Каваль з МТЗ спытаўся б у Лукашэнкі пра бабло, фрэзероўшчык — пра здароўе

Не паспеў Аляксандр Лукашэнка наведаць Мінскі трактарны завод, а беларусы ўжо прыкладна ведаюць, як гэта пройдзе. Па тэлебачанні рабочыя раскажуць пра сустрэчу. Кіраўнік краіны распавядзе пра сітуацыю ў краіне і, можа быць, раскрытыкуе кіраўніцтва завода за тое, што не ўмеюць эфектыўна збываць прадукцыю.

Цікава, што рабочыя МТЗ думаюць напярэдадні візіту. Выпраўляемся на прахадную завода, каб распытаць пра заробкі, ці адбываюцца на прадпрыемстве нейкія змены і што б рабочыя сказалі кіраўніку Беларусі ў шчырай гутарцы.

На гадзінніку 23.35, першыя людзі пакідаюць прадпрыемства пасля змены.

Ля ўсходняй прахадной звычайная беларуская жанчына перадпенсійнага ўзросту глядзіць на дыктафон, як на гранату, і адразу ж пасылае ў “Белы дом”, як тут называюць адміністрацыю. Пры гэтым кажа, што на МТЗ “усё добра”.

У нас, як і ва ўсёй краіне, стабільнасць. Ніякіх зменаў. Ні туды, ні сюды”, — далучаецца да гутаркі яшчэ адна работніца завода. Тут жа абедзве калегі даюцца ўподбежкі на прыпынак. Тралейбусу яны, відавочна, узрадаваліся.

Выпраўляемся на цэнтральную прахадную. У 23.45 сотні рабочых пакідаюць адсюль свае працоўныя сцены. Супрацоўнік рамонтных службаў Дзмітрый, мужчына гадоў 50, кажа, што зарплата ў яго падраздзяленні “350 долараў максімум”. У адрозненне ад папярэдніх работніц, ён не бачыць для МТЗ пазітыўнай будучыні.

Тэхніка саступае канкурэнтам, дрэнная якасць зборкі! Завод трэба закрыць і ўсё. Спыніць. Ці перабраць кадры. Прыбраць старых з вярхушкі, каб прыйшла моладзь з новымі ідэямі…”

Многія завадчане з недаверам глядзяць на журналіста і просяць службовае пасведчанне. Але і пасля гэтага не жадаюць размаўляць. Зрэшты мужчына гадоў 35, які называе сябе “невялікім начальнікам”, прызнаецца, што зарабляе ў межах 5-6 мільёнаў.

Да лепшага нічога не змянілася. Збыту ніякага. Калі ў некага сям’я-дзеці, то гэта ўвогуле… І гэта зарплата не мяняецца цягам апошніх двух гадоў, — наракае “невялікі начальнік“. — Тут любы пайшоў бы на іншае прадпрыемства, калі б была лепшая зарплата і, як кажуць, пакет паслугаў”.

Ля ўваходу ў метро падыходзім да рабочага сярэдняга веку. Той пераконвае, што да прэзідэнта яго дакладна не пусцяць, але спрабуе сфармуляваць сваё да яго пытанне:

Як і ўсе, я перажываў бы: што нас чакае ў далейшым. Таму што цяпер ніякай стабільнасці, народ звальняецца, трактары не прадаюцца. Хоць якасць прадукцыі нармальная для нашага рэгіёна, з немцамі мы ж не канкуруем”.

Трактар "Беларус", які выкарыстоўваюць у "Мінскзелянбудзе"

Заробкі на такім буйным прадпрыемстве, як МТЗ, відавочна адрозніваюцца. Супрацоўніца, якая “збірае дэталі для галоўнага канвеера” запэўнівае, што мае каля 4 мільёнаў у месяц, але апісвае гэту суму словамі “плацяць нармальна”. Адзін з рамонтнікаў сярэдняга веку называе прыкладную зарплату па яго падраздзяленні — 6 мільёнаў. А размаўляць з прэзідэнтам ён бы не стаў, бо не верыць у такую магчымасць. Ды і сітуацыя, на яго думку, у апошнія часы не змянілася ні ў лепшы, ні ў горшы бок.

“Звычайны фрэзероўшчык”, які адпрацаваў за заводзе 35 гадоў, свае прыбыткі называе камерцыйнай таямніцай, але выказваецца, што сярэдні заробак па яго падраздзяленні каля 7,5 мільёна.

Як было раней, так і засталося. Заробак, можна сказаць, сярэдні, нармальны. Але не такі моцны, як на некаторых заводах. Гэта я вам дакладна кажу”.

Фрэзероўшчык таксама не верыць, што атрымае магчымасць жыўцом пабачыць Аляксандра Лукашэнку. А каб такая неспадзяванка здарылася, пацікавіўся б пра здароўе і справы.

А што яшчэ ў яго спытацца? Работа ж залежыць ад мяне”.

Самымі гаваркімі аказаліся кавалі, якія пасля змены засталіся папіць піўка на алеі за пераходам метро. Рабочым з выгляду ад 40 да 50 год.

Жо.а”, — лаканічна апісвае сваё бачанне сітуацыі на МТЗ Дзмітрый.

Поўная”, — дадае нехта з яго сяброў.

Некалі зарплата была 1000 долараў. Гэта да бабкі не хадзі! — не стрымліваецца і каваль Мікалай. — А сёння зарабляем па 4, 6 ад сілы 7 мільёнаў. Людзі гробяць здароўе, а грошай няма”.

Апроч нізкіх зарплат суразмоўцаў Еўрарадыё абурае тое, што ў 2009 годзе ў іх шкодным падраздзяленні прыбралі так званую “гарачую сетку”. На пенсію пасля 10 год такой працы можна было ісці ў 50, а не ў 60. Сёння ж кавалі ў роўных умовах з іншымі.

Ты трымаеш дыктафон, а я за дзень на лёгкай лініі перацягваю сам пяць тон металу, — з колкасцю ў голасе распісвае Мікалай. — Гружу, выгружаю, пацею, мокну… Стаю, у акаліне ўвесь, печы ж гараць. Дыхаю копаццю, пылам. А мушу рабіць гэта. Каб прыносіць грошы дадому, хоць дворнікам ужо плацяць больш. А гарачую сетку прыбралі, напэўна лічаць, што ў нас на заводзе добрая экалогія”.

У той жа час, як ні дзіўна, кавалі гатовы трымацца за сваю працу, бо не могуць знайсці лепшай. Мужчыны, напрыклад, не пагадзіліся б на варыянт, каб МТЗ купілі кітайцы (гутарка адбывалася праз пару дзён пасля таго, як у краіну адбыўся візіт дэлегацыі з Паднябеснай).

Адзін кітаец будзе за некалькіх чалавек працаваць за мільён. Ці аўтаматы паставяць, а мы будзем па-за гульнёй. Вось і ўся песня”, — разважаюць мужчыны.

Што тычыцца пытанняў прэзідэнту, кавалі толькі пасмяяліся. Пабачыць Аляксандра Лукашэнку жыўцом яны і не спадзяюцца. Але калі б такое здарылася…

Бабло, — паказвае Дзмітрый характэрны жэст пальцамі. — Вось пра што трэба пытацца”. 

Фота Еўрарадыё, "Альтэрнатывы" і з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі