Ці меў рабаўнік банка палітычныя патрабаванні? У Магілёве — суд па гучнай справе

Ці меў рабаўнік банка палітычныя патрабаванні? У Магілёве — суд па гучнай справе

У Магілёве 27 верасня аднавіўся суд па справе аб рабаванні аддзялення Беларусбанка. Расіяніна Паўла Цімафеева вінавацяць у разбоі з мэтай завалодання маёмасцю ў асабліва буйным памеры і захопе групы закладнікаў з карыслівых меркаванняў.

Як піша tut.by, на пасяджэнне прыйшлі пяцёра пацярпелых — жанчыны, якія працуюць у банку, і наведвальніцы ўстановы. 

Цімафееў прыйшоў на мыліцах у суправаджэнні канвою. Суд дазволіў яму даваць паказанні седзячы — "па стане здароўя". Падсудны папрасіў дазволу перадаць ліст сваякам, бо з турмы яго лісты, маўляў, не выпускаюць. Таксама ён прасіў прыпыніць разгляд справы да поўнага выздараўлення. Мужчына кажа, што сцегнавая костка пасля пералому зраслася няправільна, таму левая нага карацейшая за правую на 4 см. Ад гэтага ён адчувае моцныя болі і не можа нармальна сядзець. Калі доўга стаіць, губляе прытомнасць. Цімафееў заяўляе, што яму патрабуецца аперацыя па рэканструкцыі косткі. 

"Наколькі мне вядома, пасля таго як я буду асуджаны і этапаваны, аперацыю мне не зробяць. Я бачыў, каго прывозяць з калоніі ў лякарню, — тых, хто вось-вось памрэ. А мне дакладна скажуць, што і так нармальна. Я прашу зрабіць мне аперацыю, каб я мог у поўнай меры ўдзельнічаць у працэсе. Калі я вінаваты, я панясу адказнасць", — тлумачыць падсудны. Тым часам у даведцы ад начальніка турмы гаворыцца, што стан абвінавачанага здавальняючы. Тое самае пацвярджае начальнік медсанчасці.

Тым не менш працэс не адклалі: астатнія яго ўдзельнікі выступілі за працяг суда. 

Пракурор зачытаў абвінавачванне, у якім падрабязна апісаў дзеянні Цімафеева падчас рабавання банка.

Мужчына ўварваўся ў аддзяленне банка ў масцы і з пісталетам. Як высветліла пазней экспертыза, зброя была небаявой — сігнальны пісталет, падобны да ​​пісталета Макарава, але ён страляў небаявымі патронамі.

Адна з работніц банка паспела націснуць трывожную кнопку, але грошы нападніку аддала. Супрацоўнікі Дэпартамента аховы акружылі будынак, перакрыўшы яму выхад. Таму ўсе, хто быў усярэдзіне аддзялення банка, апынуліся закладнікамі.

Расіяніну далі аўтамабіль. Добраахвотным закладнікам з Цімафеевым паехаў першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў. На адной з вуліцаў праваахоўнікі пачалі спецаперацыю па яго затрыманні. Нападнік пачаў уцякаць, але яго паранілі і затрымалі.

Цімафееў прызнаў віну часткова.

Тры пацярпелыя — дзве супрацоўніцы банка і адна наведвальніца — заявілі пазовы пра кампенсацыю маральнай шкоды. Кожны пазоў — на 5000 рублёў.

Кіраўніца аддзялення банка Алена Бурсава паведаміла ў судзе, што нападнік лаяльна ставіўся да закладнікаў: дазваляў дапамагаць ім, даваць лекі, даволі хутка згаджаўся адпускаць — па адным і групамі. Жанчына кажа, што толькі ў судзе ўпершыню пабачыла твар рабаўніка — у банку ён не здымаў маску. Дарэчы, у яе як пасярэдніцы паміж нападнікам і сілавікамі тыя цікавіліся, ці не вылучае ён палітычныя патрабаванні.

У судзе абвясцілі перапынак да 1 кастрычніка.

Суд над Цімафеевым пачаўся 14 чэрвеня, але абвінавачанага не даставілі ў суд: ён атрымаў ускладненні пасля раны, атрыманай у перастрэлцы з міліцыянтамі.

Як распавядала Еўрарадыё, Павел Цімафееў нарадзіўся і вырас у Магадане. Ён служыў ва ўнутраных войсках МУС Расіі ва Уладзівастоку. У Магілёў прыехаў у чэрвені 2017 года за бацькамі — яны купілі тут кватэру. У Беларусі ён атрымаў від на жыхарства, уладкаваўся на працу, з якой звольніўся за некалькі тыдняў да рабавання банка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі