Крама Adidas адмовіла ў працы беларускамоўнаму хлопцу
Блогер Ягор Тубелевіч апублікаваў у Твітары перапіску з патэнцыйным працадаўцам — мінскай крамай Adidas. Усё было добра, пакуль хлопец не сказаў, што ў жыцці карыстаецца беларускай мовай. Гэта стала нагодай для адмовы ў працы.
— Вы адмаўляеце ва ўладкаванні толькі таму, што чалавек выкарыстоўвае дзяржаўную мову? — перапытвае Тубелевіч.
– Усё дакладна зразумелі. Нічога супраць не маю, але ў наш магазін разгледзець вас не можам, — адказвае адміністратар крамы Анатоль Маісееў. Ён абсалютна ўпэўнены, што выкарыстанне беларускай мовы несумяшчальнае з працай у спартовых крамах Adidas.
Ці сапраўды пазіцыя брэнда заключаецца ў тым, каб не браць на працу беларускамоўных людзей?
Павел, кіраўнік рознічнага гандлю сеткі спартовых крам Adidas у Мінску, не змог пракаментаваць Еўрарадыё гэтае пытанне.
Павел: Не ведаю, вы нейкі рэзананс развялі. Я нават не паразмаўляў з адміністратарам крамы. Таму адказаць вам нічога не магу.
Еўрарадыё: Вы пацвярджаеце, што не бераце на працу беларускамоўных людзей?
Павел: Я вам такога не магу сказаць.
Еўрарадыё: То бок гэта была ініцыятыва чалавека, які размаўляў з хлопцам?
Павел: Можна я хаця б паразмаўляю з адміністратарам, каб даведацца яго пазіцыю? Я ж не магу за чалавека адказваць, што ў яго ў галаве было ў той момант.
Ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што ў дадзеным выпадку можна весці гаворку пра дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце.
“Гэта груба парушае Канстытуцыю, таму што ў Беларусі чалавек мае права размаўляць на дзвюх дзяржаўных мовах у любых умовах. Я б на месцы гэтага хлопца напісаў у пракуратуру, калі ёсць доказы. Гэтага чалавека [супрацоўніка крамы Adidas. — Еўрарадыё] пракурор можа нават аштрафаваць за знявагу адной з дзяржаўных моў”.