Эксперт: “Беларусь выйграе ад расійска-ўкраінскага канфлікту”

“Леанід Кучма выклаў сваю пазіцыю па сітуацыі ў Украіне, самым падрабязным чынам паінфармаваў прэзідэнта Беларусі аб рэальным становішчы спраў у Крыме. Леанід Кучма звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай аб падтрымцы ў захаванні цэласнасці Украіны і недапушчэнні кровапраліцця ў гэтай краіне”, — так гаворыцца пра размову з Кучмам у кароткім паведамленні на сайце кіраўніка Беларусі.

Пры гэтым сайт фонда Кучмы пра тую ж размову гаворыць крыху інакш: “Беларусь выказваецца за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны”, а “Лукашэнка мае намер выказаць сваю пазіцыю падчас трохбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Казахстана ў Маскве”.

Пра што скажа Лукашэнка Пуціну, мы можам ніколі не даведацца. А калі і скажа, яшчэ не факт, што зробіць — ёсць прыклад з упартым непрызнаннем Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Палітолаг Кірыл Коктыш мяркуе, што афіцыйны Мінск заўсёды мае збольшага ўзважаную і рацыянальную пазіцыю.

“Я не прыгадаю выпадку, калі яна грунтавалася на эмоцыях, а не на цвярозым разліку. А зараз тое самае — Беларусь найперш зацікаўленая ў цэласнасці Украіны”.

Акрамя гэтага, на думку Коктыша, Беларусі цяпер зусім непатрэбныя ўнутраныя канфлікты ва Украіне. А вось канфліктам паміж Кіевам і Масквой можна скарыстацца. У першую чаргу, для атрымання чарговых прэферэнцый ад Крамля, якому цяпер як ніколі патрэбныя саюзнікі.

“Цяпер Беларусь і асабіста беларускі прэзідэнт атрымліваюць карт-бланш. На гандаль у межах Мытнага саюза. Зараз Расія будзе гатовая пайсці на тыя саступкі, на якія не была гатовая пайсці ні год, ні два таму. Трэба карыстацца”.

Эксперт мяркуе, што Мінск можа атрымаць не толькі эканамічныя, а і палітычныя выгады. І нават узмацніць свае пазіцыі ў рэгіёне ды на міжнароднай арэне. Галоўнае — падысці да пытання з розумам.

Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў таксама мяркуе, што пазіцыю афіцыйнага Мінска па Украіне можна акрэсліць як стрыманую. Ён тлумачыць гэта нежаданнем умешвацца ў нарастаючы міжнародны канфлікт напярэдадні доўгачаканага чэмпіянату свету па хакеі.

“Калі Беларусь зараз зойме прарасійскую пазіцыю, нават сімвалічную, то Лукашэнка рызыкуе наклікаць байкот хакейнага чэмпіянату з такога нечаканага боку”.

Елісееў мяркуе, што расійска-ўкраінскі канфлікт у перспектыве паўплывае і на беларуска-расійскія адносіны. Магчымасць уводу расійскіх войскаў на тэрыторыю суседняй дзяржавы можа ацвярэзіць каго заўгодна, нават самых блізкіх саюзнікаў. На думку эксперта, асабліва важныя высновы зробіць Казахстан, які, як і Украіна, мае заселеныя пераважна рускамоўным насельніцтвам тэрыторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі