Дызайнер, які стварыў брэнд Мінска, быў у сталіцы Беларусі тры разы

Каб намаляваць бела-блакітны патэрн яму спатрэбілася два месяцы. Максіма Алімкіна да стварэння мінскага cтылю запрасілі распрацоўшчыкі з брытанскай кампаніі Instid.

Еўрарадыё: Вы часта ў Мінску бываеце, якія месцы вам найбольш спадабаліся?

Максім Алімкін: Быў тры разы. Найбольш запомнілася ратуша на плошчы Свабоды і ўсё, што там наўкол знаходзіцца. Таксама раён, дзе Востраў слёз і Траецкае прадмесце.

Еўрарадыё: У чым для вас “мінскасць” у гэтым бела-блакітным патэрне?

Максім Алімкін: У мяне былі канкрэтныя характарыстыкі, якім ён мусіў бы адпавядаць. Сучасны, гнуткі, тэхналагічны і ўніверсальны стыль, які можна было б прадукаваць на розныя носьбіты, каб яго можна было на сайт паставіць, на футболку. Каб стыль трансфармаваўся у залежнасці ад носьбіта. Каб яго можна было звязаць з любым аб’ектам. Першапачаткова было вядома, што гэта мусіць быць сінтэтычна яркі, лазурны колер, але яго складнік па адценнях — гэта ўжо мая ідэя. На стварэнне у мяне сышло каля 2,5 месяцаў.

Еўрарадыё: А чым адрозніваецца, напрыклад, брэнд для цукеркі, печыва і для горада?

Максім Алімкін: Розніца ў мэтах. Брэнд шакаладкі звязаны з прыцягненнем грошай. А калі мы робім брэнд для тэрыторыі канчатковая мэта — жыхары, каб ім было лепш, каб палепшылася інфраструктура, каб у горад прыйшлі грошы.

Еўрарадыё: Вы раней займаліся брэндамі гарадоў, тэрыторый, які самы дарагі?

Максім Алімкін: Тры працы ў мяне па брэндзінгу тэрыторый. Горад Касімаў — каля Масквы, горад Елабуга — гэта ў Татарастане і ўкраінскі Кіраваград на 300 тысяч жыхароў. Першыя два праекты былі бясплатныя, вучэбныя. Але Кіраваград быў даражэйшы за Мінск.

Прадстаўніца кампаніі Instid, якая распрацоўвала мінскі брэнд, Наташа Гранд тлумачыць Еўрарадыё, калі брэнд зацвердзяць улады горада.

Наташа Гранд: Менавіта думка пра рацыянальнасць, камунікацыю — тое, што мы хочам перадаць для Мінска — перадаецца блакітным колерам. Ён падыходзіць і тэарэтычна, і практычна. Напрыклад, чырвоны колер — гэта іншае. Ён перадае блізкасць да зямлі. Над беларускім слоганам для Мінска мы яшчэ працуем. Бо з усёй каманды толькі я валодаю гэтай мовай, але я не лінгвіст, не спецыяліст. Мы разлічваем тут на дапамогу беларускамоўнага мінскага грамадства. З альтэрнатыўных варыянтаў – гэта не зусім практычна. Калі мы гаворым, напрыклад, пра горад прыгожых людзей, то якія інвестыцыі ён можа прыцягнуць? Цяпер мы чакаем прызначэння грамадскай рады Мінгарвыканкамам. Але не думаю, што стаіць пытанне: прымаць ці не прымаць варыянт. Магчыма, яны ўдакладняць па самім стылі, агулам. І тады ўжо мы прэзентуем брэндбук.

Нагадаем, яшчэ летась у чэрвені ўлады горада абвясцілі конкурс для распрацоўшчыкаў брэнда Мінска. Бюджэту ён мусіў абысціся ў 300 мільёнаў рублёў. Яго распрацоўкай занялася брытанская кампанія INSTID. Пасля дэманстрацыі вынікаў першых даследаванняў утварылася альтэрнатыўная “зборная” па брэндзінгу Мінска, якая прапанавала каля 40 варыянтаў для аблічча сталіцы. Сярод іх бібліятэка, QR-код у нацыянальным арнаменце ды інш.

Прапанаваны брытанскай кампаніяй варыянт для мінскага стылю

Варыянты ўжытку бела-блакітнага патэрну

Хто зробіць брэнд для Гродна?

Фота: brandminsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі