Еўрасаюз скасаваў амаль усе санкцыі супраць Беларусі
Еўрапейскі Саюз прыняў рашэнне скасаваць санкцыі супраць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў.
Гаворка ідзе агулам пра 170 фізічных асобаў і тры кампаніі. Апроч іншага, з Лукашэнкі ды іншых чыноўнікаў знятая забарона на паездкі ў краіны Еўрасаюза і арышт банкаўскіх актываў.
Застаюцца дзейнічаць санкцыі супраць чатырох асобаў, якіх у ЕС лічаць датычнымі да знікнення апазіцыянераў у Беларусі.
Імёны гэтых асобаў афіцыйна не называюцца. Але неафіцыйна паведамлялася, што гэта хутчэй за ўсё Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка, Юрый Сівакоў, Уладзімір Навумаў.
***
Еўрадэпутат ад Латвіі Андрэй Мамыкін патлумачыў, як варта разумець адмену санкцыяў ЕС супраць беларускіх чыноўнікаў.
Карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук пацікавіўся ў еўрадэпутата, чым кіраваліся прадстаўнікі ЕС у сваім рашэнні. Раней прадстаўнікі ЕС абгрунтоўвалі санкцыі найперш тым, што ў Беларусі няма свабодных, сумленных і празрыстых выбараў. А ўжо потым згадвалася наяўнасць палітвязняў, рэпрэсіі супраць СМІ і апазіцыі, а таксама іншыя фактары.
У адказ Мамыкін адзначыў, што пытанні правоў чалавека і максімальна адкрытыя, сумленныя выбары будуць абмяркоўвацца паміж Еўрасаюзам і Беларуссю на працягу бліжэйшых месяцаў.
Мамыкін: "Фактычная адсутнасць санкцыяў — гэта жэст добрай волі і палітычны знак Еўрапейскага Саюза на адрас Беларусі наконт таго, што абодва бакі — і ЕС, і Беларусь — павінны рухацца ў бок інтэнсіфікацыі нашых адносінаў".
Як паведамляла Еўрарадыё, 15 лютага Еўрасаюз прыняў рашэнне пра адмену большасці санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў.
***
Міністэрства замежных спраў Беларусі прывітала рашэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза пра адмену большасці санкцыяў.
"Дадзенае рашэнне з'яўляецца важным этапам на шляху поўнай нармалізацыі адносін і адкрывае новыя магчымасці для пашырэння разнапланавага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕС, вывядзення яго на якасна іншы ўзровень", — гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка.
Беларускі бок выказаў перакананне, што такая мера адпавядае інтарэсам Беларусі, Еўрасаюза і ўсяго еўрапейскага рэгіёну ў цэлым.
МЗС паведаміў, што Беларусь адкрытая да працягу канструктыўнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам і яго краінамі-чальцамі па ўсіх пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць.
***
Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Богдан Здраеўскі, каментуючы адмену санкцыяў супраць прадстаўнікоў Беларусі, кажа, што Беларусь таксама шукала шляхі для паляпшэння адносінаў. На думку кіраўніка групы Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, гэта тлумачыцца складаным эканамічным становішчам, у якім апынулася наша краіна.
Здраеўскі кажа, што афіцыйны Мінск шукаў дапамогі ў розных месцах — у Маскве, Пекіне і Брусэлі. "Але Брусэль не пагодзіцца на тое, каб ісці на кампраміс у базавых каштоўнасцях. Мусіць быць выпраўленая сітуацыя з апазіцыяй, незалежнымі СМІ, недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі. У іншым разе дапамогі ад Брусэля не будзе", — перасцерагае еўрапалітык.
***
Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Богдан Здраеўскі патлумачыў, пры якіх умовах Еўрасаюз можа зноў вярнуць санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў Беларусі.
Еўрапалітык патлумачыў, што адно негатыўнае дзеянне беларускіх уладаў яшчэ не прывядзе да вяртання санкцыяў, але адмоўна паўплывае на працэс збліжэння паміж Мінскам і Брусэлем.
"Я нядаўна адзначыў, што вызваленне палітычных вязняў з'яўляецца добрым рашэннем. Але застаецца няясна: Беларусь без палітычных вязняў — гэта пастаянны стан ці часовы?" — заявіў Здраеўскі. Па яго словах, калі з боку Мінска будзе некалькі выпадкаў, якія дыскрэдытуюць гэтую палітыку пацяплення, то гэта можа вярнуць санкцыі.
Самым важным паказчыкам Здраеўскі назваў сёлетнія парламенцкія выбары ў Беларусі.