Cтралкоўскі: Пасля маіх пытанняў прэзідэнту ў дэканат мяне не выклікалі

“Еўрарадыё” паразмаўляла са студэнтам 3-га курса журфака БДУ Сяргеем Стралкоўскім, які на мінулым тыдні задаваў самыя непрыемныя пытанні прэзідэнту. Студэнт агучыў, что Лукашэнку называюць ворагам свабоднай журналістыкі, а аднолькавыя погляды, якія транслююць нашыя тэлеканалы, ён параўнаў з суцэльнай згодай на могілках. Пасля адказу на пытанні Сяргея Аляксандр Лукашэнка нават усклікнуў: задавайце апазіцыйныя пытанні! - Ці праводзілі інструктаж перад сустрэчай з прэзідэнтам, якія пытанні лепш не задаваць?

- Я чуў такое: задавайце любыя пытанні. Прынамсі, так нам нашая куратарка казала.

- А што падштурхнула цябе задаць такое дзёрзкае пытанне?

- Хм... Дзёрзкія... Я зараз разумею, што пытанне было ўвогуле ніякае. Сказаць: “Вас так называюць, як вы да гэтага ставіцеся?” – гэта вельмі недарэчна. Але мяне вымусіла сказаць штосьці непрадуманае тое, бо сапраўдных пытанняў, якія павінны цікавіць будучых журналістаў, не было. Я не думаю, што большасць прысутных у залі цікавілі пытанні, напісаныя загадзя. Іх, дарэчы, было не так шмат. Альбо пра сайт аднакласнікаў... Думаю, што тых пытанняў, якія сапраўды цікавілі людзей, не задавалі. Ну не было такіх. Многія людзі хацелі спытаць, але, мабыць, баяліся.

- А ты не баяўся?

- Не, я не баяўся.

- Адказ прэзідэнта цябе задаволіў?

- Адказ я працэнтаў на 80 ведаў. Ізноў: навошта я тады задаваў пытанне? Але зноў жа, мы - будучыя журналісты. Журналісты – гэта не людзі, якія павінны баяцца патурбаваць, пакінуць непрыемны асадак на душы ў прэзідэнта ці штосьці такое. Мне крыўдна стала за ўсіх у гэтай зале. Канечне, яму ўжо неаднойчы задавалі падобныя пытанні. Таму можна сказаць, што бязглузда было такое пытацца. Але з іншага боку, праблема існуе. А пакуль яна існуе, не задаваць пытанняў, значыць – не заўважаць гэтай праблемы.

- І як бы цяпер перафармуляваў пытанне?

- Магчыма, я зноў жа задаў пытанне наконт плюралізма думак, а дакладней – яго адсутнасці. Я выказаў бы некаторыя тэзісы, якія аспрэчыць было немагчыма. І верагодна, канчатковае пытанне прагучала б не так: “А як вы ацэньваеце той эпітэт, якім вас называюць?”. Трэба было неяк больш граматна сфармуляваць. Галоўнае – аргументы з-за хвалявання ў мяне не атрымалася пералічыць.

- А ці прагучалі ад іншых студэнтаў пытанні, што табе спадабаліся?

- Пытанне пра Плешчаніцы можна вылучыць. (Пра тое, што ў гарадскім пасёлку няма прадпрыемстваў, культурных цэнтраў і моладзі няма дзе працаваць. – Рэд.) Бо калі сапраўды за Плешчаніцы возьмуцца, то гэтая дзяўчына можа стаць героем. Усяго толькі 10 секунд, якія змянілі лёс Плешчаніцаў.

- Табе пасля выкладчыкі і сябры казалі што-небудзь?

- Ну, такога, каб выклікаць на сур’ёзную размову ў дэканат, не было. Некаторыя падыходзілі, казалі, што я малайчына. Некаторыя сказалі, што незразумела, навошта я задаваў гэтае пытанне. То бок, некаторыя думаюць, што я гэта зрабіў, каб выпендрыцца.

- А на лекцыях ты таксама так дапытваешся?

- Усё залежыць ад сітуацыі. Калі разумееш, што чалавек у чымсьці неадэкватны, што ён не можа даць табе адказы на пытанні, дыялогу не атрымаецца. Тады, вядома, я не буду канфліктаваць. Не бачу ў гэтым сэнсу.



ЯК ГЭТА БЫЛО

***
Стралкоўскі: -- У еўрапейскай афіцыйнай думцы і ў беларускай неафіцыйнай вас часта называюць ворагам свабоднага развіцця журналістыкі. Асноўныя довады: афіцыйныя СМІ фінансуюцца грамадствам, дзе існуе мноства пазіцыяў, але ў той жа час асвятляюць толькі адну-адзіную пазіцыю. Уведзеная таксама забарона на выкарыстанне слова “беларускі” ў назвах газет, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку. Як вы ставіцеся да таго, што вас некаторыя так называюць?

Лукашэнка: -- Вельмі спакойна. Мяне яшчэ не так называюць! Апошні дыктатар Еўропы, яшчэ неяк мяне называюць. Ведаеце, як кажуць? Хоць гаршчком назаві, абы ў печку не ставіў. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся. Што тычыцца майго варожага стаўлення да журналістаў… Калі вы задавалі пытанне, мяне падмывала вас запытаць: ну скажыце які-небудзь неафіцыйны, як вы сказалі мякка, альбо апазіцыйны пункт гледжання! Вось я сяджу перад вамі, вось нашыя суддзі, ну агучце які-небудзь пункт гледжання, пакрытыкуйце мяне за штосьці. Што я не так зрабіў? Пасля таго як я вам расказаў, як я выбіраў гэты шлях, у пакутах, без пакут… Крытыкуйце, толькі шчыра.

Стралкоўскі: Я не хачу кагосьці крытыкаваць…


Лукашэнка: Не, не “кагосьці” – мяне!

Стралкоўскі: … але я б хацеў сказаць адну рэч: думаю, яе разумеюць усе. Суцэльная згода, аднолькавыя погляды, усмешкі на тварах вядучых навінаў… Суцэльная згода можа быць толькі на могілках. Не можа грамадства развівацца толькі на падставе аднаго меркавання…

Лукашэнка: Абсалютна так!

Стралкоўскі: Гэта небяспечна для грамадства.

Лукашэнка: Дзе вы бачылі, што я не падтрымліваю розныя меркаванні, розныя пункты гледжання? Я ўвогуле завяршаю нараду, калі няма альтэрнатывы, сутыкнення пазіцый. Калі толькі з’яўляецца так званая “аднадушнасць” – гэта труба! Што тычыцца тэлебачання, радыё – там розныя пункты гледжання, ты паглядзі ўважліва на нашым тэлебачанні і радыё. Але там няма вось гэтага пылу, няма вось гэтай бойкі, калі па мардасах адзін аднага б’юць. Вы намякаеце на тое, што ў свеце ёсць незалежныя СМІ? Ёсць?

Стралкоўскі: Я б не сказаў, што ў Расіі цяпер сітуацыя моцна адрозніваецца, але ў той жа час там ёсць дэбаты, куды запрашаюцца вядомыя людзі. У нас на ТБ няма дэбатаў, акрамя ток-шоў “Выбар”. Выбар чаго? Павінны запрашацца вядомыя людзі, якія выказваюць грамадска-значную пазіцыю, у нас жа такога няма…

Лукашэнка: Ну, ведаеце, не хачу ўлазіць у творчы працэс нашых журналістаў. Гэта, між іншым, ваша праблема! Я б абавязкова ўзяў іх, гэтых слупоў дэмакратыі, усіх сюды, няхай яны паспрачаюцца адзін з адным! Я ўяўляю, як прыйшоў бы Шушкевіч, вядомы чалавек, на тэлебачанне да Зімоўскага і Казіяткі. У свой час яны іх ганьбілі несцярпіма. Ну, проста жах. Здзекваліся над гэтымі людзьмі – “розныя казіяткі” называлі іх ды іншае. Я ўпэўнены, як кіраўніка яго цяпер не пусцяць туды. Калі няма Пятрова і Сідарава, значыць, нікога няма? Там ёсць іншыя людзі, якія з’яўляюцца носьбітамі іншых пунктаў гледжання.
Я ж бачу, у вашай аўдыторыі спачатку сядзела палова, якая так з’едліва: ну ты нам, маўляў, скажы, а мы паслухаем… Цяпер іх, можа, трохі меней стала, але яшчэ нямала. Я абсалютна шчыра з вамі размаўляю, у вас ёсьць свой пункт гледжання. Але прашу вас, Сяргей, вы ж будучыня вашай прафесіі, хай усё будзе шчыра. Вам пакажуць на экране шоў, як яны там змагаюцца, але за кулісамі ў іх адзін пункт гледжаньня, адзін грашовы эталон. Ну, сказалі Жырыноўскаму, нашаму лепшаму сябру і прыхільніку ў свой час, што трэба па Лукашэнку патаптацца, ён і па беларускім народзе патаптаўся. Цяпер ён у чарзе стаіць, каб да мяне патрапіць. Прабачце, дзякуй, ты абразіў мяне і народ.

І потым, ёсць у нас дастатковая колькасць СМІ, якія іншы пункт гледжаньня падаюць і паліваюць вашага прэзідэнта, калі ён ваш… Я часта іх гляджу, каб даведацца болей пра сябе. Таму нічога падобнага! Але СМІ сур’ёзнага зместу не прыватызуюцца, як і ўся ідэалогія. Не прыватызуюцца, гэта мой сталёвы пункт гледжаньня: яны павінны працаваць на народ. Калі ласка, прыходзьце (мяне чуе кіраўнік), спрачайцеся на экранах да хрыпу, але ў інтарэсах дзяржавы. А не так, што вы прыдзеце і будзеце распавядаць, якія амерыканцы малайцы, што разбамбілі Ірак. Нам гэта трэба? Які б не быў Хусэйн, але Буш нам 0,5 млн. долараў на Нацыянальную бібліятэку не даў. А Хусэйн ва ўмовах блакады 0,5 млн. долараў прыслаў. Гэта, можа, і маленькая капейка для яго (царства яму нябеснае!), але ён прыслаў: перадайце прэзідэнту, гэта невялікі ўнёсак, але я хачу, каб у гэтай Нацыянальнай бібліятэцы была і мая доля! Чаму мы павінны кепска да яго ставіцца? Дзе там гэтая Беларусь, але Буш жа гэтага не зрабіў! І бліжэй ніхто гэтага не зрабіў!

Таму, Сяргей, гэта, можа, яшчэ з-за недасведчанасці, з-за малога адрэзку часу, які вы пражылі. Калі я яшчэ быў студэнтам, я быў рэдактарам агульнай інстытуцкай газеты. Уяўляеш, які я быў тады! Я ніводнаму выкладчыку нічога не дараваў! Мы біліся з дэканам, калі ён толькі крыва паглядзеў на майго калегу-студэнта. І яны мне ўсё даравалі. А вось прамінуў час, і я думаю, што жорстка тады перастараўся. Але гэта максімалізм, ён нам уласцівы. Хочацца, каб і на экране гэта было, але ўсё павінна быць у інтарэсах дзяржавы. І ніякіх журналістаў я не абмяжоўваю! Вы запытайцеся, колькі разоў я ім казаў: хлопцы, вы не рабіце з мяне невядома што, паказвайце мяне які ёсць, з усімі недахопамі і гэтак далей. Лягчэй будзе народу. А мяне на экране адным будуць бачыць, а ў жыцці – іншым. Нікога мы не душылі. Нашто мне вас душыць? Я вас абсалютна не баюся. Я не належу да тае кагорты прэзідэнтаў, што баяцца журналістаў і хаваюцца ад іх. Абсалютна не баюся. Я магу хоць усіх вас запрасіць на любое мерапрыемства, хоць прыватна-інтымнага характару. Калі я іду ў лазню, ідзіце і вы, піце гарбату, чаго мне баяцца. Кажуць: вось мы б хацелі да вас у госці прыйсці, паглядзець, як вы на лыжах катаецеся. Калі ласка, бяры лыжы і едзь. Чаго рот разявіўшы стаяць і глядзець на лыжню? Мне няма чаго вас баяцца.

І калі я дзесьці, як вы кажаце, абмяжоўваю інтарэсы журналістаў, то толькі ў інтарэсах дзяржавы. А хто сказаў, што вы лепей за мяне ведаеце інтарэсы дзяржавы? Хаця, зноў жа, я не магу прыгадаць, каб я каго стараўся ў рамкі паставіць з журналістаў. Пішыце, кажу. Кожнаму з цяперашніх кіраўнікоў тэлеканалаў нялёгка было, але яны ішлі ў адкрытую. Ім дахаты нельга было патрапіць у свой час, як мне Юры Казіятка казаў пасля гэтай сваёй аналітычнай праграмы, кажа, каля пад’езда чакалі. І мне даводзілася шмат каго прыкрываць сваёй службай бяспекі. Бачыце, камусьці не спадабалася тое, што яны сказалі! Ну а сёння, калі ўжо шмат хто зразумеў, што да чаго, і калі ўжо жыццё стабілізавалася, усе паразумнелі.
Яны ведаюць, наколькі дарагія стабільнасць і вызначанасць, а СМІ могуць ўмомант разбурыць гэта ўсё. У вашых руках зброя самай разбуральнай сілы! Я не кажу, што не бачу і не кантралюю ўсе СМІ (асноўныя) у Беларусі. І той жа час ёсць апазіцыйныя. Калі апазіцыйныя СМІ адчуюць настроі людзей і будуць пісаць праўду, паверце, іх тыражы будуць большыя, чым у Якубовіча. А так іх тыраж падтрымліваецца валютай з-за мяжы.
Паколькі вы – журналісты, я, можа быць, неяк эмацыйна і шырока гавару, але вы выкіньце гэтую думку са свае галавы. Часта я сваім журналістам кажу: вы не шкадуйце чыноўнікаў на месцах, паказвайце ўвесь негатыў, усё, што робіцца, але паказвайце і станоўчае! Не трэба, каб было тэндэнцыйна: маўляў, абвалілася, развалілася. Пакажыце, дзе не абвалілася, і пакажыце два разы, дзе абвалілася. Гэта будзе карысна для дзяржавы.

Яшчэ ж створаная сістэма адказнасьці. Калі выйшаў негатыўны сюжэт, ужо назаўтра ліст нясуць, што ўсё выправілі. У якой краіне так можа быць, каб перад журналістамі справаздачу даваў самы вялікі начальнік і прэм’ер-міністр?! У якой, назавіце! А я ведаю. Ні ў якой. Там дэмакратыя: куды хачу, туды кручу, грошай шмат заплаціў — добра, хтосьці яшчэ больш залаціў — яшчэ лепш…

Задавай толькі апазіцыйныя пытанні!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі