Цкаванне: ахвяры і пераследнікі

Еўрарадыё
Еўрарадыё

Некаторыя праблемы не канчаюцца разам з навучальным годам. З булінгам дзіця можа сутыкнуцца не толькі ў школе, але і ў лагеры адпачынку, у спартыўнай камандзе, у двары. Адзіны чалавек, на дапамогу якога можа разлічваць дзіця ў гэтай сітуацыі, гэта бацька або маці. Але менавіта бацькам у сілу самых розных абставін складана вызначыць той момант, калі іх дзіця пачынае хаваць ад іх, што яго ў школе цкуюць. Прычыны булінгу бываюць самыя розныя, таксама як і ахвяры цкавання.

Ахвяры

Аднакласнікі пачалі цкаваць васьмігадовую Эленіко Гагохія за тое, што яе маці падтрымлівае ЛГБТ-актывістаў. У гэтым выпадку незадаволенасць зарадзілася ў асяроддзі бацькоў, а дзеці ўсяго толькі аказаліся транслятарамі агрэсіі дарослых. Для таго каб пазбавіць дзяўчынку ад булінгу, яе давялося перавесці ў іншую школу. Падрабязнасці чытайце ў матэрыяле JAM-News "Буллинг у школах Грузіі: калі нельга быць непадобным на іншых".

Вучаніца малдаўскай школы Дамніка пакутуе на дэрматыт, што само па сабе вельмі непрыемна для падлетка, асабліва калі дэфекты скуры з'яўляюцца на твары. Але калі гэтыя недахопы заўважаюць навакольныя і яны ператвараюцца ў падставу для цкавання, жыццё падлетка становіцца невыносным. Дамніка спрабавала расказаць бацькам пра цкаванне ў школе, але яны лічылі яе праблемы нязначнымі. Выратаванне прыйшло з нечаканага боку: бацькі прачыталі публікацыі ў СМІ пра падлеткавыя самагубствы і звярнулі ўвагу на сваю дачку. Гісторыю Дамнікі чытайце ў публікацыі ZDG "Не бяры блізка да сэрца": булінг і абыякавасць дарослых".

Але цкаваць у школе могуць не толькі дзяцей. Праведзенае НДУ "Вышэйшая школа эканомікі" (Расія) даследаванне паказвае, што 70 % настаўнікаў у той ці іншай ступені сутыкаюцца з булінгам. Вучаніца маскоўскай школы Даша расказала, як яны з класам зацкавалі настаўніка хіміі, проста таму, што ён быў новенькі, молада выглядаў і заікаўся. Падрабязнасці даследавання аб цкаванні настаўнікаў у расійскіх школах чытайце ў артыкуле "Новой газеты" "Настаўнік — гэта мішэнь. Педагогаў у школе цкуюць часцей, чым вучняў".

Пераследнікі

Як правіла, ужо сам факт таго, што дзеці збіраюцца ў групу і пачынаюць цкаваць ахвяру, кажа пра тое, што з групай не ўсё добра і часцяком дапамога патрэбна пераследніку ў большай ступені, чым ахвяры. "У маёй сям'і эмоцыі ў дарослых былі пад забаронай", — расказвае Марына Пірагова, якая ў дзяцінстве станавілася ініцыятарам цкавання аднакласнікаў. Як вынікае з яе расказу, менавіта эмоцыі, якія атрымлівалася выціснуць з аднакласніка з дапамогай гвалту, прыносілі дзяўчынцы задавальненне. Калі Марына вырасла, яна ўсвядоміла сваю праблему, адшукала большасць сваіх ахвяр і выбачылася перад імі. Чытайце гісторыю Марыны ў публікацыі Еўрарадыё "Мы ўсе — ахвяры булінгу". Як і за што падлеткі цкуюць адно аднаго".

Але самае страшнае адбываецца тады, калі дарослыя не проста не перашкаджаюць, але і падтрымліваюць булінг, як гэта здарылася ў бакінскай школе № 162. Калі Эліна Гаджыева звярнулася да настаўніцы з просьбай аб дапамозе, таму што яе ў школе цкавалі, класная кіраўніца адказала "мабыць, ты сама вінаватая і заслужыла гэта". Гісторыя скончылася трагічна. Чатырнаццацігадовая Эліна выкінулася з акна школы. Уся гісторыя змяшчаецца ў артыкуле Meydan.tv "Сама вінаватая і заслужыла гэта".

C булінгам можна і трэба змагацца заканадаўча. У краінах Усходняй Еўропы закон супраць булінгу — рэдкасць, хоць заходні вопыт паказвае, што антыбулінгавае заканадаўства працуе. У студзені 2019 года ва Украіне быў прыняты закон аб булінгу і нядаўна пачалося яго ўжыванне.

Але самы галоўны чалавек у гэтай гісторыі ўсё ж такі маці або бацька. Каб выжыць, дзіцяці, нават самаму найбрыдчэйшаму падлетку, вельмі важна ведаць, што, што б ні здарылася, — дарослы на яго баку.


Над праектам у рамках "Медыясеткі" працавалі: Дзмітрый Аваліяні, Вольга Булат, Алекс Бурэц, Марыя Вайтовіч, Святлана Казлова, Маша Калеснікава, Крысціна Карнеску, Андрэй Мамай, Іаана Мунцяну, Ніно Меманішвілі, Наніко Сісвадзэ, Жэня Снежкіна, Павел Хадзінскі і Мейдан ТБ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі