Калінінград: беларускае малако — 100 рублёў, мясцовае — 40
Наша малако ў Калінінградзе даражэе хутчэй, чым у Мінску.
"Беларусь заўсёды падстаўляла плячо нашым родным братам у Калінінградскай вобласці. Узаемадзеянне Беларусі і Калінінградскай вобласці вылучаецца інтэнсіўнасцю ва ўсіх сферах. Пачынаючы з 2010 года двухбаковы таваразварот стабільна расце", — кажа Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам Калінінградскай вобласці.
Але высвятляецца, што беларускія тавары не вельмі канкурэнтаздольныя там, а цяпер, пасля падзення расійскага рубля, ад некаторых паставак увогуле пачалі адмаўляцца. Пра гэта Еўрарадыё расказалі ў калінінградскай гандлёвай сетцы "Сям'я".
"Мы самі наўпрост не працуем. Мы працуем праз дыстрыб'ютара. Першы — Мінскі малочны камбінат, сыры — гэта Бярозаўскі, працавалі са Слонімскім мясакамбінатам. Штотыдзень, як новая пастаўка, у нас змяняюцца цэны. Вышэйшыя і вышэйшыя. Таму мы часова перасталі працаваць".
З мясам у калінінградцаў няма вялікага дэфіцыту. У вобласці 250 сваіх мясакамбінатаў. Яны даюць лепшыя ўмовы.
"Цану недзе працэнтаў на 20 ніжэйшую нашы могуць даваць. Зараз патлумачу, чаму. Мы можам працаваць без ПДВ. Праз мяжу правозяць, натуральна, з ПДВ. Плюс мы праблем не ведаем. У нас усе мясакамбінаты забіраюць 100 працэнтаў звароту".
Паколькі беларускія мясакамбінаты не забіраюць 100 працэнтаў звароту, тут гандляры нясуць свае страты, якія таксама закладаюцца ў цану.
Беларускага малака прадаюць усё меней, бо мясцовае таннейшае. Цэны на беларускія сыр і малако растуць з кожнай пастаўкай. На мясцовыя прадукты цэны выраслі толькі аднойчы за ўвесь час расійскага крызісу — на 8-10 працэнтаў. Беларускія тавары за гэты час падаражэлі больш чым на 18 працэнтаў.
"Усё менш і менш. Цяпер малако каля 100 рублёў за літр пастэрызаванае калі мы кажам пра 6%. "Домик в деревне" ці “Савушкін прадукт”. Гэта вельмі дорага. А малако пастэрызаванае таннае — да 40 рублёў за літр. Крамы ў нас каля дома. І ў нас такія пакупнікі, якія ходзяць за малаком штодзень. Які ім сэнс за пастэрызаванае малако пераплачваць?"
Рэч у тым, што беларускае малако доўга захоўваецца, але пакупнікі ўсё больш набываюць малака з меншым тэрмінам прыдатнасці ад мясцовых вытворцаў, бо яно таннейшае і доўга не ляжыць. Варта адзначыць, што малако ад іншых расійскіх вытворцаў параўнальнае па цане з беларускім.
Але беларускае малако ў Калінінградзе цяпер даражэйшае, чым у Мінску. Яшчэ два месяцы таму беларускае малако ў Калінінградзе каштавала 52 расійскія рублі (13 900 беларускіх рублёў), цяпер каштуе 100 расійскіх (22 тысячы). Мясцовае малако каштавала 32 расійскія (8 500), а цяпер 40 расійскіх (8 800).
Бярозаўскі сыр у Калінінград, падавалася б, было прасцей везці наўпрост з Бярозы. Але возяць праз Маскву, бо маскоўскі пастаўшчык прапануе больш выгадныя умовы, чым беларускае прадпрыемства. На той жа самы сыр.
"Мы бярэм у Маскве бярозаўскія сыры, а не наўпрост. Калі мне беларускія сябры адмаўляюць. Кажуць, патрэбная перадаплата. Чакайце цэлы месяц, калі яны ў нас зварацца-саспеюць. Мне гэта нецікава ўвогуле. У Маскве “Тэрыес” мне дае больш цікавыя цэны, і я сёння замовіла, а праз два дні ўжо машына грузіцца. І адтэрміноўку мы там маем, і цана цікавая. Як мы толькі не спрабавалі працаваць, але нам казалі — гэта перадаплата, трэба чакаць месяц, асартымент абмежаваны, цэны нецікавыя. Мы б, канечне, наўпрост працавалі".