Другі год пандэміі каранавіруса можа аказацца больш цяжкім, чым першы — СААЗ
Медработнік рыхтуецца ўводзіць вакцыну / Reuters
Другі год пандэміі каранавіруса можа аказацца больш цяжкім, чым першы, заявіў дырэктар праграмы па надзвычайных сітуацыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Майкл Раян.
"Ён (другі год пандэміі. — Еўрарадыё) можа аказацца нават больш цяжкім, улічваючы дынаміку распаўсюджвання і некаторыя праблемы, якія мы назіраем", — заявіў Раян.
Паводле яго слоў, апошнія дадзеныя паказваюць, што захворванне "зноў дасягнула піку". Асабліва складаная сітуацыя складваецца ў Паўночным паўшар'і — у Еўропе і Паўночнай Амерыцы назіраецца "ідэальны шторм". Паводле дадзеных СААЗ, колькасць заражэнняў каранавірусам у свеце перавысіла 90 мільёнаў, амаль два мільёны чалавек памерлі.
Да росту захворвання ў апошні час, паводле ацэнак СААЗ, прывялі некалькі фактараў: сезоннае пахаладанне, навала людзей ўнутры памяшканняў, а таксама новыя штамы каранавіруса.
Аб выяўленні двух новых штамаў каранавіруса, у прыватнасці, заявілі навукоўцы з Універсітэта Агаё ў ЗША, паведамляе агенцтва РІА "Навіны". Адзін са штамаў падобны да "брытанскага", другі робіць вірус больш заразным. Пры гэтым спецыялісты з Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC) ЗША не згодныя са сцвярджэннем, што "брытанскі" штам распаўсюджваецца ў паўтара разы больш актыўна за першапачатковы варыянт.Яны абвяргаюць гэтыя сцвярджэнні. Але новы выяўлены штам, паводле слоў амерыканскіх навукоўцаў, сапраўды больш заразны.
Пры гэтым навукоўцы кажуць, што ў іх пакуль няма падстаў меркаваць, што з'яўленне новых штамаў паўплывае на эфектыўнасць вакцын.
У Беларусі, тым часам, прагназуецца падзенне колькасці новых выпадкаў каранавіруса ў бліжэйшыя некалькі тыдняў-месяц. "Затым, магчыма, [будзе] невялікі рост, звязаны з прыходам звычайных эпідэмічных захворванняў, у прыватнасці, грыпу", гаварыў на днях міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Тым не менш, да пачатку вясны ён разлічвае ўбачыць "эфект ад вакцынацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.