Ці працуе новаўвядзенне з зонамі для курэння на мінскім вакзале (фота)

Ці працуе новаўвядзенне з зонамі для курэння на мінскім вакзале (фота)

У міжнародны дзень барацьбы з курэннем Еўрарадыё ходзіць па вакзале і назірае за курыльшчыкамі. Новыя месцы для іх выглядаюць так: проста на тратуары белай фарбай намаляваныя чатырохкутнікі, у цэнтры якіх стаіць адмысловая сметніца-попельніца — усё! Людзей у гэтых месцах не шмат — 2-4 чалавекі. Тыя курылкі, што насупраць галоўнага ўваходу на вакзал, карыстаюцца попытам, астатнія амаль увесь час пустуюць.

“Я добра да гэтага стаўлюся, — кажа маладая дзяўчына, хаваючыся ад дажджу пад парасон. — Але гэта не дапаможа! Вы прайдзіцеся па вакзале і ўбачыце, што паляць людзі паўсюль. Таму гэтая мера — умоўная, яна ўвогуле не дапаможа. Хоць я яе падтрымліваю, няхай дзяржава хоць штосьці спрабуе зрабіць”.

Сапраўды, каля выхаду з перахода насупраць вакзала, пад казырком уздоўж будынка, каля выхаду з метро, каля крамаў-бараў, на перонах — паляць паўсюль, не зважаючы нават на АМАПаўцаў, якія ходзяць побач. Што праўда, супрацоўнікі таксама не звяртаюць увагу на парушальнікаў закона, нават не падыходзяць з папярэджаннямі.

“На мой погляд, пройдзе адно-другое пакаленне і гэтая мера паўплывае. Бо кожнаму пастаянна выходзіць папаліць некуды далёка, у асобны загон… можа, гэта дыскрымінацыя, але з іншага боку, можа, моладзь будзе курыць меней, — кажа мужчына, якога не задавальняе толькі адсутнасць даху над курылкай. А вось яго сябра не пагаджаецца з такой думкай. — Вось такая барацьба з курэннем — паўмеры. Калі б забаранілі тытунь увогуле, каб ім увогуле не гандлявалі — я разумею. Ну алкаголь жа забараняюць. Можа, жорстка, але гэта мера, а пакуль паўмеры і дзікунства”.

Амаль усе суразмоўцы Еўрарадыё у выніку ўхваляюць з’яўленне курылак. Вераць, што такім чынам самі кінуць паліць, гэтая дрэнная звычка абміне іх дзяцей і “ўвогуле ўсё ў краіне робяць правільна”. А вось парушальнікі закона аб курэнні ў грамадскіх месцах не баяцца атрымаць штраф. І размаўляць пра сваё стаўленне да новых курылак адмаўляюцца. Убачыўшы дыктафон, усе нібы па камандзе разварочваюцца спінамі і моўчкі працягваюць паліць.

10 лістапада па рашэнні Беларускай чыгункі на 19 вакзалах краіны з'явіліся адмысловыя месцы для курэння. Цяпер у Менску, Оршы, Барысаве, Маладзечне, Баранавічах, Гародні, Лідзе, Лунінцы, Брэсце, Пінску, Гомелі, Жлобіне, Калінкавічах, Магілёве, Бабруйску, Асіповічах, Крычаве, Віцебску і Полацку за курэнне не ў адмысловых курылках грамадзян могуць аштрафаваць на 4 базавыя велічыні — 720 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі