Еўрапейскія дыпламаты прыязджалі на суд у Мінску над Кузінай і Касцюговай
Еўрапейскія дыпламаты каля суда / https://www.facebook.com/posolstvogermaniiminsk
Еўрапейскія дыпламаты прыязджалі да будынку суда ў Мінску, дзе разглядаецца справа Таццяны Кузінай і Валерыі Касцюговай. Яны выказалі сваю салідарнасць з палітзняволенымі. Фота апублікавала амбасада Германіі. У каментары да яго адзначаецца, што "шматлікія рэпрэсіі беларускіх улад па палітычных матывах з’яўляюцца парушэннем міжнародных абавязкаў, якія Беларусь сама бярэ на сябе, з’яўляючыся, напрыклад, членам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе". Падкрэсліваецца, што федэральны ўрад Германіі патрабуе вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.
Суд пачаўся 6 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Касцюгова — палітолаг, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці "Наша меркаванне", рэдактарка і аўтарка "Беларускага штогодніка", кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу "Беларусь у фокусе". Яна знаходзіцца за кратамі з 30 чэрвеня 2021 года. Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта bipart. Яе затрымалі ў Мінску ўначы з 28 на 29 чэрвеня 2021 года.
У залежнасці ад ролі кожнай палітзняволеных абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: "Дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады", "Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы" і "Распальванне іншай сацыяльнай варожасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.