"Дата генератар": 5 сакавіка 1279 года — бітва пад Ашэрадэнам

"Дата генератар": 5 сакавіка 1279 года — бітва пад Ашэрадэнам

У 1275 годзе крыжакі Лівонскага ордэна пабудавалі Дынабургскі замак на землях, якія належалі Трайдзеню, — на правым беразе Заходняй Дзвіны. Адтуль яны маглі здзяйсняць паходы ў самы цэнтр ВКЛ. Разлік крыжакоў быў на тое, што ліцвіны на той момант былі занятыя барацьбой з галіцка-валынскім князем Львом Данілавічам.

Але ўжо ў 1277 годзе Трайдзень аблажыў Дынабургскі замак. Яго хаўруснікам стала Полацкае княства, адтуль пачаўся паход, і ў войску ў Трайдзеня было шмат палачан. Аблога доўжылася месяц. Ліцвіны пабудавалі чатыры перасоўныя аблогавыя вежы, абстрэльвалі ўмацаванні камянямі з балістаў, але захапіць замак не змаглі і адышлі за Дзвіну. Чыннікам для здымання аблогі з'явілася таксама ўварванне з поўдня аб'яднанага галіцка-татарскага войска, але і гэты паход скончыўся беспаспяхова з прычыны сварак паміж яго ўдзельнікамі.

У адказ на паход на Дынабург пад канец 1278 года лівонцы таксама ўварваліся на землі ВКЛ. У іх войску былі харугвы самога ордэна, рыжскага арцыбіскупа, з Эстляндыі (якая належала тады Даніі), а таксама лютвы падначаленых ордэну земгалаў і куршаў. Паход узначаліў магістр Эрнст фон Ратцэбург.

А Трайдзень незадоўга да ўварвання лівонцаў паслаў свайго малодшага брата Сірпуція на дапамогу яцвягам — рабаваць Мазовію, таму сіл для магутнага адпору крыжакам у яго спачатку не было. І ў студзені 1279-га яны аблажылі Кернаў.

Ордэнскія храністы звалі Кернаў "горадам Трайдзеня". На гэтай падставе гісторыкі з Летувы абвясцілі Кернаў тагачаснай сталіцай ВКЛ, што не адпавядае рэальнасці. Да Гедыміна сталіцы ў ВКЛ наогул не было, а рэзідэнцыямі вялікіх князёў былі тыя гарады, што адпавядалі кірунку іх замежнай палітыкі. Для Трайдзеня галоўную небяспеку ўяўлялі крыжакі.

Аблога Кернава была беспаспяховай, і ў лютым крыжакі, абрабаваўшы наваколлі, пайшлі назад. А Трайдзень, сабраўшы да гэтага часу войска, пайшоў услед за імі і 5 сакавіка 1279 года дагнаў каля ордэнскага замка Ашэрадэн. Тым часам магістр ужо адпусціў дадому земгалаў і куршаў з іх часткай здабычы.

Трайдзень вырашыў разрэзаць лівонска-дацкае войска на дзве часткі і разбіць іх па адной. Таму ў нейкі момант частка яго ваяроў раптам кінулася наўцёкі, у лжывае адступленне. Датчане пагналіся за "ўцекачамі", страцілі шмат часу, але не дагналі. А пакуль яны вярнуліся на поле бітвы, Трайдзень паспеў разбіць лівонцаў. Датчане трапілі ў пастку і амаль усе былі знішчаны. У гэтай бітве загінуў лівонскі магістр і 71 ордэнскі брат, амаль усе дацкія рыцары разам з намеснікам Эйлартам фон Обергам, і гэта без уліку рыцарскіх збраяносцаў і простых людзей — лучнікаў, капейшчыкаў, ваяроў з сякерамі і паліцамі.

Поспех пад Ашэрадэнам быў замацаваны ў тым жа 1279 годзе хаўрусам Трайдзеня з князям Мазовіі Баляславам II. Ён ажаніўся з дачкой Трайдзеня Гедыміндай. А сам Трайдзень, у якога памерла жонка, узяў шлюб з мазавецкай князёўнай Ганнай. Гэты хаўрус быў накіраваны і супраць Тэўтонскага ордэна, і супраць Польшчы. 

Земгалы паднялі чарговае паўстанне супраць лівонцаў і звярнуліся па падтрымку да Трайдзеня, а іх правадыр Намейсіс прызнаў сябе ягоным васалам. У 1281 годзе Трайдзень захапіў замак Герцыке на Дзвіне і адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі. Тады крыжакі аддалі яму гэты замак наўзамен Герцыке.

Цяжка сказаць, што было б далей, але ў 1282 годзе Трайдзеня забілі найміты Стуманд і Гірдзелай, якія адразу ўцяклі да тэўтонцаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі