“Кватаранты пачынаюць здымаць адну кватэру на некалькі сямей!”
Услед за падзеннем рубля арэнда кватэр істотна падаражала. Ці пойдуць на саступкі гаспадары і ці чакаецца “масавае перасяленне народаў”?
Сяброўка Сняжана са знаёмай здымаюць “двушку” за 400 долараў на вуліцы Бельскага. Дом, мякка кажучы, не апартаменты класа “люкс”: смецце прыбіраецца рэдка, усе паштовыя скрыні зламаныя, а ў ліфт без процівагаза ніяк. Сустрэча з п’янымі кампаніямі — з’ява рэгулярная, нягледзячы на той факт, што ў гэтым жа доме размешчаны апорны пункт міліцыі.
“Прасілі гаспадыню знізіць цану, казалі, што гэта было б справядліва, бо курс вырас! Цяпер 400 долараў — гэта шэсць мільёнаў! Кажу гаспадыні, а яна стаіць, і быццам бы яе гэта не датычыць. Адказвае, што ёй трэба будавацца, і з яе будаўнікі таксама просяць долары. Буду шукаць танней!” — сяброўка ў адчаі: заробак не падняўся, а арэнда кватэры ў рублях вырасла на 1,7 мільёна! Калі раней яна абыходзілася ў 4,4 мільёна (400 долараў па курсе 11000 рублёў), то цяпер цана скокнула да 6 мільёнаў 120 тысяч! Цікава, што дзяўчаты жылі ў доме на Бельскага больш за два гады і былі з гаспадарамі ў добрых адносінах, а таму спадзяваліся на паразуменне.
Гаспадыня, якая здае кватэру каля “Мінск-Арэны”, хоча 550 долараў у месяц.
“Я здавала кватэру два разы, але перад Новым годам апошнія кватаранты з’ехалі. Дык у мяне арэнда ў параўнанні з тым часам яшчэ і знізілася! Было 650 долараў, потым 600, а цяпер здаю за 550! Можна ў рублях, я ж разумею, што праводзіць жыццё ў чэргах нікому не хочацца”, — “шчодрая” прапанова, нічога не скажаш. Асабліва калі ўлічваць, што 600 долараў (па 11000 рублёў) — гэта 6,6 мільёна, а 550 долараў па 15300 — 8,4!
Гаспадыня аднапакаёвай кватэры на Кіжаватава распісвае, што ў яе двары можна заўсёды знайсці месца для машыны, рамонт у кватэры зроблены і папярэднія жыльцы выселіліся. Жанчына хоча ціхіх плацежаздольных кватарантаў. За аднапакаёўку просіць 350 долараў, прычым выключна ў валюце — ніякіх рублёў!
“Пакуль долары ў абменніках ёсць, буду браць у доларах”, — жанчына настроеная рашуча. Яна, напэўна, не ведае, што каб набыць нават 100 долараў, каля абменніка трэба прастаяць гадзіну!
“Мне можна ў еўра яшчэ плаціць, — прапаноўвае Андрэй, гаспадар дзвюх кватэр на Багдановіча і Смалячкова, якія ён здае за 600 і 800 долараў адпаведна.
“А ў рублях можна?” — цікавімся ў яго.
“У расійскіх? А-а-а, у беларускіх! Калі так, дык толькі па курсе продажу банкамі, ніяк інакш”, — адказвае гаспадар.
Як высветлілася, зняць кватэру за рублі можна. І нават сустракаюцца адэкватныя гаспадары. Але цэны пакуль скідаюць не вельмі ахвотна.
Што адбываецца з цэнамі на арэнду жылля?
Намеснік начальніка аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці “Твая сталіца” Наталля Радзеня кажа, што з моманту падзення беларускага рубля адбылося і зніжэнне цэнаў арэнды прыкладна на 20%. Многія сем’і пачынаюць здымаць кватэры “ў складчыну” — па некалькі сем’яў на адну кватэру.
“Цэны знізіліся: да прыкладу, арэнда аднапакаёўкі цяпер пачынаецца ад 250 долараў, а двухпакаёўкі — ад 350. Гэта будуць кватэры звычайных спажывецкіх якасцяў. Цана аднапакаёвай кватэры з пралкай і іншай бытавой тэхнікай можа пачынаецца ад 300 долараў. Дыялог паміж гаспадарамі кватэр і кватарантамі ёсць, многія зніжаюць цану арэнды. Але знаходзяцца і такія гаспадары, якія не скідаюць ніяк, матывуючы аргументам “я так хачу”. Гэта не вельмі дальнабачна і разумна. Бо цяпер, можна сказаць, прапановы на рынку больш, чым попыту, у два разы. І далей сітуацыя будзе ісці на зніжэнне: курс долара вырас, а заробкі ў беларусаў засталіся як былі”.