Ціханоўская абмеркавала з старшынёй Еўрасавета прыезд вагнераўцаў у Беларусь
Перамовы Святланы Ціханоўскай і Шарля Мішэля / t.me/CabinetBelarus
28 чэрвеня ў Бруселі адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай і прэзідэнта Еўрасавета Шарля Мішэля. Як паведамляе прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета, у сустрэчы тамсама прымаліалі ўдзел яе намеснікі Павел Латушка і Валерый Кавалеўскі.
Падчас сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі ваенна-палітычную сітуацыю ў Беларусі, прыезд Прыгожына і групы "Вагнер" у краіну, размяшчэнне расійскай ядзернай зброі, наступствы для рэгіянальнай бяспекі.
Ціханоўская звярнула ўвагу, што беларусы настроеныя супраць размяшчэння расійскіх войск, наёмнікаў і ўзбраення ў Беларусі. Такое размяшчэнне, па яе словах, з’яўляецца незаконным. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіла папрасіла Шарля Мішэля ўзняць пытанне Беларусі падчас пасяджэнняў Еўрасавета, якая пачынае сваю працу 29 ліпеня.
Кавалеўскі падкрэсліў важнасць актыўных палітычных камунікацый Еўрасаюза і яго чальцоў наконт сітуацыі ў Беларусі. Ён заклікаў да практычнай падтрымкі намаганняў беларусаў у барацьбе за вызваленне краіны ад дыктатуры і расійскай вайсковай прысутнасці.
Латушка звярнуў увагу на неабходнасць санкцый супраць Лукашэнкі і яго атачэння — як за злачынствы супраць чалавечнасці, так і за саўдзел у расійскай ваеннай агрэсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.