Чыноўнік пра медалі на Алімпіядзе: Магчыма, іх будзе пяць, можа быць, два…
Нашы кіраўнікі спорту падзяліліся сваімі чаканнямі ад сочынскай Алімпіяды і адказалі на нязручнае пытанне пра нізкія нарматывы на фармакалогію.
У сераду, 22 студзеня, у новым будынку Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі вызначылі склад нашай дэлегацыі на Гульні ў Сочы. У гэты ж дзень прайшла прэс-канферэнцыя для журналістаў.
Стала вядома, што ў Сочы выпраўляюцца 24 алімпійцы. Асаблівыя медальныя стаўкі нашы чыноўнікі робяць на біятлон і фрыстайл.
“Магчыма, будзе іх пяць (медалёў. ― заўв. Еўрарадыё), а, можа быць, сем, можа быць, два, ― разважае першы намеснік міністра спорту Аляксандр Гагіеў пра магчымую колькасць трафеяў. ― Каманда гатовая заваяваць медалі. Таму чаканні ёсць. Справа засталася за спартсменамі”.
Некалі міністр спорту Аляксандр Шамко прагназаваў пяць медалёў на Гульнях у Сочы. Наконт гэтага Ігар Рачкоўскі, першы віцэ-прэзідэнт НАК, удакладніў:
“Міністр меў на ўвазе, што Міжнароднае спартыўнае рэйтынгавае агенцтва прагназуе заваяванне нацыянальнай алімпійскай зборнай Беларусі пяць медалёў. З іх, яны напісалі, ― чатыры ў біятлоне, адзін ― у фрыстайле”.
Расказалі чыноўнікі і пра тое, што зрабілі ўсё магчымае для падрыхтоўкі ўсіх спартсменаў ― арганізавалі і неабходныя трэніровачныя зборы, і медыцынскае забеспячэння. На гэта журналісты пачалі цікавіцца, якім канкрэтна спартсменам аказвалі меддапамогу за мяжой.
“У нас было адпраўлена па двух відах спорту чатыры спартсмены, ― пералічвае Дзмітрый Даўгалёнак, шэф беларускай місіі на Гульнях у Сочы. ― Гэта Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна (біятлон. ― заўв. Еўрарадыё), і мужчынская група з каманды па фрыстайле”.
“Фрыстайлістам было праведзена функцыянальнае абследаванне ў адной з вядомых клінік Ізраіля, ― працягвае ўдакладняць Ігар Рачкоўскі. ― Для таго каб выявіць гатоўнасць нашых спартсменаў да выступлення на Алімпійскіх гульнях і якія карэктывы ў план фізічнай падрыхтоўкі трэба ўнесці”.
Нагадаем, што пасля летняга чэмпіяната свету па лёгкай атлетыцы грамадства даведалася, што нават некаторыя топавыя беларускія спартсмены купляюць за свае грошы неабходныя медыцынскія прэпараты і не маюць пад рукой кампетэнтнага ўрача, які здольны распісаць фармакалагічную праграму.
Нядаўна да Еўрарадыё трапіла неправераная інфармацыя аб тым, што алімпійцы, якіх не лічаць топавымі, атрымлівалі на фармакалогію па 30 тысяч у суткі. І толькі падчас заключнай фазы падрыхтоўкі суму паднялі да 90 тысяч.
“Вы сказалі, што ўся неабходная фармакалогія выдзялялася і скаргаў на гэты конт ад трэнераў не было, ― звяртаемся да Максіма Рыжанкова, памочніка прэзідэнта па пытаннях спорту. ― Ці маглі б вы назваць канкрэтныя сумы, колькі на фармакалогію выдаткоўвалася грошай у суткі?”
“Ну, навошта вам гэта ведаць? ― незадаволена выказваецца Максім Уладзіміравіч. ― Усё неабходнае было зроблена. Прэпараты для ўзнаўлення былі забяспечаны. Якая розніца вам, колькі ў суткі і на каго? Колькі патрэбна, столькі і было выдзелена. Калі вы маеце на ўвазе нізкія нормы, якія існуюць, то было выдзелена больш. Дзейнічалі не па раскладзе, а па патрэбах”.
Еўрарадыё: Ёсць інфармацыя, што на завяршальных зборах сума на фармакалогію складае 90 тысяч рублёў на суткі. Тут я не маю на ўвазе фрыстайл і біятлон, а кажу пра іншыя віды спорту…
“Бюджэтны нарматыў па фармакалогіі павялічылі ў разы, ― чарговы раз уключаецца ў размову Ігар Рачкоўскі. ― Апроч таго, што выдзялялася з бюджэта, федэрацыі дадавалі да гэтага фармакалогію з розных крыніц. Быў індывідуальны падыход. Камусьці, можа быць, на гэта патрэбна было 500 тысяч на дзень, камусьці, можа быць, ― 200. Але ўсім неабходным кожны спартсмен быў забяспечаны”.
У якім стане сёння беларускі зімовы спорт ― стане вядома пасля Гульняў у Сочы. Алімпіяда пачнецца 7 лютага, а скончыцца ― 23-га. Беларусь выступіць у фрыстайле, біятлоне, лыжных гонках, гарналыжным спорце і шорт-трэку.