Ці выплацяць удаве загінулага рабочага кампенсацыю ў 106 тысяч долараў?
Жонка Юрыя Савосты расказала Еўрарадыё, якім чынам выйграла суд у "Гомельшкла" і як да яе ставяцца на прадпрыемстве
Гісторыя пра тое, як жонка загінулага супрацоўніка “Гомельшкла” дабілася праз суд кампенсацыі ад прадпрыемства у 106 тысяч долараў, разышлася па беларускім інтэрнэце. Але аказалася, што ёй пакуль не выплацілі ні рубля.
Еўрарадыё расшукала тую самую ўдаву — Марыну Шорсткіну.
“У мяне муж быў цудоўны чалавек. Дужы, здаровы, прыгажун, нашай пары ўсе зайздросцілі па-добраму ў Касцюкоўцы (“Гомельшкло” знаходзіцца ў гэтым гарадскім пасёлку — Еўрарадыё). Амаль год мінуў з дня яго смерці. І нікога не пакаралі, нібыта пад гэтым шклом не чалавека, а муху прыхлопнула”, — не стрымліваецца і плача падчас гутаркі Марына Анатольеўна.
Еўрарадыё папярэдзілі, што жанчына цягам года некалькі разоў трапляла ў бальніцу, дзе ёй узнаўлялі сардэчны рытм. А сёння яна, як кажуць, жыве на таблетках.
“Калі гэта здарылася, паўгода праводзілася праверка. Юрый, канечне, быў цалкам цвярозы. Муж нават не курыў, — працягвае Марына Шорсткіна. — Было падрыхтаванае заключэнне, што вінаватыя майстар змены і жанчына, якая з мужам працавала. Юрый нібыта і павінен быў адмовіцца ад выканання прац. Але майстар напісала тлумачальную, што яна прымусіла іх працаваць пры тых абставінах, каб была большая вытворчасць. У мяне была гэтая папера. Майстар тлумачыла, што працы вяліся з парушэннямі паўгода. Суд гэта ўсё улічыў. Такім чынам, вызначылі, што віны на маім мужу няма”.
Пабачыўшы, што рэакцыі ад “Гомельшкла” няма, Марына Шорсткіна пайшла шукаць праўды ў прафсаюзны камітэт. Там ёй патлумачылі, што ў заканадаўстве існуе норма, паводле якой у выпадку смерці рабочага яго сям’і павінныя сплаціць дзесяцігадовы заробак. Падлічылі, што цягам года перад гібеллю Юрый Савоста зарабляў каля 9,5 мільёнаў рублёў.
“Рэч у тым, што ён меў другую прафесію — каменшчыка-вогнеўпоршчыка. І калі ў нас здараўся на пячы гарачы рамонт, мой муж мяняў так званую насадку. Трэба было пераносіць тэмпературу ў 300-400 градусаў. Для гэтага выдавалі суконныя касцюмы, спецыяльныя, тоўстыя. Іх хапае толькі на адзін раз, каб туды зайсці. За такую працу, канечне, плаціліся вялікія грошы. І вось з улікам гэтай дадатковай зарплаты ў яго склаліся гэтыя дзевяць з паловай мільёнаў. Мой аклад, напрыклад, 3,8 млн рублёў. А я — вядучы інжынер. І па-ранейшаму працую на “Гомельшкле”.
Еўрарадыё: А чаму вы звярнуліся ў суд?
Марына Шорсткіна: “Я напісала адпаведную заяву на імя гендырэктара Кавалёва. У прафкаме мне патлумачылі, што ёсць галіновае тарыфнае пагадненне паміж Мінбудархітэктуры, прафсаюзам і Саюзам будаўнікоў. І на падставе гэтага галоўнага дакумента распрацоўваецца калектыўная дамова. У дакументах прапісана, што ў выпадку гібелі рабочага сям’і загінулага выплачваецца дзесяць яго гадавых заробкаў. Заяву кідалі па ўсім першым паверсе. Першай у штыкі стала галоўны бухгалтар, з якой мы жывем у адным доме. Крычала проста на двары. У выніку закон праігнаравалі. Але ў прафсаюзе работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў да мяне паставіліся вельмі ўважліва. Адтуль прыехалі і праверылі завод, склалі прадпісанне дырэктару і цягам дзесяці дзён прапанавалі яму выплаціць мне гэтыя грошы”.
Але кіраўніцтва “Гомельшкла” на гэта не пайшло. Тады прафсаюзныя юрысты дапамаглі скласці заяву ў суд, дзе Марыну Шорсткіну цалкам падтрымалі. Касацыйная скарга разглядалася ў Гомельскім абласным судзе. І там ранейшую пастанову пакінулі без зменаў.
Але Марына Анатольеўна прагназуе, што яе начальства будзе шукаць новыя спосабы, каб рашэнне суда не выконваць.
Тоны шкла абрынуліся на Юрыя з-за няправільнага мантажу так званай "піраміды"
Прафсаюзны юрыст: “Гэтая жанчына не заяўляла нават маральных стратаў, бо сума і так была немалая”
Многіх цікавіць, ці змогуць на “Гомельшкле”, дзе Марыне Шорсткінай не сплацілі кампенсацыю, абысці чарговае рашэнне суда і пазбегнуць выплат. Рэч у тым, што прадпрыемства, якое займалася шкленнем Нацыянальнай бібліятэкі, насамрэч адно з самых стратных у краіне. Каментатары ў інтэрнэце лічаць, што гэты факт можа сыграць не на руку ўдаве загінулага рабочага.
“Яны нікуды не падзенуцца. Ёсць рашэнне суда, яно набудзе моц, — лічыць Надзея Шумак, галоўны прававы інспектар працы гомельскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў. — Ёсць выканаўчая вытворчасць. І калі грошай, напрыклад, няма, судовы выканаўца накладзе арышт на рахунак прадпрыемства. Ёсць, канечне, выплаты першай чаргі — пагашэнне падаткаў, выплаты ў фонд сацыяльнай абароны. Але і гэтая сума будзе спісвацца. І пакуль яна не будзе сплачаная, ніякіх дзеянняў з рахункам рабіць нельга. Калі адразу не будзе ўсёй сумы, грошы будуць спісвацца так: сёння 5 мільёнаў, заўтра 25, паслязаўтра 40…”
Суд прыняў рашэнне аб тым, каб “Гомельшкло” паводле тарыфнай дамовы сплаціла Марыне Шорсткінай больш за 1 мільярд 114 мільёнаў рублёў. Калі перавесці суму ў долары па сённяшнім курсе, гэта каля 106 тысяч. Як тлумачыць юрыст Надзея Шумак, сума магла быць яшчэ большай.
“Гэтая жанчына не заяўляла маральных стратаў, бо сума і так была немалая. Паставілася да “Гомельшкла”, з разуменнем, па-чалавечы”, — кажа юрыст.
Еўрарадыё: А калі “Гомельшкло” збанкрутуе?
Надзея Шумак: “Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, такога не будзе. Нават калі прыватныя прадпрыемствы робяцца банкрутамі, усё адно ёсць так званая чарга пагашэння пазыкаў. Накладаюць арышт на абсталяванне, нерухомасць, прадаюць усё гэта з аўкцыёнаў. Такім чынам і здзяйсняецца разлік па пазыках. Толькі мы не можам гарантаваць тэрмін выканання судовага рашэння. Але як толькі грошы з’явяцца на рахунку, яны будуць адтуль спісаныя”.
Адпіска з ААТ Гомельшкло: “Прымем рашэнне аб выплаце матэрыяльнай дапамогі ў адпаведнасці з заканадаўствам”
Прапаноўваем гендырэктару Сяргею Кавалёву таксама выказацца па праблеме. З дапамогай афіцыйнага запыту цікавімся, ці сапраўды на прадпрыемстве ігнаравалі звароты ўдавы рэзчыка Юрыя Савосты і як ёй будуць выплачваць кампенсацыю.
На гэта “Гомельшкло” адказала, што там пакуль не атрымалі пастановы Гомельскага абласнога суда.
“Пасля яе атрымання “Гомельшкло” прыме рашэнне аб выплаце матэрыяльнай дапамогі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам”, — пазначана ў афіцыйнай паперы за подпісам гендырэктара.
Ужо хутка будзе вядома, ці паставіцца “Гомельшкло” да ўдавы загінулага Юрыя Савосты законна і сумленна. А таксама ці адрэагуюць нейкім чынам праваахоўныя органы на дзеянні мясцовага начальства.