"Калі чалавек на тэставанні мае 10 са 100, ён у прозвішчы сваім памылку зробіць"
Сталі вядомыя тыя балы, якія неабходна набраць на тэставанні, каб паступіць ва ўніверсітэт. Па рускай і беларускай мовах, калі гэтыя прадметы профільныя, напрыклад, вы ідзяце на філалагічны факультэт, трэба мець мінімум 20 балаў са 100. Калі прадметы не профільныя — 10 балаў. Калі матэматыка, хімія, біялогія не профільныя прадметы, дастаткова 10 балаў. З мінулага года гэтыя балы не змяніліся, нягледзячы на крытыку.
Ці хапае такіх вынікаў, каб пасля вучыцца нармальна, разважаем з выкладчыкам паліталогіі з Эканамічнага ўніверсітэта Аляксеем Івановым і кандыдатам фізіка-матэматычных навук, загадчыкам кафедры ў Тэхналагічным універсітэце Сяргеем Вятохіным.
Слухаць тут:
Прапануем лепшыя цытаты з размовы:
Аб прахадных балах
Аляксей Іваноў: “Гэтыя парогі нікога не адсейваюць. Конкурсаў у ВНУ фактычна няма. У нас на факультэт эканамічных адносінаў у эканамічным універсітэце 1,2 чалавека на месца”.
Сяргей Вятохін: “Сённяшняя сістэма масавай вышэйшай адукацыі прызваная ахапіць усіх, хто хоча вучыцца. А задача выкладчыкаў і ўстаноў адукацыі — гэта забяспечыць”.
Аляксей Іваноў: “Паступаюць сёння тыя, хто можа. Бывае сітуацыя, што ў групе сядзіць той, хто набраў 360 балаў, і той, у каго 120 балаў. У выкладчыка задача, ці то працаваць з тымі, хто шмат ведае, ці падцягваць тых, у каго было мала гэтых ведаў. І, хутчэй, мы губляем зацікаўленых людзей, але даём масавую адукацыю”.
Пра індывідуальны падыход
Сяргей Вятохін: “Нельга вучыць аднолькава людзей, у каго балы адрозніваюцца ўдвая. Патрэбныя розныя падыходы”.
Аляксей Іваноў: “Выкладчык не разарвецца, ён будзе працаваць з тымі, хто ведае найменш. Але выкладчык універсітэта не павінен аднаўляць веды, якія студэнт недаатрымаў у школе”.
Аляксей Іваноў: “Для гуманітарыяў варта зрабіць вусны іспыт па спецыяльнасці. Бо на гістфаку трэба ўмець размаўляць. Парог трэба павышаць, бо калі тэставанне ўводзілі, мінімальны бал быў 31 са 100. А цяпер, ну што такое, 9-10 балаў? Чалавек сваё прозвішча будзе пісаць з памылкамі”.
Пра падрыхтоўку у школе
Аляксей Іваноў: “І падрыхтоўка педагогаў не вельмі добрая. Бывае, з педагагічных ВНУ выходзяць людзі, якія слаба валодаюць прадметам”.