца да чыноўнікаў як да выбарных функцый, мы не здолеем пабудаваць Новую Беларусь: не краіну пэўнай асобы, а краіну саму па сабе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.