Ці галасавала студыя на запісе ток-шоў “Дело принципа”?
Тэлеканал АНТ нечакана пажадаў праз тэндар набыць сістэму для галасавання…
У пачатку чэрвеня журналіст “Нашай Нівы” ў якасці “масоўкі” паўдзельнічаў у запісе ток-шоў “Дело принципа”. І агаломшыў: ніякага галасавання гледачоў нібыта і няма!
“Падчас запісу 99% гледачоў, чые рукі я мог бачыць, да пультаў нават не дакраналіся. Заўважыўшы гэта, я і сам патыкаў кнопкі свайго пульта. На экране гэта ніяк не адбілася”, — піша ў сваім артыкуле Улад Швядовіч.
А праз некалькі дзён зусім выпадкова на вочы трапляецца адна з заявак на сайце тэндарных закупак. З яе вынікае, што АНТ (Закрытае акцыянернае таварыства “Другі нацыянальны канал” — Еўрарадыё) хоча набыць сабе… сістэму галасавання! “Супадзенне? Не думаю”… І мы вырашаем праверыць гэты факт. І адразу звяртаюся да вядучага шоў Вадзіма Гігіна. Але той хоць неяк каментаваць сітуацыю адмаўляецца.
Вадзім Гігін: “Тут карпаратыўныя моманты, таму звяртайцеся на тэлеканал АНТ — у іх ёсць прэс-служба, і яны вам адкажуць”.
Прэс-служба — дык прэс-служба. Прычым вырашаю не “цямніць”, а наўпрост пытаюся пра “супадзенне”
“Я таксама так падумала, што супала, — смяецца ў адказ кіраўнік прэс-службы канала Юлія Дубоўская. — Але на самай справе гэтая пакупка даўно планавалася. Часткова мы ж абсталяванне арандуем: нешта выкарыстоўваем нашае, а нешта арандаванае — не ўсяго ж хапае. Цяпер, відаць, з’явіліся нейкія дадатковыя сродкі, і вось кіраўніцтва вырашыла набыць...”
Зразумела, прадстаўніца тэлеканала катэгарычна абвяргае абвінавачванні ў адсутнасці праўдзівага галасавання падчас ток-шоў.
Юлія Дубоўская: “Я потым (пасля выхаду артыкула — Еўрарадыё) размаўляла з прадзюсарамі наконт усіх гэтых тэхнічных момантаў. Але перад кожнымі здымкамі прыязджае арганізацыя, якая гэтыя пульты абслугоўвае і робіць іх тэхнічную праверку. Вы ж разумееце: людзі аказваюць нейкую тэхнічную паслугу, і яны павінныя яе якасна прадставіць. Таму перад кожнымі здымкамі і ідзе праверка”.
Але Улад Швядовіч настойвае на сваім:
“Я бачыў два з паловай рады са свайго месца, а гэта чалавек 25, і з іх толькі адзін чалавек пастаянна трымаў той пульт у руках. Плюс яшчэ чалавек 20-25 на супрацьлеглай трыбуне, чые рукі я мог пастаянна бачыць. І калі нехта з удзельнікаў праграмы пачынаў казаць нешта не тое і шалёна пачынаў змяняцца графік галасавання, то я бачыў, што ніхто не дакранаецца да пультаў. Калі верыць гэтай сістэме, то хаця б нешта з гледачоў павінен быў нешта са сваімі пультамі рабіць, але не — народ сядзеў, слухаў...”
Кажа, спецыяльна ўзяў у рукі не толькі свой, але і два суседскія пульты, ціскаў на іх, але на ўзровень графіку галасавання гэта нібыта ніяк не паўплывала. Ну, і яшчэ Улад Швядовіч сцвярджае, што пульты былі звычайныя, “як ад відэамагнітафона”, і на якую кнопку націскаць, каб галасаваць “за”, а на якую — каб “супраць”, ніхто не патлумачыў.
Юлія Дубоўская ад усіх абвінавачванняў адмахваецца. Кажа, у яе да артыкула журналіста ўвогуле безліч прэтэнзій. І, маўляў, менавіта таму яны нават вырашылі на яго ніяк афіцыйна не рэагаваць. Нагадвае, што мяне некалькі разоў запрашалі ўзяць у дзел у запісе гэтага ток-шоў, і запрашае яшчэ раз — каб усё мог пабачыць на ўласныя вочы.
Але сэнс ісці, калі ўжо набылі сістэму галасавання! Дарэчы, калі каму цікава, то тэндар на пастаўку сістэмы галасавання выйграла ЗАТ “Офісныя тэхналогіі”. Абыдзецца сістэма тэлеканалу ў 191 мільён 718 тысяч рублёў. “Якія тэрміны пастаўкі?” — цікаўлюся ў прадстаўніка фірмы. “Я такую інфармацыю казаць не буду, бо гэта адносіны нашы і заказчыка. Але калі нешта ў нас набудзеце вы, то ўсё будзе залежаць ад заказу: гэта можа быць і цягам двух тыдняў, і цягам двух месяцаў”.
Такім чынам, абсталявання хутчэй за ўсё яшчэ няма, і запісы ток-шоў пасля выхаду артыкула праходзілі па старой сістэме і са старымі пультамі. Вырашаю даведацца меркаванне “незацікаўленай асобы”, чалавека, які стала бярэ ўдзел у “масоўцы” на “Деле принципа”.
Пенсіянер Валеры Аляксеевіч шчыра прызнаецца: часам і ў яго ўзнікалі сумневы наконт таго галасавання — ці працуе яно…
“У мяне таксама ёсць падазрэнні ў гэтым плане. Але на апошняй праграме настойліва сказалі: “Вы не думайце, што яны не працуюць”. Але калі я адзін са 150 націсну, то ён не іграе ніякай ролі, цяжка вось так вось шлёпнуць — гэта трэба, каб дзясятак хаця б націснуў, каб адсотак хоць нейкі сыграў. Але раней так, і ў мяне да гэтых пультаў было меркаванне нейкае такое...”
Што да саміх пультаў, то, кажа, з імі ўсё проста: кнопкай пад нумарам 1 ідзе галасаванне “за”, а кнопкай 2 — “супраць”. Усе астатнія проста не працуюць. Даведацца больш пра тэхнічныя моманты галасавання, апрацоўку атрыманых з пультаў сігналаў, уплыў іх на тэмпы змены росту ці падзення графіку не атрымалася. Але найбліжэйшым часам купяць новую сістэму, і можна будзе распытаць пра гэта ў тэхнікаў, наведаўшы праграму…
Яшчэ ў журналіста выклікала падазрэнне тое, што пасля запісу праграмы масоўку асобна запісвалі з пультамі ў руках, як яны нібыта націскаюць на кнопкі. Але тут усё проста: такія кадры здымаюцца для “перабівак”, якія неабходныя для мантажу шоў — яно ж ідзе ў запісе…
Фота: Еўрарадыё