Гродна “гудзіць” на Фестывалі: рэкі літоўскага піва і торт у форме Грузіі
Сёння, 7 чэрвеня праходзіць самая цікавая і інтрыгуючая частка фэсту нацыянальных культур — адкрыліся 22 нацыянальных падворкі ад 35 нацыянальнасцяў.
Цэнтр Гродна ператварыўся ў вялікую творчую і кулінарную пляцоўку. Грузінскі падворак частаваў гараджан 20-кіляграмовым тортам у форме Грузіі — з выявай іх радзімы з гарадамі і асаблівасцямі прыроды. Літоўцы паілі бясплатным замежным півам, габрэі раздавалі традыцыйную мацу, а ўкраінцы частавалі варэнікамі. “Часцінку Лацінскай Амерыкі” прывезлі ў Гродна з Венесуэлы — смажаныя бананы і чорныя бабы.
На любы густ былі нацыянальныя танцы і песні ад чувашоў, мардвін, цыган і азербайджанцаў. Карэйцы таньчылі з барабанамі, італьянцы — фламенка з веерамі, а грэкі — сіртакі са старажытнымі багамі.
Палестынцы паказалі нацыянальны вясельны абрад, з іранцамі гараджане малявалі ў тэхніцы каліграфіі, а з індыйцамі вучыліся апранаць сары. Малдаване ж увогуле чыталі вершы, прысвечаныя Фестывалю.
У гэты ж дзень на месцы ўзарванага савецкімі ўладамі храма Фара Вітаўта ў цэнтры горада асвяцілі памятны знак. А ў Лютэранскай кірсе ўпершыню гучаў новы арган з Германіі. Таксама на набярэжнай Нёмана аматары кітайскай культуры запусцілі паветраных змеяў.
Завершыцца другі дзень Фестывалю выступамі зорак эстрады і творчых калектываў розных нацыянальнасцяў.