Кнігі кшталту “Кіеў капут” у цэнтральнай кнігарні набываюць амаль штодзень
Камісія па экстрэмізме пра іх нічога не чула, але гатовая даць ім ацэнку па першым патрабаванні.
У Цэнтральнай кнігарні Мінска прадаецца расійская літаратура, якая апісвае і характарызуе ваенны канфлікт ва Украіне ды мінулагоднюю рэвалюцыю. Назвы выданняў больш чым красамоўныя: “Генацыд рускіх на Украіне”, “Украіна — вечная Руіна. Гапак на крыві”, “Радыкальная дактрына Наваросіі”, “Кіеў капут” і далей ў такім жа стылі.
“У нас людзі даволі шмат чытаюць, таму тыя, хто цікавіцца палітыкай і гэтым пытаннем, іх набываюць, — распавядае прадавачка аддзелу. — Я не магу вам сказаць дакладна, колькі іх прадаецца, але прадаюцца яны рэгулярна, амаль штодзень”.
Цікава, што прадстаўлены толькі расійскі погляд на канфлікт. На пытанне, ці ёсць што-небудзь украінскага выдання, прадавачка губляецца, маўляў “палітыкай я ўвогуле не цікаўлюся, таму не ведаю, што вам параіць”. Не ведае дзяўчына і ці праходзілі гэтыя кнігі беларускае цэнзураванне.
“Ну, мне падаецца, што ўсё ж такі ў Расіі ім нейкую ацэнку даюць перад тым, як выдаць, — відавочна не разумее, навошта размяжоўваць цэнзуру ў Расіі і Беларусі. — Мне падаецца, што любая кніга перад выданнем праходзіць нейкі цэнз”.
Адміністратар Кнігарні наадрэз адмаўляецца каментаваць наяўнасць гэтых кнігаў у продажы. Спачатку яна кажа, што ёй хапіла скандалу з выявамі Сталіна на магніціках, а потым дадае, што плануе ўвогуле гэтыя кнігі вяртаць…
“Я не хачу каментаваць гэтыя вострыя куты, — адразае адміністратар і тлумачыць. — Мы працуем з выдавецтвамі, якія нам паведамляюць пра свае навінкі. Мы іх замаўляем і, калі ёсць попыт, то бярэм яшчэ, калі няма — вяртаем пастаўшчыку. Гэтыя кнігі значным попытам не карыстаюцца. Таму я не хачу іх каментаваць, няхай каментуюць выдавецтвы. Мы паспрабавалі, але нашаму пакупніку яны не патрэбныя”.
Што ж такое вялікі попыт, калі амаль штодзённая рэалізацыя лічыцца “нязначнай”, даведацца Еўрарадыё так і не здолела. Незразумелым засталося і калі гэтыя кнігі будуць вернутыя пастаўшчыкам. Цэнтральная мінская кнігарня атрымалася самым сур’ёзным распаўсюднікам “літаратуры Наваросіі”. Іншыя кнігарні ў цэнтры Мінска, якія наведала Еўрарадыё, прапануюць кнігі з менш гучнымі назвамі (“Пуцін назаўсёды”, “Разрыў шаблонаў”) і іх асартымент не перавышае два-тры выданні.
“У нас было шмат літаратуры рэлігійнага кшталту, але па Украіне адназначна нічога не было, — каментуе старшыня камісіі па экстрэмізме Ядвіга Яскевіч. — У нас жа такая працэдура: мы рэагуем толькі на тыя лісты і звароты грамадзян ды арганізацый, якія паступаюць у нашу камісію праз Міністэрства інфармацыі. Але такую літаратуру мы дакладна не разглядалі”.
То бок любы ахвочы можа напісаць ліст наўпрост на імя міністра інфармацыі з просьбай праверыць змест любой кнігі. Праўда, адміністрацыя Цэнтральнай кнігарні вырашыла не чакаць такіх зваротаў і, пакуль рыхтаваўся матэрыял, зняла вышэйзгаданую літаратуру з продажу.