Ці змяніліся адказы Лукашэнкі па галоўных тэмах за пяць гадоў?

Чарговую прэс-канферэнцыю для беларускіх СМІ Лукашэнка праводзіць 29 студзеня. Еўрарадыё сабрала адказы кіраўніка краіны на аднолькавыя пытанні падчас прэс-канферэнцый 2009—2015 гадоў.

Пра дэвальвацыю, чэргі ў абменніках

2009 год:

“Зніжэнне курса рубля ў пачатку 2009 года было абумоўленае выключна аб’ектыўнымі прычынамі. Але, скажам шчыра, не ў нас гэтая прычына. Я не стану казаць ні на кога, у тым ліку і на Нацыянальны банк, гэта была мая жалезная пазіцыя”.

“Што датычыцца чэргаў у абменніках — пытанне не да мяне. Задача старшыні Нацбанка Пракаповічу была пастаўленая — задаволіць попыт на валюту. І нават калі застаецца апошні мільён ЗВР — аддаць яго у абменнікі. Няхай абменьваюць, няхай забіраюць…”

2011 год:

“Попыт на валюту захоўваецца ажыятажны. Вы хочаце, каб я яго задаволіў? Можна. Але за адзін раз трэба мільярд, а можа быць, і 2 мільярды долараў з золатавалютных рэзерваў укінуць сёння на рынак. Вы гатовыя? Я — не.

Пасля той дэвальвацыі мы ж нармальна жылі. І пасля гэтай будзем нармальна жыць.

Няма ніякай неабходнасці беларускія грошы здымаць. Будзеце бегаць па абменніках здымаць грошы, значыць, не спадзявайцеся на тое, што я вось так масіравана, як сёння расказваў, буду павялічваць дапамогі і зарплаты.

Я кажу вам адкрыта. Хочаце новага крызісу банкаўскага? Бяжыце, здымайце”.

2013 год:

“Калі ўжо шчыра казаць, у былыя часы мы неяк спрабавалі ўтрымліваць моцным беларускі рубель. Да чаго гэта прывяло, вы ведаеце. Я пра гэта таксама адкрыта казаў.

У нас складваецца рэальны рынкавы курс беларускага рубля. Таму не трэба бегаць у абменнікі і стаяць у чарзе... Асноўная маса грошай — не ў звычайных людзей. У звычайных людзей задача — накарміць сям'ю, у краму схадзіць”.

2015 год:

“У вас абваліўся рубель і следам мы дэвальвавалі нацыянальную валюту. І нашы вырашылі цэны павысіць… Вінаватыя падзеі ва Украіне і абвал у Расіі... Санкцыі супраць Расіі і санкцыі ў адказ... Дзейнічалі як умеем і хутка. Правялі пэўныя мерапрыемствы, пра якія вы ведаеце... Робім спакойна. Грошы любяць цішыню…Мы намацалі і стварылі мадэль. Мы вызначылі шлях, і па ім трэба ісці, не шарахаючыся... Мы вырвемся з гэтага складанага становішча, у якое трапіла наша эканоміка".

Пра рэформу ў эканоміцы і далейшыя шляхі

2009 год:

“Вы ведаеце, справа ж не ўва мне. Так, я чалавек, надзелены вялікай уладай па Канстытуцыі нашай краіны, але ж справа не ўва мне, справа ў вас. Я магу вам прапанаваць любы варыянт рэформаў. Хочаце "шокавую тэрапію" — калі ласка. Але беларусы не заслужылі такой ломкі. Мяне можна за гэта крытыкаваць, не згаджацца, але трэба бачыць перш за ўсё людзей”.

2011 год:

“Сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця беларускай дзяржавы быць! Мы ад яе ні на ёту, ні на крок не адступім. Мы ішлі сваім шляхам. І мы будзем ім ісці”.

2013 год:

“Лёгкага жыцця, калі памятаеце, я не абяцаў, але і змрочнымі перспектывамі я вас таксама не запалохваў. І вось мінуў 2012 год. Мы дамагліся хай невялікага, але стабільнага росту эканомікі, забяспечылі павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва. Можа быць, не ўсё задуманае ўдалося ажыццявіць, не ўсе запланаваныя вышыні мы ўзялі, але галоўная мэта, якую мы перад сабой ставілі, дасягнутая. А вы разумееце, што мінулы год быў вельмі складаны. Нам трэба было за год разабрацца з фінансавымі праблемамі і блытанінай, якія нам дасталіся ад 2011 года. І, давайце будзем шчырыя, больш-менш мы з гэтай праблемай справіліся”.

2015 год:

"Я магу прапанаваць як мінімум дзве вельмі жорсткія мадэлі, пра якія будуць гаварыць ва ўсіх кутках свету. Але вы іх не вытрымаеце. Калі я прапаную амерыканскую мадэль, то вуліцы запоўняцца баевікамі, будуць рабіць майданы, а людзі застануцца галоднымі... Калі вы пачняце бегаць ад абменніка да абменніка і няшчасныя рублі беларускія мяняць на валюту, вядома, вы нас штурхняце да таго, што мы вымушаныя адпусціць валюту ў вольнае плаванне. Дык якія да мяне прэтэнзіі? Я вас папярэджваў. Але я ведаў, што вы як сапраўдныя беларусы мяне не паслухаеце".

Пра цэны

2009 год:

“У нас у краіне сітуацыя стабільная і працэсы кантралююцца. Зразумела, мы заўтра можам узяць і замарозіць цэны. Да чаго гэта прывядзе? Мы гэта ўжо праходзілі: да дэфіцыту на прылаўках”.

2011 год:

“Сёння людзі перажываюць, што цэны высокія, а некаторыя — імпарту не хапае. Але купіць у краме і паесці ёсць што? Грошай не хапае? Некалькі месяцаў — і мы выйдзем з гэтай сітуацыі. Мы пра гэта таксама пагаворым асобна”.

2013 год:

“Я не хачу, каб людзі заходзілі ў краму як у музей, — паглядзелі і пайшлі. Для мяне гэта боль”.

2015 год:

“Улады трымаюць цэны і не даюць скокнуць. А я кажу, што сітуацыя не такая, як раней. Цяпер нафта таннейшая, значыць сабекошт ніжэйшы. Чаму мы вам павінныя даваць набіваць кішэні? Калі сабекошт паніжаецца, мы ж не паніжаем цану... Бананы каштавалі долар. Учора гэта было 10-11 тысяч, сёння 13-14. Я бананы не ўжываю. Пераб’ёмся... Да нас завозяць бананы і іншую заразу, але і без іх пераб'ёмся".

Пра сацыяльныя праграмы і льготы

2009 год:

“Ні аб якім скарачэнні не можа быць гаворкі. Сярэднямесячны памер пенсій па ўзросце вырасце на 10%. Сярэдняя заработная плата цягам года павінная дасягнуць 500 долараў. Гэтая лічба святая.

…У гэтым плане (ільготных крэдытаў — заўвага Еўрарадыё) мы ні ў якім разе нічога згортваць не будзем, нават у самыя цяжкія часы нашай гісторыі”.

2011 год:

“Мы ні ў якім разе не згортваем гэтую праграму. Усё-такі я аптыміст. І перакананы аптыміст. У мяне ёсць аснова для гэтага. Гэта ненадоўга — тое, што ў нас адбываецца. Мы бачым, я яшчэ раз падкрэсліваю, выхад з гэтай сітуацыі. Заўтра, я ўпэўнены, будзе лепш. Мы не спыняем праекты.

Цяпер наогул нічога не трэба згортваць. Гэта прынцыпова. Трэба прыстасавацца да сітуацыі, але не згортваць. Чаму? Не дай Бог, мы нешта згорнем і загубім, а сітуацыя зменіцца, гэта дакладна. А раптам яна ў гэтым годзе зменіцца да лепшага? Што мы будзем рабіць тады?”

2013 год:

“Мы ў мінулым годзе і так звыш плана аказалі падтрымку тым, хто мае патрэбу ў жыллі, на энную колькасць мільярдаў рублёў. У нас народ хоча ўсё і адразу за адзін год. Але трэба разумець, што на гэта патрэбныя грошы. І па меры магчымасці ўкладваем сродкі ў будаўніцтва жылля. Было, прыпынялі выдачу гэтых крэдытаў, але тым не менш змаглі прафінансаваць усё, што планавалі. І ў гэтым годзе збіраемся ў гэтым кірунку дзейнічаць. Але трэба прывыкнуць да таго, што мы будзем ільготным крэдытаваннем ахопліваць перш за ўсё тыя слаі насельніцтва, якія маюць у гэтым патрэбу.

2015 год:

“Ніякага лішняга льгатавання не будзе. Хто павінен працаваць, той будзе працаваць”.

Пра дармаедаў

2009 год:

Кажа пра 100% аплату камунальных плацяжоў у будучыні: “Вось калі мы пабачым тэндэнцыю, што людзі маюць магчымасць заплаціць, у Лукашэнкі не заржавее — я дармаедаў цярпець не магу. Але народ у цяжкім стане, што мы яго ціснуць будзем цяпер?”

2013 год:

“Мы “нахіляем” і будзем “нахіляць” такіх утрыманцаў, бамжоў, каб яны працавалі. Як гэта ў нас прынята па дзецях: кінуў дзіця — ідзі і працуй. Не будзеш працаваць — мы цябе прымусім працаваць, каб ты ўтрымліваў сваё дзіця”.

2015 год:

За Лукашэнку фактычна адказвае міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Міністр прыводзіць лічбы — каля 50 тысяч чалавек у краіне ўвогуле не бачаць неабходнасці працаваць. Каля 200 тысяч беларусаў больш за 6 месяцаў не ўладкоўваюцца на працу. Марыяна Шчоткіна ўдакладніла, што дакумент аб дармаедстве дапрацоўваецца і будзе ўяўляць сабой збор, які будзе сплачвацца на фінансаванне дзяржвыдаткаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй. 

Пра заняпад беларускай мовы

2009 год:

“Я вам скажу шчыра: пытанні моўныя вырашаныя ў нашай краіне раз і назаўсёды, прынамсі, пакуль я прэзідэнт. Жадаеце размаўляць на беларускай мове — размаўляйце, вам ніхто не перашкаджае. Хотите говорить на русском языке — пожалуйста, говорите”.

2015 год

“Вам жа там ніхто не замінае размаўляць на працы на беларускай? Вось гэта галоўнае для мяне. У нас дзве мовы, і гэта тэма закрытая, пакуль я прэзідэнт. Калі ў Расіі нехта напружваецца, напэўна, журналісты асобныя... Але не кіраўніцтва і рускі народ, яны ж не напружваюцца, што чачэнцы размаўляюць на сваёй мове. Але я не адпрэчваю беларускую мову. Гэта нас адрознівае ад рускіх. Мы маем на ўвазе, што беларуская мова адрознівае нас як нацыю. Мы павінныя яе ведаць як рускую. У мяне малы расце, я хачу каб, ён ведаў беларускую дакладна так жа, як рускую”.

Пра кадравыя перастаноўкі

2009 год:

“Вы кажаце пра перастаноўкі, нехта пра ратацыі, нехта пра новыя прызначэнні. Ёсць усё — і тое, і другое. І ратацыя, бо кадры не павінныя заседжвацца”.

2013 год:

“Што тычыцца адстаўкі ўрада... Вы з маіх вуснаў ні разу аб гэтым не чулі. Калі нам трэба некага замяніць з нейкіх прычынаў, вы бачылі таксама, што за Лукашэнкам не заржавее — цягам сутак гэтыя пытанні вырашаюцца”.

2015 год:

“Іерархія выбудаваная такім чынам, што ключавымі ў краіне з'яўляюцца прэм'ер-міністр і губернатары. Гэта ключавыя. Ёсць 12 найвышэйшых службовых асобаў. Людзі прасоўваюцца па лесвіцы знізу ўверх.

Каго прызначаць прэм'ерам? Вядома, эканаміста. Якога? Які прайшоў знізу ўверх. Быццам бы мы тут і калоду тасуем, але паколькі ёсць правіла руху знізу ўверх па лесвіцы, гэта не голад кадраў. Гэта адзінкі. Міністра прасцей знайсці. У нас тысячы прадпрыемстваў прамысловых, і найлепшыя іх кіраўнікі могуць быць міністрам… Чаму я павінен прыбіраць чалавека, які гатовы прыносіць карысць і прызначаць, рызыкуючы, новага, не ведаючы, падымецца ён да ўзроўню Сямашкі ці не?”

Пра прэзідэнцкія выбары

2009 год:

“Вы ведаеце, ну калі ўжо вельмі шчыра, я не напружваюся наконт выбараў. Я не хвалююся з гэтай нагоды. Будзе нармальна развівацца эканоміка, выканаем мы тое, пра што я толькі што сказаў, — паверце: людзі падтрымаюць дзейную ўладу, дзейнага прэзідэнта, калі ён захоча абірацца на наступны тэрмін, і падтрымаюць канструктыўна настроеных дэпутатаў.

Я вам абяцаю, што з майго боку ні на мясцовых выбарах, ні на іншых ціску ніякага не будзе. Асабліва нашы прэзідэнцкія выбары. Я думаю, што прыйшоў той перыяд, калі людзі самі павінныя вызначыцца. Мы будзем сумленна, шчыра ісці на выбары да людзей”.

2013 год:

“Корань маёй палітыкі — гэта сумленнасць, шчырасць у забеспячэнні спакойнага жыцця людзей.

Я не як кандыдат вам кажу, я як прэзідэнт, таму што аднаму Госпаду вядома, ці будзе кандыдатам у прэзідэнты цяперашні прэзідэнт і хто там будзе наогул. Я гэта кажу шчыра, без усялякіх выкрутасаў палітычных.

Што тычыцца так званых, як вы сказалі, апазіцыйных кандыдатаў, я як беларус іх на нейкіх кіруючых пасадах у Беларусі наогул бачыць не хачу. Разумееце? Гэта здраднікі інтарэсаў беларускага народа. А я хачу бачыць людзей, якія змагаюцца за незалежную краіну!”

2015 год:

“…Калі б вы, беларускі народ, адправілі мяне самі асабіста на пенсію на прэзідэнцкіх выбарах, то... вядома мне было б непрыемна, як любому чалавеку, прайграць кампанію. Можа, я б і пакрыўдзіўся на тыдзень, але я сябе ўжо пераканаў, што калі народ так вырашыў, то гэта рашэнне народа. Але калі нешта здарыцца з краінай, дык выбачайце! Вы выбралі гэты шлях, вы вызначыліся, выбралі гэтага чалавека. З мяне ўжо нічога не возьмеш. Я як чалавек цяпер разважаю.

Ну і потым я часта чую з апазіцыйных СМІ: "20 гадоў, ну колькі можна?" Я таксама як чалавек думаю: слухай, сапраўды колькі можна?! Але сам з гэтага я не пайду і сысці не магу. Не маю права. Я ўжо тлумачыў, што калі абрынецца краіна, і я сышоў сам, то мяне абвінавацяць у баязлівасці і з мяне спытаюць. І яны маюць рацыю! Калі я да таго часу буду яшчэ жыць. І я вам шчыра кажу, што гэта так. Таму не думайце, што я, ухапіўшыся за гэтае крэсла, ужо занадта ў гэтым плане напружаны. Ды я палітык, я павінен змагацца, як гэта прынята па законах палітыкі”.

Пра палітвязняў

2011 год:

“Патрабуюць: вызваліце палітзняволеных! Я кажу: па-першае, у нас няма палітзняволеных, у нас нават у Крымінальным кодэксе няма артыкула. Калі вы нешта падвяргаеце сумневу, мы гатовыя.

…Так, па нашай Канстытуцыі я маю права вызваліць зняволенага, але гэта не абавязак, памілаваць чалавека. Але па-першае, яны, па-мойму, павінныя былі звярнуцца да прэзідэнта з просьбай аб памілаванні. Будзе такі зварот — я буду разглядаць”.

2013 год:

“Што яны (палітвязні) павінныя зрабіць, каб выйсці на волю? Колькі было гэтых палітвязняў, скажыце? Ці могуць яны выйсці на свабоду? Так, могуць. Пры якіх абставінах? Чытайце "Савецкую Беларусь". Я адказаў на ваша пытанне? Не адказаў? Гэта значыць, вы незадаволеныя. Першае: адбудуць тэрмін — выйдуць. Датэрмінова? Чытайце закон, там усё напісана”.

2015 год:

“Я чую, што ў гэтай сувязі кажуць на Захадзе. Яны прама кажуць — палітвязні. У нас няма палітычнага артыкула ў Крымінальным кодэксе... Правільна ці няправільна адправілі Статкевіча туды, але ён там. Цяпер усе яго сябры, акрамя яго самога, хочуць, каб Статкевіч быў на волі. Але ёсць працэдура. І не думайце, што я яго трымаю, каб пасля выбараў выпусціць. Але прашэнне аб памілаванні для мяне не галоўнае, хоць па законе так трэба…”

Адносіны з Расіяй і Захадам

2009 год:

“Мы забыліся, што мы ў цэнтры Еўропы. Таму павінныя выбудоўваць нармальныя адносіны з усімі суседзямі і з галоўнымі нашымі монстрамі — Расіяй і Еўрапейскім саюзам”.

2011 год:

Беларусь зрабіла 21 крок насустрач ЕС, а ЕС у адказ — ніводнага”.

2015 год:

"Што тычыцца адносінаў з Еўропай. Вядома, я бачу, што адбываецца ў нашых заходніх партнёраў у сувязі з гэтым. Але я не вельмі ўпіваюся гэтым, што сітуацыя так склалася і нам дапамагла. Я не вельмі давяраю заходнім партнёрам. Гэта палітыка — брудная справа. Сёння Захаду наша пазіцыя выгадная, яны нам скажуць дзякуй. Мы гэта чуем, але ніякіх зрухаў не будзе, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары. Нас гэта не напружвае. Адзінае, я хацеў бы, каб ЕС і ЗША, якія далёкія ад гэтага крызісу, і Расія, якая вельмі ўцягнутая ў гэты крызіс, і Беларусь разам аб'ядналіся для спынення вайны. Хто хоча ваяваць — ідзіце ў Данецкі аэрапорт і малаціце адно аднаго".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі