Дзяўчына-філолаг працуе на жніве: Хлопцы здзіўляюцца: "Ты, і на камбайне!"
Наталля Бракарэнка шосты год працуе на камбайне з шостай да адзінаццатай разам з бацькам, ведае тры замежныя мовы і марыць выкладаць беларускую.
Наталлі Бракарэнка 21 год, яна вучыцца на настаўніцу беларускай мовы ў Гомелі, але кожнае лета працуе з бацькам на жніве: водзіць камбайн, рамантуе тэхніку. Еўрарадыё заспявае Наталлю за працай, у полі.
Еўрарадыё: З чаго складаецца працоўны дзень і з чаго пачынаецца?
Наталля Бракарэнка: З шостай раніцы пачынаецца дзень і амаль да 11 вечара. Я раблю ўсё тое, што робіць мой бацька: рамантую тэхніку, езджу на камбайне. Так амаль два месяцы, а я працую шосты год.
Еўрарадыё: А што самае цяжкае ў працы на жніве?
Наталля Бракарэнка: Самае цяжкае гэта ўставаць рана раніцай. А астатняе не цяжка.
Еўрарадыё: А як працуецца ў мужчынскім калектыве, маладыя хлопцы...
Наталля Бракарэнка: Я працую на роўных з астатнімі. Першы год здзіўляліся, так. Але гэта раней было. Цяпер гэта ўсё мае сябры. Тым больш, цяпер яшчэ адна дзяўчынка са мной працуе. У мужчынскім калектыве могуць і вылаяцца, але я не звяртаю на гэта ўвагі.
Еўрарадыё: Калі не сакрэт, ці шмат можна зарабіць на такой працы?
Наталля Бракарэнка: Як студэнтцы, мне хапае. Летась я атрымлівала 8 мільёнаў за адзін месяц. На жыллё мне не трэба, бо жыву ў інтэрнаце. Грошы бацькам аддаю, бо ў мяне ёсць малодшы брат. Калі трэба нешта набыць — набываю.
Еўрарадыё: А як рэагуюць хлопцы, калі кажаце, што працуеце ўлетку на камбайне?
Наталля Бракарэнка: Нечаканая рэакцыя бывае. Перапытваюць: "Як, ты працуеш!". Вельмі здзіўляюцца, што вось я, дзяўчына, улетку гэтым займаюся. Калі магла б адпачываць з сябрамі, паехаць кудысьці.
Еўрарадыё: Але апроч таго вы студэнтка?
Наталля Бракарэнка: Так, я вучуся на філалагічным факультэце ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны. Буду настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Калі абірала спецыяльнасць, была такая мара ў мяне. Збіраюся працаваць па спецыяльнасці. Мне падабаецца літаратура і беларуская мова.
Еўрарадыё: А любімы пісьменнік ёсць?
Наталля Бракарэнка: Іван Мележ, я па ім курсавую працу пісала, зараз дыплом буду пісаць.
Еўрарадыё: У вас на старонцы напісана, што вы ведаеце шмат замежных моў.
Наталля Бракарэнка: Калі вучылася ў школе, то кожны год я адпачывала ў Іспаніі, таму вывучыла там мову. Нямецкую мову я вывучала ў школе, лацінскую мову вучылі ва ўніверсітэце.
Еўрарадыё: А чым займаецеся ў вольны час?
Наталля Бракарэнка: На выходныя езджу дадому, цяпер вучуся на правы, хачу здаць. Раней я танцамі займалася, спрабавала ўсе віды. Таксама мне падабаецца фатаграфія.
Еўрарадыё: А час на вакацыі застаецца, каб паехаць некуды?
Наталля Бракарэнка: Застаецца толькі тыдзень пасля працы на жніве, каб падрыхтавацца да ўніверсітэта. Так што, цяпер нікуды не езджу.
Фота: з асабістага архіва Наталлі і gomelnews.onliner.by