Канцэрт Агуціна і сафары. Як і дзе адпачываюць прапагандысты і чыноўнікі
Дзе адпачываюць праўладныя беларусы?
Лета ў самым разгары, а гэта значыць, што ўсе сабраліся ў адпачынак. У тым ліку і рознага кшталту "ябацькі" — ад прапагандыстаў і праўладных артыстаў да чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў.
Еўрарадыё пагартала іх сацыяльныя сеткі і даведалася, як і дзе яны сёлета адпачываюць.
Кацярына Забянько без мужа (ужо былога?)
Вядоўца праграмы "Вялікі горад" і адна з самых вядомых персонаў СТВ 42-гадовая Кацярына Забянько, мяркуючы з акаўнту ў Instagram, у пачатку ліпеня разам з сынам правяла летні адпачынак у турэцкім Кемеры.
Забянько напісала, што дзякуючы адной беларускай турфірме, якая арганізавала адпачынак, ёй "усё спадабалася". Дарэчы, у пачатку ліпеня "Комсомольская правда" пісала, што нядаўна Забянько развялася з мужам.
Ігар Тур у расійскай лодцы
Адзін з самых пазнавальных прапагандыстаў АНТ, 35-гадовы Ігар Тур свой адпачынак сёлета сумясціў з працай. Падчас чэрвеньскай камандзіроўкі ў Іркуцк Тур не прапусціў магчымасці паглядзець на возера Байкал і ацаніць мясцовыя прыгажосці на маторнай лодцы.
А ў траўні прапагандыст наведваў Баку. І нават пабываў у Нагорным Карабаху. Так сабе турызм, вядома.
Антон Малюта і Лідзія Заблоцкая — ад Берліна да Санкт-Пецярбурга
Прадстаўніца Беларусі на дзіцячым Еўрабачанні 2011 года Лідзія Заблоцкая ўжо больш за шэсць гадоў працуе ў Белтэлерадыёкампаніі. У асноўным здымае сюжэты пра культуру.
Нядаўна Заблоцкая разам са сваім хлопцам — Антонам Малютам (таксама журналістам БТ) адпачывала ў Берліне — пісала пра тое, што "ўзяла" горад і рабіла публікацыі ў такім духу. Пасля ўвагі незалежных медыя яна закрыла свой Instagram-акаўнт.
Мяркуючы са старонкі Малюты, зусім нядаўна пара адправілася ў Санкт-Пецярбург на канцэрт Леаніда Агуціна. Заблоцкая на відэа кажа, што пад адну з песняў Антон хацеў зрабіць ёй прапанову. Але, мабыць, так і не зрабіў. Ці Агуцін гэтую песню проста не праспяваў?
Дзіяна Шыбкоўская на "Залатым кальцы"
Шыбкоўская — прапагандыстка з "Мінскай праўды". Нядаўна выпусціла тэксты пра тое, чаму "беглым" нібыта дрэнна жывецца ў эміграцыі, і пра "біялабараторыі" ва Украіне. Актыўная прыхільніца "рускага свету".
І падарожнічаць Дзіяна любіць у Расію. Некалькі дзён таму Шыбковская апублікавала фотаздымкі з Масквы і Суздаля, рабіла здымкі на Волзе. Карацей, яна ў туры па "Залатым кальцы" Расіі.
Алег Гайдукевіч з тушонкай у намёце
Лідар беларускай ліберальна-дэмакратычнай партыі па замежжах сёлета не катаецца — адпачывае ў Беларусі. Апошняе, што палітык апублікаваў у сваім акаўнце, — гэта прагулка з сабакам.
А некалькі дзён таму ён наведваў дачку, якая займаецца ў спартыўным лагеры і жыве ў намёце. Гайдукевіч даў справаздачу, што падвёз ёй сродак ад камароў і, здаецца, некалькі слоікаў тушонкі.
Дар'я Рачко на Каўказе
21-гадовая прапагандыстка АТН Дар'я Рачко, нягледзячы на юны ўзрост, з'яўляецца аўтаркай і вядоўцай некалькіх палітычных праграм. У траўні Дар'я лётала адпачываць у Дагестан, і, мяркуючы з пастоў з Instagram, Каспійскае мора і мясцовая прырода ёй вельмі спадабаліся.
На шчасце для Рачко, яе паездка здарылася да гучных тэрактаў у гэтым рэгіёне.
Ірына Дарафеева ў далёкіх краях
Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева гэтым летам, здаецца, яшчэ не адпачывала.
Затое ўвесну праўладная спявачка пабывала на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна. "Цёплы ласкавы акіян, пясок пад нагамі і вецер у валасах... Як жа я ўсё гэта люблю!.." — пісала Дарафеева на сваёй старонцы ў Instagram.
Марыя Петрашко ў залатых пясках
Супрацоўніца Агенцтва тэлевізійных навін праславілася ў 2020 годзе, калі пачала весці на БТ сваю аўтарскую праграму. Падарожнічае Марыя амаль гэтак жа актыўна, як і працуе — у сакавіку гэтага года прапагандыстка разам са сваёй мамай адпачывала ў Дубаі.
"Любая лакацыя набывае найлепшую афарбоўка, калі ты са сваімі блізкімі", — пісала Петрашко на сваёй асабістай старонцы. А леташні летні адпачынак Марыя правяла на Кубе.
Ксенія Лебедзева гуляе па мячэцях
Вядоўца БТ і аматарка інтэрв'ю з палітвязнямі Ксенія Лебедзева таксама стала вядомай у 2020 годзе. Скарыстаць летні адпачынак прапагандыстка яшчэ не паспела. Затое зімой з'ездзіла ў тур па мусульманскіх краінах.
У прыватнасці, адправілася на сафары ў пустыню, адпачыла на пляжы ў Дубаі, прагулялася вуліцамі сталіцы Бахрэйна — Манамы — і зазірнула ў мячэць у катарскай Досе.
Юльяна Леановіч на аўдыенцыі ў Папы
Журналістка "СБ. Беларусь сёння" Юльяна Леановіч у асноўным піша пра культуру, але вядомая і камплементарнымі інтэрв'ю з прапагандыстамі. Напрыклад, з Маратам Маркавым і Аленай Сыровай. Яна любіць пытацца суразмоўцаў пра 2020 год і падкрэсліваць, як жа правільна тады павялі сябе ўлады.
У сярэдзіне чэрвеня Леановіч здзейсніла падарожжа не куды-небудзь, а ў недружалюбную Беларусі краіну — Італію. Рым яна апісала як "край цудаў і антычнасці, піцы і апероля, крыкаў чаек і эталонна прыгожых людзей". А ад аўдыенцыі ў Папы Рымскага яна "засталася ў абсалютным захапленні". Ці ведаў Францішак I, каго прымае? Такія вось "рымскія вакацыі" прапагандысткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.