Флейтыста групы "Акварыум" Браяна Фінегана не ўпусцілі ў Расію
Браян Фінеган / фота Дзмітрыя Строца / instagram.com/dstrots
Брытанскага музыканта і флейтыста групы "Акварыум" Браяна Фінегана не ўпусцілі ў Расію. У Маскву ён прыляцеў разам з гуртом. Падрабязнасьці інцыдэнту распавёў лідэр "Акварыума" Барыс Грабеншчыкоў падчас канцэрту, паведамляе "Новая газета".
Паводле слоў Грабеншчыкова, у Фінегана на мяжы забралі пашпарт. Суткі ён правёў у аэрапорце. Пасля чаго яго пасадзілі ў самалёт і адправілі назад. Квіткі павінен быў аплаціць сам Фінеган.
"Пры гэтым ніякіх тлумачэнняў не далі, прычыны мы не ведаем. Таму гэты канцэрт Мы прысвячаем яму, хоць нават не ведаем, дзе ён цяпер. Але ведаем, што ў такой сітуацыі ў бліжэйшы час можа апынуцца любы з нас і з вас", — заявіў Грабеншчыкоў.
Пазней дырэктар групы Максім Ландэ сказаў выданню РБК, што прычыны, па якіх музыканта не пусцілі ў краіну, "тэхнічныя".
"Фарбаў тут згушчаць не варта, ды і проста "раздзімаць" гэтую тэму прычын таксама няма", — заявіў ён.
Браян Фінеган грае ў "Акварыуме" з 2009 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.