"Дата генератар": 4 сакавіка 1386 года — каранацыя Ягайлы
У траўні 1377 года вялікім князем Літвы, паводле волі бацькі Альгерда, стаў яго старэйшы сын Ягайла. Гэта імя, на думку даследчыкаў, значыць “высокі славай” ці “высакародны”. Маці выхоўвала яго ў праваслаўі.
У той час ВКЛ пагражалі крыжакі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Гэта пагроза прымушала Ягайлу думаць пра хаўрус з Польшчай. Перамовы з палякамі ён пачаў весці яшчэ ў 1383 годзе. Ваенна-палітычны хаўрус адпавядаў інтарэсам абедзвюх краін, бо дазваляў аб'яднаць сілы супраць агульнага ворага — крыжакоў. Нямецкая экспансія супраць Польшчы ўжо дасягнула вялікіх памераў.
А ў перспектыве польскія магнаты разлічвалі набыць маёнткі на Валыні і Падоллі, праз якія адбываліся ўзброеныя канфлікты. Калі б польскі пасад заняў літоўскі князь, гэта спрыяла б здыманню напружанасці вакол былых земляў Галіцка-Валынскага княства, а таксама стала б перамогай антынямецкай партыі магнатаў і шляхты, якая выступала супраць шлюбу каралевы Ядвігі з Вільгельмам Габсбургам.
Тым часам становішча Ягайлы пахіснулася праз канфлікт з дзядзькам Кейстутам. Кейстут адабраў у Ягайлы віцебскую вотчыну, пакінуў яму толькі замак у Крэве. Але ў 1382-м Ягайла падняў паўстанне, падчас якога вераломна забіў Кейстута. Аднак сын Кейстута Вітаўт здолеў уцячы да тэўтонцаў, дзе ў 1383 годзе склаў з імі хаўрус і распачаў вайну супраць Ягайлы. Тады Ягайла, жадаючы ўмацаваць сваё становішча ў ВКЛ, вярнуў Вітаўту вялікую частку яго вотчыны (Гарадзенскае і Ваўкавыскае княствы, Падляшша, частка Брэсцкай зямлі).
У студзені 1385 года дэлегацыя ВКЛ прыехала ў Кракаў дзеля перамоў пра шлюб Ягайлы з каралевай Ядвігай, а ўлетку палякі прыехалі ў Вялікае Княства. Яны склалі дамову, якую падпісалі 14 жніўня ў Крэўскім замку.
Па той дамове Ягайла атрымаў права ажаніцца з 12-гадовай каралевай і заняць польскі пасад. Наўзамен ён абавязаўся прыняць каталіцтва і хрысціць у яго сваіх братоў і сваякоў, вызваліць усіх палонных-каталікоў (23 тысячы), заплаціць 200 тысяч фларынаў Вільгельму Габсбургу за зрыў дамовы пра яго шлюб з Ядвігай, вярнуць Польшчы адабраныя ў яе зямлі. Але ўсе гэтыя ўмовы вядомыя толькі па пазнейшых копіях, падробленых палякамі. Два ці тры гады назад самі польскія гісторыкі ўсталявалі, што ніякай уніі не было, а была звычайная шлюбная дамова.
Пасля падпісання Крэўскай дамовы Ягайла ў лютым 1386 года прыняў у Кракаве каталіцтва, абвянчаўся з Ядвігай і 4 сакавіка 1386-га каранаваўся як “Уладзіслаў II, кароль Польскі, вярхоўны князь Літоўскі і дзедзіч Рускі”.
Падчас каранавання Ягайла абяцаў ахрысціць у каталіцтва ўсю паганскую частку насельніцтва. Сапраўды, 20 лютага наступнага года адбылося сімвалічнае хрышчэнне літоўскіх паганцаў, якое атрымала назву Дня Попелу. Бо Ягайла з Ядвігай прыехалі ў Вільню, дзе па загадзе новага караля загасілі вечны агонь у гонар Перуна, забілі святых вужоў, высеклі святыя дубовыя гаі, разбурылі капішчы.
Перад вяртаннем у Польшчу Ягайла выдаў прывілей, па якім тыя феадалы, што прынялі каталіцтва, атрымалі дадатковыя правы і вольнасці. Гэта выклікала незадаволенасць праваслаўных, якую паспяхова выкарыстаў Вітаўт. Наперадзе братоў-сапернікаў чакала грамадзянская вайна 1388–1392 гадоў, у якой перамог Вітаўт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.