Колькі будзе каштаваць бензін, гарэлка і цыгарэты ў наступным годзе?
Калі павышэнне, прапанаванае Мінфінам, адбудзецца, то толькі акцыз на гарэлку будзе каштаваць столькі, колькі цяпер каштуе пляшка.
Акцыз на спірт прапануюць падняць на 27% — з 29 100 да 37 000 за літр. Ці значыць гэта, што гарэлка стане даражэйшая на 8 тысяч? На прадпрыемстве "Мінсккрышталь" тлумачаць, што на кошт гарэлкі ўплывае шмат фактараў.
"Ёсць мінімальны кошт, які рэгулюе Мінфін, кошт ураджаю 2013 года, камплектацыі і выдаткі прадпрыемства, уключна з абслугоўваннем крэдытаў. Таму які будзе кошт, разлічыць зараз нельга".
Але кошт акцыза ў бутэльцы гарэлкі складае 20 900 рублёў, кажуць на прадпрыемстве. Таму можна падлічыць, што калі акцыз вырасце, то бутэлька стане даражэйшай тысяч на шэсць.
Падобная сітуацыя з півам і цыгарэтамі. Калі акцыз на піва вырасце з 5 800 да 6 400, то і літровая бутэлька стане даражэйшая на 600 рублёў. Але калі, напрыклад, сыравіна патаннее ці прадпрыемства зменшыць свой прыбытак, то можа нічога не зменіцца. Праўда, у такі варыянт верыцца менш.
Цяпер цыгарэты разбіваюцца на тры групы, прапануюць зрабіць толькі дзе — таннейшыя за 7 500 за пачак і даражэйшыя. Калі акцыз падымуць, то дарагія маркі могуць падняцца ў цане на 1300 рублёў. А сярэдняга кошту — прыблізна на 1700 рублёў.
Складаней за ўсё апынулася палічыць кошт на паліва. Да прыкладу, кошты на акцызы на дызель прапануюць падняць у два этапы — з 991 800 да 2 975 400 за тону. Ці значыць гэта, што кошт на літр дызеля вырасце амаль на 2 тысячы?
"Калі вы жывяце ў Беларусі, то павінны разумець, што гэта не прапарцыянальная залежнасць, — тлумачаць Еўрарадыё ў "Белнафтахіме". — Бывае так, што страты на ўнутраным рынку нафтаперапрацоўчыя заводы кампенсуюць за кошт экспарту. Залежыць ад кошту нафты, які змяняецца амаль штодзень. Улічваюць некаторыя іншыя фактары, сабекошт — рэч не пастаянная. Таксама ўлічваецца сацыяльная адказнасць у палітыцы змены коштаў".
Эканаміст Леанід Заіка прыводзіць цікавы факт: сырую нафту для ўнутранага спажывання Беларусь набывае за 380 долараў за тону, гэта прыблізна 3400 за літр. Таму кошт паліва, лічыць эксперт, не можа быць у Беларусі вышэйшым за 5 тысяч. Але любое падвышэнне акцызаў ці падаткаў павялічвае кошт паліва.
"У Беларусі ў кошце бензіна палова — гэта падаткі. Расія прадае па 380 долараў нафту, а тут мясцовы беларускі чыноўнік прапануе павялічыць кошты. Хто яго вучыў? Я 20 гадоў выкладаў у наргасе і цяпер шкадую, што мала двоек ставіў. Бо яны становяцца потым міністрамі і лухту нясуць. Гэта выклікае рост коштаў, якія будуць стымуляваць інфляцыю".
Эканаміст разважае, што за год да прэзідэнцкіх выбараў кошты павышаць палітычна небяспечна:
"Ужо была такая сітуацыя, калі кошты падымаліся, і былі пратэсты. Навошта гэта рабіць?"