Ці падтрымаюць брытанцы выхад краіны з Еўрасаюза?

У галасаванні прынялі ўдзел 304 дэпутаты-кансерватары, у той час як чальцы Ліберальна-дэмакратычнай партыі, а таксама апазіцыйнай Лейбарысцкай яго байкатавалі.

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Уільям Хэйг пракаментаваў рашэнне парламента:

“Гэта правільна, што ва ўмовах дэмакратыі вы можаце даць людзям выказацца. У іх не было права голасу з 1975 года (калі быў праведзены рэферэндум аб уступленні Вялікабрытаніі ў ЕС – заўв.Еўрарадыё), што азначае, ніхто маладзейшы за мяне ніколі не галасаваў наконт Еўрасаюза. Гэта ў нашых інтарэсах: працаваць над рэфармаваннем ЕС і даць людзям выбар”.

Тым часам СМІ паведамляюць, што брытанскі бізнэс занепакоены магчымым выхадам з ЕС.

“Найбуйнейшыя бізнес-групы Вялікабрытаніі папярэдзілі палітыкаў, што кампрамісныя мадэлі, як у выпадках з Нарвегіяй і Швейцарыяй, не прапануюць надзейныя варыянты для будучых адносін Вялікабрытаніі з ЕС”, — піша Financial Times.

Раней намеснік дзяржсакратара ЗША па Еўропе і Еўразіі Філіп Гордан выказваў занепакоенасць ідэяй аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС, бо “гэта не адпавядае брытанскім інтарэсам”. А адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Барака Абамы заявіла, што, пакінуўшы ЕС, Вялікабрытанія выключыць сябе з амерыканска-еўрапейскага інвестыцыйнага пагаднення коштам у сотні мільярдаў фунтаў у год.

Прэм’ер-міністр краіны Дэвід Кэмеран ужо выказваў меркаванне, што Вялікабрытанія мусіць застацца ў ЕС. Тым часам, нават калі яна і выйдзе з аб’яднанай Еўрапейскай супольнасці, гэта не стане трагедыяй, лічыць прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд.

Франсуа Аланд: “Я спадзяюся, што Брытанія застанецца, але я не збіраюся ў Еўрасаюзе вырашаць за брытанцаў. Буду шчыры: я хачу, каб еўразона прасоўвалася наперад, бо гэта сэрца аб’яднанай Еўропы. Нам патрэбна далейшая інтэграцыя”.

Калі ж казаць, пра еўраінтэграцыю, то яна, сапраўды, цяпер знаходзіцца не ў лепшым стане. Сумнявацца пачынаюць не толькі краіны, якія ў Еўрасаюзе даўно, але і новыя чальцы. Напрыклад, некалькі дзён таму ў Рызе спалілі сцяг ЕС – у знак пратэсту супраць далучэння Латвіі да зоны еўра ў 2014 годзе. Згодна з апытаннямі, 62% латвійцаў не падтрымліваюць пераход на еўра і 36% пазітыўна ўспрымаюць гэтую ідэю.

У Харватыі, якая далучылася да ЕС тыдзень таму, таксама ўзмацняюцца скептычныя настроі. Калі на рэферэндуме год таму 66% выказаліся за ўступленне, то цяпер гэтую ідэю падзяляе толькі палова харватаў.

Варта дадаць, што, згодна з законапраектам, адобраным брытанскім парламентам, рэферэндум аб сяброўстве ў ЕС мусіць прайсці да 2017 года.

Фота: TORONTO STAR

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі