Ці можа "хлопец з бензапілой" выйсці на свабоду раней

Ці можа "хлопец з бензапілой" выйсці на свабоду раней

Трэцяга сакавіка Мінскі гарадскі суд агучыў рашэнне па справе Улада Казакевіча, падлетка, які ў кастрычніку мінулага года прыйшоў у мінскі гандлёвы цэнтр "Еўропа" з бензапілой і сякерай, забіў адну жанчыну і параніў яшчэ дзвюх. Казакевіча асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі, таксама абавязалі выплаціць больш за 200 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Тлумачым, што гэта значыць.

 

Чаму 15 гадоў

Відаць, асноўнае пытанне. Пасля заяваў самога Казакевіча, якія прагучалі падчас працэсу, нават такі тэрмін шмат каму падаўся вельмі літасцівым пакараннем. "Я шкадую толькі пра тое, што не ўдалося забіць больш людзей", "Я буду забіваць, калі вызвалюся" ― гэта далёка не ўсё, што сказаў Казакевіч.

Але 15 гадоў калоніі для "хлопца з бензапілой" ― максімальна магчымы тэрмін. Суддзя цалкам падтрымаў пракурора. Казакевіча судзілі адразу па некалькіх артыкулах, у выніку вырашылі пакараць 12 гадамі калоніі агульнага рэжыму за забойства, яшчэ 3 гады ён атрымаў за хуліганства (так следства кваліфікавала некаторыя дзеянні Казакевіча ў гандлёвым цэнтры). Агулам выйшла 15 гадоў. Тэрмін адлічваецца ад моманту затрымання восенню 2016 года.

 

Чаму калонія агульнага рэжыму

Па той самай прычыне, па якой Уладу Казакевічу не пагражала смяротнае пакаранне ― на момант злачынства ён быў непаўналетнім (18 Казакевічу споўнілася праз два месяцы, ужо ў на Валадарцы). Змясціць яго ў калонію строгага рэжыму не дазваляе заканадаўства.

Ці можа "хлопец з бензапілой" выйсці на свабоду раней

 

Чаму Казакевіча судзілі, а не лячылі

Бо прызналі адэкватным. Неўзабаве пасля затрымання стан Казакевіча праверылі спецыялісты і не знайшлі прычын для прымусовага лячэння. Хадайніцтва аб паўторнай экспертызе падаваў адвакат, але суддзя адхіліў. "Майго сына трэба прымусова лячыць", ― казаў на працэсе бацька Казакевіча Валянцін. Пра псіхалагічныя захворванні казалі і псіхолагі, якія каментавалі працэс. Яны заўважылі ў Казакевіча праявы глыбокай дэпрэсіі і шызафрэніі. Аднак на рашэнне суда гэта ніяк не паўплывала.

 

Ці можа "хлопец з бензапілой" выйсці з-пад варты раней

На свабоду Казакевіч тэарэтычна можа выйсці ўжо праз 7,5 года. Калі вязень паводзіць сябе добра і адміністрацыя калоніі не мае прэтэнзій, то пытанне аб умоўна-датэрміновым вызваленні могуць разгледзець пасля паловы тэрміну. А вось амністыя па артыкулах Казакевіча практычна не прымяняецца. Тэарэтычна, таксама з калоніі Казакевіч зможа перавесціся толькі ў медыцынскую установу закрытага тыпу. Але пакуль пра гэта гаварыць няма падставаў, таму на свабоду Улад Казакевіч можа выйсці ўвосень 2031 года.

 

Ці могуць яму павялічыць тэрмін

Вядома. Для гэтага Казакевіч павінен альбо злосна парушаць рэжым калоніі, альбо учыніць яшчэ адно (альбо нават некалькі) злачынства. Суд у такіх выпадках адбываецца (як правіла) проста ў калоніі. Практыка даволі распаўсюджаная. Нанова асуджанага вязня могуць таксама перавесці ў калонію строгага рэжыму, альбо нават у "крытую" турму.

 

Якія ўмовы будуць у Казакевіча ў калоніі агульнага рэжыму

Калонія ― гэта адкрытая папраўчая ўстанова. Асуджаныя ў калоніях падзеленыя на так званыя "атрады", сістэма моцна нагадвае армію. Камер у агульнапрынятым разуменні ў калоніях няма, вязні жывуць у своеасаблівых казармах, сцены якіх абклееныя шпалерамі, кратаў на вокнах няма, бо тэрыторыя калоніі ахоўваецца. Кожная з "казармаў" мае сваю тэрыторыю, дзе вязні могуць адносна вольна прагульвацца, размаўляць паміж сабой, паліць. Таксама з дазволу адміністрацыі можна наведваць іншыя "казармы". У калоніях зняволеныя кожны дзень працуюць, там ёсць магчымасць займацца спортам, як правіла, існуюць своеасаблівыя дамы культуры.

Агульны рэжым ад узмоцненага ці строгага адрозніваецца колькасцю магчымых сустрэч з роднымі, перадач і памерамі сумы, на якую вязень можа набыць сабе прадуктаў і неабходных рэчаў у мясцовай краме.

220 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоду пацярпелым выплаціць сам Казакевіч, альбо яго бацькі?

Гэта павінен зрабіць сам Улад Казакевіч. Калі не пажадае выплаціць кампенсацыю добраахвотна, у яго штомесяц будуць вылічваць пэўную суму з заробку. Улічваючы памер кампенсацыі, выплаты пацярпелым могуць зацягнуцца на вельмі доўгі час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі