Ці магла будаўнічая кампанія скрасці $20 мільёнаў без “крышы”?
Следчы камітэт паведаміў пра расследаванне другой крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніцтва будаўнічай кампаніі “Террастройинвест”. Гэта кантора “праславілася” тым, што падчас будаўніцтва элітнага дома на сталічнай вуліцы Прытыцкага велізарныя фінансавыя страты панеслі тысячы людзей — гэта дольшчыкі і іх сем’і.
15 верасня матэрыялы другой крымінальнай справы перадалі пракурору. Да адказнасці прыцягваюцца сем чалавек з кампаніі. Іх будуць судзіць за раскарданне, злоўжыванні, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і адмыванне грошай.
Другую крымінальную справу распачалі з-за таго, што 147 афіцыйных дольшчыкаў заплацілі за будаўніцтва, але свае кватэры пасля гэтага атрымаць не змаглі. Каб дабудаваць іх не хапіла грошай.
Найбуйнейшая афёра ў беларускім будаўніцтве. Раскрадзена 20 мільёнаў долараў
Справу “Терростройинвеста” называюць адной з самых грандыёзных махінацый у гісторыі незалежнай Беларусі. Часам яе параўноўваюць са скандальнай фінансавай пірамідай “МММ”, якая дзейнічала на постсавецкай прасторы ў 90-х.
Вялізны элітны дом па Прытыцкага, 97, які будавала кампанія, сустракае мінчукоў і гасцей сталіцы, калі тыя ўязджаюць у горад па гродзенскай шашы.
Узводзіць будыніну пачалі ў 2007-ым. А праз чатыры гады выбухнуў гучны скандал. Высветлілася, што некаторыя кіраўнікі кампаніі стварылі злачынную схему. Кватэры прадаваліся адначасова некалькім кліентам. Адны былі “афіцыйнымі”, другіх — падманвалі. У фэйкавых офісах людзей спакушалі нізкімі коштамі на элітнае жыллё. Напрыклад, плаціць за метр прапаноўвалі не 2300 долараў, а 1300. Грошы падманутых дольшчыкаў — блізу 20 мільёнаў долараў —раскрадаліся. У выніку пацярпелі каля 500 чалавек. Калі распаліўся скандал, узніклі нават афіцыйныя грамадскія аб’яднанні гэтых пацярпелых.
Першы прысуд па гэтай справе быў абвешчаны яшчэ ў 2011 годзе. Сузаснавальнік “Террастройинвеста” Руднеў і яго падначалены Агароднікаў (былы спецслужбовец) атрымалі па 9 гадоў пазбаўлення волі. Чатыры іншыя абвінавачаныя— ад 4,5 да 7 гадоў.
Аднак гарадскія ўлады пасля скандалу не сталі адразу адсоўваць “Террастройинвест” ад элітнага праекта. Набіраліся новыя дольшчыкі, іх грошы шлі на будаўніцтва. Натуральна, на ўвесь дом фінансаў не хапіла. Адсюль і з’явіліся гэтыя 147 новых пацярпелых з ліку “афіцыйных” дольшчыкаў.
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, незаконна атрыманы даход па матэрыялах другой крымінальнай справы склаў звыш 550 мільёнаў рублёў. 940 мільёнаў, атрыманыя злачынным шляхамі, былі “адмытыя”.
“Трое абвінавачаных ужо кампенсавалі 1,3 мільярда рублёў і звярнуліся з хадайніцтвам да кіраўніка дзяржавы аб вызваленні іх ад крымінальнай адказнасці”, — паведамляе Сяргей Лішко, намеснік начальніка галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта.
Юрыст: Яны ў Мінску нават сабачай будкі не збудавалі. Але Мінгарвыканкам заключыў з імі дамову
Калі Еўрарадыё наведала брыфінг па справе “Терростройинвеста” ў Следчым камітэце, мы ведалі дэталі справы толькі ў агульных рысах. Аднак першае пытанне, якое магло ўзнікнуць ў звычайнага чалавека: ці маглі супрацоўнікі будаўнічай кампаніі пракручваць такую грандыёзную афёру самастойна. Ці была ў іх "крыша"? Таму накіроўваем гэтыя пытанні Сяргею Лішко.
“Інфармацыі, што іх незаконную дзейнасць нехта прыкрываў, у следства няма. Папросту апынулася, што ў іх не хапіла грошай, каб дабудаваць блізу 140 кватэр. Таму на справу (маецца на ўвазе другая крымінальная справа, — Еўрарадыё) звярнулі ўвагу. Калі б не гэтая акалічнасць, іх дзейнасць выглядала б нармальнай і законнай”, — тлумачыць намеснік начальніка галоўнага следчага ўпраўлення.
Усё пачалося з тэндара ў 2005 годзе. Гэта ад самага пачатку была афёра. Дарэчы, у складзе той тэндарнай камісіі былі тры намеснікі старшыні Мінгарвыканкама.
Іншага меркавання прытрымліваецца Васіль Міхневіч, былы старшыня аб’яднання “Падманутыя грамадзяне-дольшчыкі”. Гэтая арганізацыя аб'ядноўвала людзей, якіх надурылі падчас будаўніцтва элітнага дома. Сам Міхневіч падманутым дольшчыкам не быў. Ён — юрыст і палкоўнік у адстаўцы, які ўзначальваў аддзел жыллёвай палітыкі Мінабароны. І калі ўспыхнуў скандал, пагадзіўся адстойваць інтарэсы падманутых людзей.
Дык вось, Васіль Міхневіч выказвае меркаванне, што па справе “Терростройинвеста” пасадзілі пешак. А так званая “крыша” дагэтуль у бяспецы і на высокіх пасадах.
“Не трэба быць юрыстам ці будаўніком, каб зразумець гэтыя рэчы. Усё пачалося з тэндара ў 2005 годзе. Да гэтага “Терростройинвест” у Мінску нават сабачай будкі не збудаваў. Але тэндарная камісія Мінгарвыканкама заключыла з імі дамову. “Терростройинвест” абяцаў, што збудуе такі велічэзны дом за паўтара года. Гэта пры адсутнасці грошай. У складзе той тэндарнай камісіі, дарэчы, былі тры намеснікі старшыні Мінгарвыканкама. Гэта з самага пачатку была афёра. І такое правярнуць без крышы нельга!” — перакананы Васіль Міхневіч.
Як выглядае будоўля за $3,5 мільёны долараў ля цэнтра Мінска
Як дзяржава дапамагла пацярпелым?
“У гэтую гісторыю ўцягнулі больш за тысячу сямей. Здаралася, людзі траплялі ў “Навінкі”, некаторыя сем’і распадаліся”, — эмацыйна ўзгадвае Міхневіч.
Дзяржава ў свой час узялася дапамагаць падманутым дольшчыкам. Адпаведны ўказ падпісваў Лукашэнка. Людзям дазволілі пабудаваць жыллё па сацыяльных коштах. Калі квадратны метр у 2013 годзе ў Мінску быў каля 1600 долараў, то людзі будаваліся за 900-950.
Будаўніку падсунулі не тую дамову, і ён "пазычыў" начальніку 16 тысяч долараў
Што тычыцца афіцыйных дольшчыкаў, то дом па Прытыцкага ў выніку дабудоўвала дзяржаўная арганізацыя “Мінскбуд”. Грошай не было, людзям прапанавалі скідвацца.
Еўрарадыё звязалася з жыхарамі дома і яны патлумачылі, што за кожны квадратны метр трэба было даплачваць прыкладна па 300 долараў. Да прыкладу, калі плошча кватэры была 60м2, даплаціць трэба было каля 18000 долараў. Такім чынам, дом дабудавалі. Пытанне на гэтым нібыта закрылі.