Карыстальнікі Twitter прагаласавалі за адстаўку Маска
Ілан Маск / Heisenberg Media
Новы ўладальнік Twitter Ілан Маск спытаў карыстальнікаў сацсеткі, ці варта яму пакінуць пасаду. Большасць удзельнікаў галасавання выказаліся за адстаўку Маска. У яго ў "Твітар" больш за 120 млн фолавераў, і больш за палову лічаць, што яму варта сысці з пасады выканаўчага дырэктара кампаніі, якую Маск купіў сёлета за 44 млрд долараў, нагадвае ВВС.
Гэта не першае апытанне, якое Маск праводзіць пасля куплі кампаніі. Так, напрыклад, ён пытаўся, ці варта яму разблакаваць акаўнт Дональда Трампа. Большасць удзельнікаў прагаласавалі за, і Трампа вярнулі ў Twitter.
Што Маск зробіць па выніках гэтага апытання, пакуль незразумела, сам ён не каментаваў вынікі. Зрэшты, нават калі ён пакіне пасаду выканаўчага дырэктара, ён усё роўна застанецца ўладальнікам Twitter.
Экс-супрацоўнік Twitter у каментары для ВВС выказаў здагадку, што ціск на Маска насамрэч аказваюць інвестары. А сам бізнесмен толькі выкарыстоўвае апытанне, каб стварыць уражанне, быццам ён "кіруецца воляй народа, а не воляй тых, хто аплачвае яго рахункі".
Зрэшты, адзін з буйных бізнесменаў, заснавальнік крыптавалютной біржы Binance Чанпэн Чжао, якога лічаць адным з інвестараў Маска, за некалькі хвілін да закрыцця апытання сказаў, што Ілану не варта сыходзіць у адстаўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.