Калі пешаход знянацку выскачыў на дарогу, на кім будзе віна за аварыю?

Калі пешаход знянацку выскачыў на дарогу, на кім будзе віна за аварыю?

Вялікага шуму ў Мінску нарабіла аварыя на Лагойскім тракце, калі жанчына выбегла на дарогу на чырвонае святло і справакавала сутыкненне “Сітраэна” і “Рэно”. Кіроўца “Сітраэна”, каб не збіць яе, перастроіўся са сваёй паласы і экстранна затармазіў. Кіроўца “Рэно” не паспеў зрэагаваць на гэты манеўр.

Адны паспяшаліся ўскласці віну за аварыю на кіроўцаў, іншыя — на пешахода, якая паспела збегчы з месца ДТЗ. Як яно было насамрэч, пакажа экспертыза. А пра тое, якая агульная практыка ў такой сітуацыі, Еўрарадыё запыталася ў адваката Сяргея Іванова.

“Згодна з правіламі, а менавіта з пунктам 87.2 ПДР, кіроўца, ўбачыўшы перашкоду на сваёй паласе руху, павінен прыняць тэрміновыя меры да зніжэння хуткасці транспартнага сродку аж да поўнага спынення. Іншае пытанне: калі б ён пачаў тармазіць з таго моманту, калі ўзнікла небяспека, ці меў бы ён тэхнічную магчымасць спыніцца? Вось на гэтае пытанне павінны адказаць супрацоўнікі ДАІ, якія праводзяць праверку [абставін аварыі на Лагойскім тракце]”.

Еўрарадыё: Даволі шмат здарэнняў адбываецца, калі кіроўцы пачынаюць тармазіць, але ўсё адно збіваюць пешаходаў. Кіроўцу ў такім выпадку вельмі часта прыцягваюць да крымінальнай адказнасці.

Калі пешаход знянацку выскачыў на дарогу, на кім будзе віна за аварыю?

Сяргей Іваноў: Я не хачу абагульняць, бо тут мы маем выпадак з канкрэтным дарожна-транспартным здарэннем. Але ў ПДР ёсць такі пункт, у якім напісана, што пры набліжэнні да пешаходнага перахода кіроўца павінен выбраць такую хуткасць, якая дазволіць яму спыніцца пры з’яўленні пешахода. Якая гэта павінна быць хуткасць, у правілах не напісана. Да гэтага пункту правілаў можна прычапіцца — пры жаданні. Так што, тут немагчыма нешта ацэньваць да таго, як ДАІ скончыць праверку.

Еўрарадыё: Дык ці ёсць увогуле шанец у кіроўцы выйсці сухім з падобнага здарэння?

Сяргей Іваноў: У КоАП ёсць артыкул, у якім гаворка вядзецца пра “крайнюю неабходнасць”. Пра што мы кажам: калі ў дадзеным выпадку кіроўца, парушаючы ПДР, прадухіляў шкоду — большую, чым ён прычыніў у рэчаіснасці, дык ён не нясе адказнасці.

Што мы маем у дадзеным выпадку? “Сітраэн” перастройваўся з другой паласы ў трэцюю, таму што спрабаваў пазбегнуць наезду на пешахода. З улікам гэтых абставін, можна казаць, што кіроўца знаходзіўся ў стане крайняй неабходнасці.

Што тычыцца кіроўцы “Рэно”, падчас дазнання следчыя павінны праверыць, ці меў ён з моманту, калі “Сітраэн” пачаў уязджаць на яго паласу, тэхнічную магчымасць спыніцца. Калі не меў (а, хутчэй за ўсё, не меў), дык тады ён таксама невінаваты ў гэтым ДТЗ.

Калі пешаход знянацку выскачыў на дарогу, на кім будзе віна за аварыю?
Фота: newsbel.by

Яшчэ адно пытанне: ці меў магчымасць кіроўца “Сітраэна”, заўважыўшы пешахода, затармазіць, не перастройваючыся на іншую паласу? Трэба, каб орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, знайшоў адказ на гэтае пытанне. Калі не меў — да яго аніякіх прэтэнзій быць не можа.

Еўрарадыё: А хто ў такім выпадку застанецца вінаватым у аварыі?

Сяргей Іваноў: Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, трэба мець на руках вынікі экспертыз, пра якія я казаў вышэй. Калі будзе выяўлена, што ні адзін кіроўца не меў тэхнічнай магчымасці затармазіць, тады вінаватым у ДТЗ трэба лічыць пешахода. Калі ж нехта з іх такую магчымасць меў, але не ўжыў манёўр тэрміновага тармажэння, да яго ўзнікнуць пытанні.

Еўрарадыё: Як пасля ДТЗ павінен дзейнічаць кіроўца? І вось у гэтым выпадку, ці меў ён права неяк затрымаць гэтую жанчыну?

Сяргей Іваноў: У кіроўцы няма абавязку затрымліваць кагосьці. Ён меў права яе затрымаць. У адміністрацыйным працэсе ёсць такі момант, як затрыманне асобы, якая здзейсніла правапарушэнне. Гэта могуць рабіць не толькі міліцыянты ці супрацоўнікі ДАІ, але і звычайныя грамадзяне, якія сталі відавочцамі супрацьпраўных дзеянняў. Але, паколькі кіроўца не затрымаў парушальніцу, цяпер узнікае пытанне, хто яна і як яе шукаць.

Еўрарадыё: Ці былі ў вашай практыцы разбіральніцтвы па падобных выпадках?

Сяргей Іваноў: У мяне багатая практыка па ДТЗ, і калі мы кажам пра канфлікт паміж пешаходам і кіроўцам, дык такая сітуацыя вельмі распаўсюджаная. Асабліва на пешаходных пераходах. Яна ўзнікае, галоўным чынам, якраз праз хуткасць пры пад’ездзе да пешаходнага пераходу. Пешаход можа знянацку выскачыць з-за нейкай перашкоды, можа доўга стаяць, а потым раптам рушыць на пераход, калі кіроўца ўжо не будзе паспяваць затармазіць. Можа быць велізарная колькасць сітуацый. Нават падобных крымінальных спраў нямала. Праблема ў тым, што калі нейкая сітуацыя адбылася на пешаходным пераходзе, дык амаль заўсёды адразу кажуць, што вінаваты кіроўца. Гэта дрэнна, вядома. Так быць не павінна. Сітуацыю трэба разглядаць з абодвух бакоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі