Двое польскіх настаўнікаў былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі
27 верасня непрызнаны дзяржавай Саюз палякаў Беларусі заявіў, што з Беларусі выгналі дваіх польскіх настаўнікаў. Томаш ды Малгажата Банашкевічы валанцёрылі ў Гродне — і вымушаныя былі пакінуць нашу краіну на мінулым тыдні. У СПБ лічаць, што настаўнікаў змусілі з’ехаць з Беларусі, што гэта было незаконна, і збіраюцца звяртацца ў суд.
У Беларусі Томаш і Малгажата правялі ўсяго два тыдні. Іх апошнія посты ў сацсетках — гэта фота з Гродна, на якіх настаўнікі выглядаюць вельмі шчаслівымі. “Цяпер нам патрэбны спакой”, — расказвае Еўрарадыё Томаш па вяртанні ў Польшчу.
Што здарылася? Чаму польскія валанцёры вярнуліся на радзіму? Разбіраемся.
За два тыдні настаўнікі ніяк не маглі паспець парушыць закон
Польскія настаўнікі, кансультанты ды метадысты могуць прыязджаць у Беларусь і ў якасці валанцёраў праводзіць кансультацыі ды заняткі. Гэта дазваляе падпісанае паміж урадамі Беларусі і Польшчы пагадненне аб супрацоўніцтве ў галінах адукацыі і культуры.
Томаш і Малгажата збіраліся выкладаць польскую мову ў грамадскай школе імя караля Стафана Баторыя. Але, па словах старшыні СПБ Анжалікі Борыс, у аддзеле ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна было вырашана, што яны мусяць пакінуць Беларусь.
“Валанцёраў накіроўвае Міністэрства адукацыі Польшчы. Ніякіх заробкаў (я падкрэсліваю) яны не атрымліваюць, — кажа Анжаліка Борыс. — Зараз здарылася тое, што дваім настаўнікам адмовілі ў знаходжанні на тэрыторыі Беларусі на падставе таго, што яны нібыта вядуць тут працоўную дзейнасць. Гэта нонсэнс!”
Борыс настойвае, што за два тыдні настаўнікі ніяк не маглі паспець парушыць закон. Прадстаўніца СПБ лічыць, што “падстава [для выгнання] чыста палітычная”. І прыгадвае, што падобных выпадкаў у беларуска-польскіх адносінах не было ўжо 10 гадоў.
Настаўнікі з’ехалі, бо ў іх скончыліся візы
У Міністэрстве адукацыі Беларусі пра сітуацыю чулі, але каментаваць пакуль што не бяруцца.
“Так, мы ў курсе, намеснік міністра таксама ў курсе. Але тут трэба ва ўсім разабрацца, таму давайце пачакаем”, — просіць Еўрарадыё прэс-сакратар ведамства Людміла Высоцкая.
Больш дэталяў нам паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Па звестках начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Вольгі Чамаданавай, настаўнікі выехалі з Беларусі не таму, што іх нехта выгнаў, а таму, што ў іх скончыліся візы.
“У аддзелы па грамадзянстве і міграцыі звярнуліся 7 грамадзян Польшчы для атрымання дазволу на часовае пражыванне ў Беларусі на падставе таго, што яны будуць займацца кансультацыйнай дзейнасцю. [Ім] было адмоўлена ў сувязі з тым, што кансультатыўная дзейнасць не мае на ўвазе атрыманне дазволу на часовае пражыванне, гэтай дзейнасцю можна займацца ў рамках часовага знаходжання ў Беларусі ці дыстанцыйна, — распавядае Еўрарадыё Вольга Чамаданава. — Грамадзянам рэкамендавана атрымаць спецыяльны дазвол на заняцце працоўнай дзейнасцю, каб у далейшым атрымаць дазвол на часовае пражыванне. Двое грамадзян Польшчы выехалі па прычыне заканчэння тэрміну дзеяння візы. Рашэнне аб выдварэнні за межы РБ не прымалася”.
Валанцёры і эміграцыя
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падымаў пытанне аб “уцечцы мазгоў”. Год таму, якраз у Гродне, падчас сустрэчы са студэнтамі кіраўнік Беларусі папрасіў моладзь заставацца на радзіме.
Анжаліка Борыс, у сваю чаргу, просіць не расцэньваць працу польскіх валанцёраў у Беларусі як наўмысны штуршок да эміграцыі.
“Беларусы вучацца за мяжой: і ў Польшчы, і ў Расіі, і ў іншых краінах, — кажа яна. — Калі польскі ўрад дае магчымасць вучыцца, шмат хто хоча ёю скарыстацца. І гэта нармальная сітуацыя. З Польшчы таксама з’язджае шмат моладзі. Каб такога не адбывалася, трэба ствараць іншыя, новыя ўмовы”.