Эксперты: “Заканчэнне тэрмінаў зняволення — гэта не вызваленне палітвязняў”
Еўрарадыё падлічыла, калі на свабоду выйдуць усе беларускія палітвязні.
Чаканні не спраўдзіліся — Вялікдзень прайшоў, палітзняволеныя засталіся за кратамі. Але ў трох з іх і так тэрмін зняволення на зыходзе: у жніўні 2013 года мусіць выйсці на свабоду Зміцер Дашкевіч, у верасні — Аляксандр Францкевіч, у канцы верасня — пачатку кастрычніка — Павел Севярынец.
Ці здыме іх вызваленне напругу ў адносінах паміж Еўрасаюзам і афіцыйным Мінскам? Эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас выключае такую магчымасць.
Аркадзь Мошас: “Сам факт таго, што людзі выходзяць на свабоду, адбыўшы свае тэрміны і не атрымаўшы рэабілітацыі, — ён сам па сабе не можа нічога змяніць. Тым больш калі шэраг людзей будзе заставацца за кратамі”.
Тым не менш афіцыйны Мінск будзе спрабаваць скарыстацца фактам скарачэння колькасці палітзняволеных на сваю карысць, упэўнены палітолаг Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс.
Віціс Юрконіс: “Улады будуць спрабаваць на гэтым гуляць, каб пазіцыю Брусэля змякчыць альбо паўплываць на яе. Але ж усе, у прынцыпе, разумеюць, пра што размова — пытанне стаіць пра вызваленне ўсіх палітзняволеных і поўную іх рэабілітацыю”.
У той жа час шукаць магчымасць, не “губляючы аблічча”, наладзіць супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам будзе працягваць і Брусэль, лічыць Аркадзь Мошас.
Аркадзь Мошас: “Пошук формулы, якая б дазволіла не змяняць структуры палітычных адносінаў, але пры гэтым — наладжваць нейкі дыялог і супрацоўніцтва, пошук гэтай формулы вядзецца ўсё адно”.
Рэцэпт захавання аблічча і свайго, і брусэльскага ў афіцыйнага Мінска ёсць, мяркуе беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі.
Аляксандр Класкоўскі: “Чыста сімвалічна, за некалькі месяцаў за заканчэння тэрмінаў зняволення, узяць і вызваліць гэтых трох палітзняволеных”.
Бо ў тым выпадку, калі палітвязні будуць выходзіць на свабоду без “дапамогі” ўладаў, то і пошукі гэтай “формулы” будуць нялёгкімі, і працэс пацяплення паміж Мінскам і Брусэлем зацягнецца. Не менш як да 2018 года.
Паводле падлікаў Еўрарадыё, у 2014 годзе ў красавіку заканчваецца тэрмін зняволення ў Мікалая Аўтуховіча, а ў снежні — у Эдуарда Лобава. У сакавіку 2015 — у Мікалая Дзядка. У лютым 2016 года на волі чакаюць Алеся Бяляцкага, а ў снежні — Мікалая Статкевіча. Кропка будзе пастаўленая толькі ў 2018-м — у студзені адседзяць сваё Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка, а ў лістападзе — Ігар Аліневіч.
Нягледзячы на тое, што апошні сёлетні палітзняволены выйдзе на свабоду да пачатку лістападаўскага саміта “Усходняга партнёрства” ў Вільні, гэта не дасць падставаў запрасіць на яго Лукашэнку. А вось на выключэнне са спісаў неўязных у ЕС беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея наяўнасць у краіне палітвязняў не паўплывае, сцвярджае Віціс Юрконіс.
Віціс Юрконіс: “Гэта пытанне будзе вырашацца ў бліжэйшыя пару месяцаў. І, наколькі я чуў, хутка плануецца яго візіт у Варшаву — ёсць усе прыкметы таго, што Макей будзе са спісу неўязных выдалены”.
Якім чынам дамагчыся ад беларускіх уладаў вызвалення ўсіх палітвязняў, еўрапалітыкі так і не прыдумалі, падсумоўвае суразмоўца Еўрарадыё, затое знайшлі сродак падвысіць узровень прадстаўніцтва Беларусі на еўрапейскіх перамовах.