Каця і праграма па развіцці жаночага хакея ў Беларусі
Жлобінская дзяўчынка не можа гуляць у хакей, бо дзяржаўная праграма па развіцці жаночага хакея ў Беларусі скончылася год таму.
“Каця — баец, яна настройвае хлопчыкаў! З яе ўдзелам каманда станавілася чэмпіёнам краіны! А цяпер што? Мы не можам сказаць дзяўчынцы, каб яна не прыходзіла на трэніроўкі”, — кажуць Еўрарадыё ў Жлобінскай школе алімпійскага рэзерву.
Тры гады таму, 10-гадовая Каця Нікіціна ў хакей прыйшла за страрэйшым братам Максімам. Цяпер Максім гуляе за хакейную зборную Беларусі, яго, як лепшага гульца 1999 года, запрасілі ў каманду ў Раўбічы. Брат для дзяўчыны — самы лепшы прыклад.
“Такіх прама куміраў у мяне няма, на ўсіх трэба раўняцца патрошку, — па-жаночы хітруе Каця. — Але я балею за жлобінскі "Металург", натуральна!”
Спачатку Каця з трэніровак прыходзіла і адразу клалася спаць, бо стамлялася на занятках — ногі не падняць. Цяпер стала лягчэй, хоць спалучаць трэніроўкі з вучобай у школе няпроста.
“Хакей мне больш па душы, яшчэ і характар у мяне такі — баявы. Больш за ўсё ў школе мне падабаецца фізкультура, а калі не фізкультура, тады геаграфія. Складана гэта ўсё сумяшчаць, але трэба!”
Хлопчыкі дзяўчынку-хакеістку спачатку не ўспрынялі — кпілі, падколвалі. Але праз паўгода заняткаў пайшлі першыя поспехі. І нечакана Каця становіцца… капітанам!
“Яны самі былі ў шоку! Выбіралі, але думалі, што выберуць хлопца. Да таго ж, трэнер яшчэ выбіраў канчаткова”, — распавядае Каця.
Дзяўчынка кажа, што не памятае першую шайбу, і ўвогуле іх не лічыць, але з радасцю згуляла б у хакей з прэзідэнтам.
“Я б імкнулася да перамогі любым шляхам!” — непаліткарэктна кажа Кацярына пра магчымую гульню з Аляксандрам Лукашэнкам.
Нягледзячы на тое, што Федэрацыя Хакея забараніла Каці выступаць у якасці гульца, дзяўчына будзе працягваць трэніроўкі.
“Я пайду да канца і буду трэніравацца далей”.
Не толькі Каця Нікіціна стала ахвярай дзяржаўнай праграмы, якая скончылася. Яшчэ дзве дзяўчынкі — 15−гадовыя хакеісткі Уладзіслава Шэймо ды Ганна Барэка са Жлобіна прыйшлі ў хакей, дзякуючы харызме Каці.
“Бацька ў дзяцінстве браў мяне на хакей, а потым я даведалася, што ў нас ёсць дзяўчынка, якая гуляе ў хакей! Гэта стала для мяне стымулам, я пераспрабавала многія віды спорту, але хакей гэта дакладна маё", — кажа Ганна Барэка.
Версія Федэрацыі хакея такая: праграма развіцця жаночага хакея была разлічаная на 2011−2014 гады. Няхай едуць у Расію.
Еўрарадыё патэлефанавала ў Федэрацыю хакея з пытаннем, што рабіць Каці Нікіцінай і астатнім дзяўчатам, якія займаюцца хакеем.
“У перыяд 2011-2014 года дзейнічала дзяржаўная праграма па развіцці хакея. Там асобным радком была прапісаная рэкамендацыя па развіцці жаночага хакея. Праграма прадугледжвала развіццё, стварэнне дзявочых каманд, зборных і гэтак далей. Але дзяўчаты масава не прыходзілі. Да таго ж, існавала каманда майстроў — жаночая зборная каманда “Пантэра”, яна скончыла сваё існаванне па фінансавых прычынах у 2013 годзе, здаецца. То бок, той вяршыні, куды маглі б імкнуцца дзяўчынкі, самыя лепшыя хакеісткі, яе няма. І школ няма, і няма структуры, і новай праграмы, дзяржаўнай праграмы па развіцці хакею, прынятай саўмінам, няма”.
Дык што рабіць Каці Нікіцінай? Яна перспектыўны гулец — куды ёй падзець майстэрства?
“Калі яна будзе гатовая, ёй трэба ехаць у Расію. Толькі так. Іншага ніхто нічога не прапануе”.
Фота: з сайта Onliner.by і сацыяльных сетак