Эксперымент: ці разумеюць па-англійску ў прыёмнай Русага і міністэрствах (аўдыё)
Еўрарадыё на англійскай мове звярнулася ў прыёмныя Саўміна і шэрагу беларускіх міністэрстваў.
Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы расказаў у эфіры тэлеканала СТБ пра ўласны лінгвістычны эксперымент, які ён праводзіў з некаторымі беларускімі сельгаспрадпрыемствамі.
“Званок ідзе, на англійскай мове. Не заўсёды ёсць адказ у прыёмнай, каб пагутарыць з тым, хто хоча купіць”, — падзяліўся негатыўнымі вынікамі віцэ-прэм’ер.
Няўжо гэта праўда? Многія бачаць Міхаіла Русага чыноўнікам яшчэ таго пакалення, якое не сябруе з замежнымі мовамі. Цікава, ці адкажуць на англамоўны званок у яго ўласнай прыёмнай?
— Good morning (добрай раніцы), — набіраем дзяржустанову.
— Its now evening, not morning (цяпер не раніца, а вечар), — ветліва папраўляюць у прыёмнай. — Where are you from (адкуль вы)?
Самога віцэ-прэм’ера на месцы не аказалася. Але відавочна, што Міхаіл Русы не схлусіў і сапраўды мог правесці эксперымент, пра які расказаў. Прынамсі, пры дапамозе свайго памочніка.
А вось у прыёмнай прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова Еўрарадыё па-англійску не зразумелі. Праўда, наўрад ці сюды б тэлефанавалі замежнікі. Нумара тэлефона на афіцыйным сайце Саўміна няма. Затое там пазначаны кантакт прэс-службы, дзе выдатна размаўляюць як па-англійску, так і па-нямецку. Там паведамляюць, што па-англійску размаўляе і непасрэдна прэм’ер Андрэй Кабякоў.
Спрабуем правесці эксперымент і з некаторымі беларускімі міністэрствамі, куды могуць тэлефанаваць замежнікі. Асабліва не паглыбляемся і звязваемся выключна з прыёмнымі.
— Good morning. Excuse me, do you speak English (добрай раніцы, прабачце, вы размаўляеце па-англійску)? — тэлефануем у Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
— One moment (хвілінку), — адказваюць у прыёмнай і праз некалькі дзясяткаў секунд знаходзяць англамоўнага супрацоўніка Валерыя, які па гучнай сувязі называе свой нумар тэлефона. — Plus three, seven, five, one, seven, two, zero…
У прыёмнай Міністэрства прамысловасці Еўрарадыё цікавіцца, ці могуць з намі паразмаўляць па-англійску.
—No, — чуем у адказ. Далей дыялог працягваць няма сэнсу. Бакі адно аднаго не разумеюць.
Звязваемся з Міністэрствам абароны Беларусі.
— Excuse me, do you speak English (прабачце, вы размаўляеце па-англійску)?
—Ну, увогуле, не вельмі.
—Maybe, you have a person who speaks English in your Ministry (магчыма, у міністэрстве ёсць асоба, якая размаўляе па-англійску)? — працягваем задаваць пытанні.
—Я не валодаю так дасканала англійскай мовай, таму не ведаю, што менавіта вам трэба. Нехта, хто размаўляе па-англійску?
—Yes.
—Запішыце нумар. Three, two, seven, three…, — у выніку нас змаглі перанакіраваць да службовых асоб Мінабароны, якія па-англійску размаўляюць.
У прыёмных Мінадукацыі і Мінкульта тут жа да апарата паклікалі англамоўных супрацоўнікаў.
У Міністэрстве энергетыкі на выдатнай англійскай мове патлумачылі, што па-англійску не размаўляюць і тут жа, не пераходзячы на рускую ці беларускую, прадыктавалі кантакт супрацоўніка, адказнага за камунікацыю з замежнікамі.
Аналагічная сітуацыя здарылася і ў Міністэрстве гандлю, дзе на выдатнай англійскай кажуць, што замежнай мовай не валодаюць. І тут жа запрашаюць кампетэнтную супрацоўніцу. Ёй мы тлумачым, што праводзім эксперымент.
— Апроч англійскай я валодаю беларускай, нямецкай. А праз некалькі гадоў буду валодаць іспанскай. Таму тэлефануйце, калі ласка, часцей.