"Калі такія людзі адыходзяць, наступае змрок": некралог Барысу Луцэнку
Рэжысёр Барыс Луцэнка / moyby.com
7 лютага ў 13:30 у тэатры імя Горкага ў Мінску пройдзе развітанне з Барысам Луцэнкам. Пра рэжысёра гавораць як пра "супярэчлівага чалавека" "на сваёй хвалі". Але ва ўсіх, з кім удалося пагутарыць Еўрарадыё, знайшліся цёплыя ўспаміны пра майстра.
Ён жыў, пакуль ствараў і ставіў п'есы
Заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чакерэс успамінае, як у 1997 годзе, прыехаўшы ў Мінск з Украіны, прыйшоў уладкоўвацца на працу ў тэатр імя Горкага:
"На дзвярах вісела шыльда "галоўны рэжысёр". Я адчыніў іх і ўвайшоў у кабінет, які нагадваў музей: кнігі, віселі карціны. Кабінет быў працягам Барыса Іванавіча. Пасля рамонту нічога гэтага больш няма, там зусім іншая, я б сказаў, выпусташаная атмасфера".
Усё роўна заставаўся Моцартам
Загадчык музычнай часткі тэатра Аляксей Еранькоў ведаў Барыса Луцэнку з 1992 года, яны шмат зрабілі разам.
"Барыс Іванавіч заўсёды казаў: "Напэўна, там таксама ёсць тэатр, і я абавязкова там таксама буду рэжысёрам", — успамінае ён словы калегі-нябожчыка. — Яго смерць мяне ашаламіла. Гэта глыба, і не толькі ў беларускай культурнай прасторы. Гэта сапраўды чалавек-наватар, які заклаў у тэатр столькі сваёй энергетыкі, шмат у чым дзякуючы якой мы і сёння ідзём наперад. Гэта самае галоўнае. Можна чагосьці дасягаць, але тэатральная справа будзе заставацца пры гэтым на месцы.
На аўтарытэты не глядзеў і дамагаўся свайго
Драматург і сцэнарыст Аляксей Дудараў успамінае, як працаваў з Барысам Луцэнкам над спектаклем "У прыцемках", дзе ў адной з галоўных роляў іграў Расціслаў Янкоўскі.
“Пасля таго, як толькі з’явілася ідэя спектакля, мы адпачывалі разам недзе пад Адэсай. Я памятаю, як ішлі ўздоўж мора, разважалі, Барыс Іванавіч нешта прапаноўваў. Ён заўсёды нешта прапаноўваў! Нешта гаварыў! Нешта будаваў!.. Шмат размаўлялі. Мы блізкімі сябрамі не былі, але тое, што мне давялося з ім працаваць, гэта для мяне вялікае шчасце.
Ён на аўтарытэты не глядзеў і дамагаўся свайго. І калі не атрымлівалася дамовіцца з аўтарам, ён рабіў гэта ў спектаклях як рэжысёр. Праўда, ён вельмі далікатна ставіўся да слова, да таго, што аўтар гаворыць і думае".
Дудараў кажа, што “ўявіць беларускі тэатр без Барыса Луцэнкі — тое самае, як уявіць яго без Стэфаніі Станюты, без Валерыя Раеўскага [тэатральны рэжысёр, народны артыст Беларусі; памёр у 2011 годзе. — Еўрарадыё], без Лідзіі Ржэцкай [беларуская акторка, больш за 50 гадоў іграла на сцэне Купалаўскага тэатра. — Еўрарадыё], без Расціслава Янкоўскага”. “Я магу пералічваць бясконца. Ну немагчыма гэта проста. Гэта людзі, якія не толькі займалі сваю нішу, не толькі працавалі ў сваім цэху, яны піхалі, уздымалі наверх наша беларускае мастацтва. Раеўскі і Луцэнка — гэта адно пакаленне. І я шчаслівы, што і з адным, і з другім мне давялося папрацаваць. Сыходзіць эпоха. Але тут можа быць і сум, і радасць ад таго, што яна была”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.